Читать книгу «Дом для адзінай» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.
image

11

Цяжкаваты аказаўся першы год самастойнага жыцця для Міхалкі і Хрысціны. Напачатку даймала нішчымніца, аднак пачалі да іх суседзі наведвацца ды разгледзелі, якія прыгожыя парабіў Міхалка стол, суднік, ложак, услоны, зэдлікі, сталі звяртацца з просьбамі, каб і ім нешта змайстраваў, а за гэта плацілі хто кавалачкам сала, хто яйкамі, малаком для дзяцей. А яшчэ ж у кожнай гаспадарцы неабходныя цэбрык, бочка, карытца, маслабойка – усё гэта ўмеў зладзіць Міхалка. Праўда, даводзілася пакуль стругаць ды рэзаць у сенцах, а калі асабліва было холадна, тады ў хаце. Таму на лета задумаў сабе між іншымі справамі паставіць павець, таксама неабходна было зладзіць гумно, бо восенню не будзе дзе малаціць збожжа. Гаспадыня папярэдзіла, што зімой ёй спатрэбяцца кросны, каб саткаць палатно, бо адзенне пры чорнай працы дзярэцца хутка, а грошы зарабіць на крамнае няма дзе, таму трэба самім прасці ды ткаць. Усё ладзілася ў Міхалкі, сядзе каля парога, майструе нешта, спявае песню, пачутую некалі на вайне ад аднапалчан:

 
Сухой бы я корочкой питалась,
Воду б я холодную пила…
 

Хрысціна падцягвала за ім:

 
Табой бы, мой милый, любовалась
И век давольная была…
 

Спявалі і шчасліва ўсміхаліся адно аднаму, не страшныя ім ні безграшоўе, ні нішчымніца, ні цяжкая праца, якую рабіць і не перарабіць.

 
Сруби ты мне комнату уютну,
Где б век я могла коротать,
Приди ко мне хоть на минутку,
Тебя, мой милый, буду ждать.
 

Ужо і Калінка, калышучы брата, падхапіла тую песню, бо чула яе шмат разоў, нават маленькі Радзік падаў ціхі галасок. Выйшла жанчына на колькі хвілін у сенцы ўзяць бобу і замачыць, каб заўтра зварыць крышаны, а сямейнікі ўжо амаль даспявалі, апошні куплет застаўся. Міхалка і Хрысціна любілі гэтую песню, бо яна апавядала пра неразлучных закаханых, якія знайшлі адзін аднаго і не жадаюць, каб нехта ўплываў на іхні лёс. Яны былі перакананыя, што адолеюць усе нягоды. Так і атрымалася: своечасова засеялі соткі, перажылі касавіцу, сабралі ўраджай, праўда, хапіла Хрысціне працы на полі, бо ўсё трэба было палоць і не адзін раз. Міхалка пастараўся і да лістапада сплёў з лазы павець і гумно, атынкаваў глінай, накрыў дахам. Пашанцавала нават з падаткамі разлічыцца, праўда, сабе засталося толькі тое-сёе на насенне ды на сціплае харчаванне.

Пачынаўся 1929 год, які прынёс вялікія перамены. У лютым запрасілі ўсіх гаспадароў на сход у сельсавет, але з Міхалкам здарылася непрыемнасць, паехаў па дровы, угрэўся, а пасля трохі астыў і прастудзіўся, кашляў і адчуваў сябе блага, таму пайшла Хрысціна. Прынесла яна непрыемную вестку: начальства хоча стварыць калгас, так загадала партыя, прапаноўваюць уступаць усім вяскоўцам. Хто не ўступіць, тыя будуць называцца аднаасобнікамі, на іх ускладуць павялічаныя падаткі.

– Як яно будзе выглядаць, тое ўступленне? – спытаў Міхалка з печы, дзе выграваў сваю хваробу.

– Хочуць забраць у людзей усё: жывёлу, вупраж, плугі, хто што мае, і з гэтага зрабіць калектыўную гаспадарку.

– Вар’яцтва нейкае! Чалавек усё жыццё працаваў, а цяпер аддай задарма невядома каму! А куды яны тую жывёлу паставяць, што ў людзей забяруць? Куды падзенуць кароў, коней і авечак? Гэта ж якія хлявы трэба мець!

– Не ведаю, Міхалачка, толькі адчуваю, што нешта дрэннае насоўваецца на нас. Яны яшчэ казалі, што тыя, хто мае асабліва вялікую гаспадарку, будуць называцца кулакамі.

– Кулакамі? Во дзіва! А бедныя, выходзіць, – пальцы?

– Дык вось у гэтых кулакоў усё будуць забіраць, а іх з вёскі выганяць.

– Куды выганяць?

– Вывозіць у Сібір ці куды, дзе людзі не жывуць.

– Ад такіх навін самому немаведама куды ўцякаць хочацца.

Хрысціна скінула світку, развязала з галавы шэрую канаплянку, пагрэла рукі каля грубкі, падышла да сына, які спаў на кароткім дзіцячым ложку, з любасцю змайстраваным бацькам, спытала:

– Як тут наш маленькі?

– Пад’еў і спіць, – адказаў Міхалка.

– А Калінка як? А ты?

– Дачка таксама пагартала кніжкі і пайшла спаць, а я кашляю патроху. Цяжка ў грудзях. Думаў, прапацею – і ўсё пройдзе, а нешта нічога не дапамагае.

Міхалка хварэў, з цяжкасцю адсеяўся вясною. Не столькі працаваў, колькі ляжаў, сілы не было. Калі старшыня сельсавета Веня (высокі, з пышным светлым чубам) зайшоў да яго спытаць, чаму не ўступае ў калгас, Міхалка так і растлумачыў, што няма здароўя на сваіх сотках працаваць, дык які з яго будзе калгаснік.

– А што з табою здарылася? – спытаў Веня.

– Сам не ведаю. Нейкі кашаль бясконцы, слабасць, якое толькі зелле ні парыла Хрысціна, нічога не дапамагае.

– Чаго ты, цёмны чалавек, зелле парыш, едзь да доктара ў Холмеч, няхай лекі выпіша. Так і памерці можна.

– Я ўжо казала яму, – уставіла слова Хрысціна, – а ён упарціцца.

– Жонку іншы раз трэба слухаць, – заўважыў старшыня. – Заўтра зноў будзем сход збіраць, начальства прыедзе. Прыходзьце. І скажы сваім бацькам, каб у калгас уступалі. У іх сад, два кані, дзве каровы, дзве хаты – кулакі!

– Сапраўды могуць выгнаць з вёскі? – спытаў Міхалка.

– Не тое слова «выгнаць»! Вывязуць, куды Макар цялят не ганяў. Ні кала, ні двара з сабой не возьмеш, як на той свет. Хоць, кажуць, і там людзі неяк жывуць.

– Як жа так можна? Забраць у чалавека ўсё, што ён за жыццё набыў? Гэта ж проста рабаўніцтва нейкае!

– Барані цябе Бог, нікому не кажы такія словы, бо прыпішуць контррэвалюцыю і таксама павязуць да белых мядзведзяў.

– Сам казаў, цёмны я, не разумею, – азваўся Міхалка.

– Таму і тлумачу. Гэта лінія партыі. Людзі павінны жыць і сумесна працаваць у сацыялістычным калектыве, усё зробленае і заробленае дзяліць па-брацку! Уяўляеш, як усё цудоўна вымалёўваецца?

– Уяўляю, – адказаў гаспадар, а сам падумаў: «Ішоў бы ты на сухі лес са сваімі лініямі. Дадумаліся, сумесна працаваць, дзяліцца. Начальства сваімі заробкамі ні з кім дзяліцца не будзе, а з сялян пры ўсялякай уладзе скуру дзяруць…»

– Калі вы ўсё зразумелі, пайду цяпер да Архіпа, а вы бывайце здаровы, – развітаўся Веня і выйшаў.

Хрысціна праз акно прасачыла, як за Венем зачыніліся весніцы, уздыхнула і сказала:

– Чуў, што дзеецца? Казала я табе, што наспявае не лепшы час.

– Пажывём – пабачым.

– Міхалка, давай заўтра з’ездзім да доктара, можа, ён што параіць. Я цябе не вылечу.

– Паедзем, – пагадзіўся ён.

На другі дзень з самага ранку Міхалка з Хрысцінаю пакінулі гаспадарку і Радзіка на Калінку і паехалі ў мястэчка. Любіў гэтую дарогу Міхалка, асабліва падабалася яму высокая гара, на якой стаяў Холмеч, і вялізны роў, які прарэзала вада, што кожную вясну бегла з палёў у Дняпро. Казалі, некалі тут было замчышча. Сапраўды, вельмі прыдатная мясціна для замка. З аднаго боку – рака, з другога – натуральны роў, пастаў яшчэ сцены – і будзеш абаронены. Зямля па-вясноваму ўбіралася ў хараство, за парканамі цвілі вішні, абапал вуліцы паднялася маладая трава, прырода прагнула жыцця і красавання. У душу міжволі ўсялялася надзея на ўсё добрае ў будучыні.

Міхалка пайшоў у амбулаторыю, Хрысціна засталася сядзець на возе. На плошчы ўзвышалася царква, стаялі аднапавярховая крама і школа на два паверхі. Царкву зачынілі, яна не працавала, але Хрысціна перажагналася, пазіраючы на ўзнёслы і лёгкі будынак, памалілася, папрасіла Бога, каб памог ачуняць Міхалку. Пасля паклала руку на жывот і стала маліць Бога, каб ён даў здаровае дзіцятка, якое неўзабаве павінна было нарадзіцца. Слёзы выступілі на вачах жанчыны. Ёй здавалася вельмі несправядлівым тое, што якраз цяпер, калі яны займелі ўласнае жытло, новыя беды пагражаюць ім. Не ўтрымалася, каб не зазірнуць у краму. Агледзела вітрыны, дзе на шкле былі намаляваны мужчына ў чорным гарнітуры, белай сарочцы, жанчына ў квяцістай сукенцы і чырвонай хустцы. У памяшканні востра пахла селядцамі, гаспадарчым мылам і газаю. Усе гэтыя непрыемныя пахі былі ў нос, можа, з-за таго, што паветра тут занадта застаялася. На прылаўку ляжала некалькі сувояў паркалю і цёмнага корту, стаяў абутак. Хрысціна ўздыхнула і з болем падумала, што Калінка вырасла з тых чаравічкаў, якія ёй падарыў бацька, цяпер іх носіць Радзік, а дзяўчынцы з восені не будзе чаго абуць у школу. Ды і сама Хрысціна хадзіла ў такіх атопках, што, як казаў Міхалка, няма куды латкі ставіць. Але нават, каб і мела грошы, нічога не купіла б, патрэбны былі яшчэ талоны, якія выдавалі толькі начальству ды найлепшым працаўнікам. Аднаасобнікі і марыць не маглі пра дазвол купіць нешта ў краме. У другой палавіне памяшкання прадаваліся крупы, хлеб, цукеркі-падушачкі, бляшанкі з кансервамі. У Хрысціны грошай не было, хоць і хацелася парадаваць нечым смачным дзяцей, але разумела, што цяпер трэба думаць, за што Міхалку купіць лекі. Маладзіца вярнулася да воза, пагладзіла па шыі каня, акінула позіркам пустую плошчу, прайшлася трохі па вуліцы, чакала мужа. Неўзабаве вярнуўся Міхалка.

– Ну што? – нецярпліва спытала яна.

– Доктар сказаў, што ў мяне сухоты.

– А Божачкі! Што ж рабіць?

– Лекаў ад гэтай хваробы няма, толькі сонца, паветра і добрыя харчы. Там нейкі чалавек сядзеў, казаў, што яму барсучыны тлушч памагае, – патлумачыў Міхалка.

– Дзе ж той тлушч браць?

– Не ведаю, мо ў якіх паляўнічых. Трэба да сясцёр наведацца. Яны ў лесе жывуць.

– Божа мой, за што нам такая бяда?

– Мабыць, за тое, што былі занадта шчаслівыя.

– Хіба ж за гэта караюць?

– Бог зверху ўсё па-свойму бачыць. Хвароба гэтая заразная. Доктар сказаў, што цяпер я павінен мець сваю міску, лыжку, есці асобна і старацца не дыхаць на іншых, каб не перадаць нікому сухоты. Пара ехаць, нічога мы тут з табою не выстаім. Дома дзеці адны, а табе пад вечар на сход трэба.

– Можа, і ты пойдзеш?

– Нельга мне між людзьмі быць, заразны я, – адказаў Міхалка, тузануў лейцы, і конь рушыў у зваротны шлях.

Са сходу Хрысціна прынесла дрэнныя навіны:

– Архіпа будуць высяляць, бо ён кулак, летась наймаў баб капаць бульбу, малацілку мае і жыўнасці рознай шмат.

– Куды высяляць? – удакладніў Міхалка.

– Ніхто не ведае. Але маюць намер усё забраць і перадаць у калгас.

– Вось гэта ўлада! Спачатку самых багатых абабралі, цяпер за сялян узяліся.

– Калі твае бацькі не запішуцца ў калгас, іх таксама вывезуць. Папярэдзіў бы ты іх.

– Ці ж маці пераканаеш? Яна, мабыць, ніколі не пагодзіцца нешта аддаць.

– Дык забяруць жа гвалтам.

– Можа, толькі палохаюць?

– Надта сур’ёзна ўсё гэта казалася, неяк не да жартаў усім было. Чалавек дзесяць ужо запісаліся са страху.

Хрысціна назвала вяскоўцаў, які палічылі за лепшае ўступіць у калгас. Міхалка пасміхнуўся ў адказ:

– Дык гэтым няма чаго губляць, бедната беззямельная. Ім і ў калгас няма чаго аддаць, хіба апошнюю карову.

– Веня пра цябе пытаўся, калі ў калгас пойдзеш. Я сказала, што ў цябе дактары знайшлі сухоты, ён і змок, быццам страціў цікавасць.

– Дзіва што. Ведаюць, што з гэтаю хваробаю людзі доўга не жывуць.

– Ты будзеш жыць, Міхалка! Нельга, каб Бог забраў бацьку ў дзяцей. Хутка ж і трэцяе з’явіцца, – прамовіла Хрысціна, і вочы яе напоўніліся слязьмі.

– Не плач, мо яшчэ трохі пажыву, – усміхнуўся ён у адказ.