Міхалка выправіўся да бацькі, каб пагутарыць з ім і расказаць пра ўсё, што чула Хрысціна на сходзе. Няспешна пайшоў па гары, шчодра зазелянелай з майскім цяплом, нават на доле там-сям рассыпаліся дробныя рамонкі. Дняпро разлёгся шырока і вольна, заўсёды прыцягваў да сябе позірк, палоніў душу прыгажосцю. Забываліся ўсе горкія думкі, цяжкія прадчуванні, непазбежныя і нежаданыя перамены. Бацьку сустрэў нечакана. Той нёс з-пад гары такі агромністы пук лазы, які хіба толькі канём можна было вывезці.
– Добры дзень, тата, – павітаўся Міхалка, падаў руку.
Бацька скінуў пук з плячэй, паціснуў сынаву руку, аддыхаўся.
– Навошта такія вялізныя пукі носіш? Я спачатку падумаў, што нехта канём едзе.
– Па звычцы, сіла пакуль ёсць. Куды ты сабраўся?
– Да цябе ішоў, каб сказаць навіну. Ты ж учора не быў на сходзе?
– Чаго я пайду да тых галадранцаў? Няхай больш працуюць і меней языкамі мелюць, дык усё ў іх будзе.
– Новая ўлада жартаваць не будзе. Цябе таксама ў кулакі запісалі. Могуць усё забраць, а сям’ю вывезці за свет вочы.
– Чаго гэта раптам? – здзіўлена зірнуў Мірон на сына.
– Кажуць, такая лінія партыі: у сялян забраць усё, што маюць, і стварыць калгас, а калі хто з багацейшых заўпарціцца, дык тых будуць вывозіць у Сібір. Такія справы, тата.
– Якое ж у мяне багацце?
– Дзве каровы, два кані – у іхнім разуменні ўжо зашмат. Дзве хаты маеш: старую і новую. Адну тэрмінова трэба разбіраць, бо лепшую могуць забраць. Думай, тата, што рабіць мусіш.
– Старую хату разбяру, няма нічога лягчэйшага. Толькі мне цікава, мо і ты ў той калгас сабраўся?
– Калі б я і сабраўся, дык мяне не возьмуць, – адказаў Міхалка і закашляўся.
– Чаму гэта? – здзівіўся бацька.
– Сухоты ў мяне, тата, хвароба невылечная. Працаўнік я ніякі.
– Скуль ты ўзяў? – насцярожана спытаў Мірон.
– Учора ў доктара быў. Лекаў ад гэтай хваробы няма, кажуць, трохі барсучы тлушч памагае, а больш нічога.
– Як жа так выйшла? Дзе ж ты дастаў гэтую хваробу?
– Сам не ведаю. Зімою, калі дровы вазіў, быццам прастудзіўся, дык да гэтага часу кашаль не сціхае.
– Дык Аляксей наш таксама кіхікае, а мы і ўвагі не звяртаем.
– Завязіце яго да доктара, мусіць, і ён гэтую цацку зарабіў.
– Але дзе?
– Ці ты не помніш, колькі мы па людзях хадзілі, што елі, дзе начавалі, колькі ў халодных калодзежах сядзелі! Гэтая хвароба не ў адзін дзень выяўляецца, можа нават некалькі гадоў прайсці, а пасля пачне чалавек кроўю харкаць, як я цяпер.
– Што рабіць думаеш?
– Трэба шукаць барсучы тлушч. Да Хадоскі ці Гарпіны наведацца хачу, мо там які паляўнічы знойдзецца.
– Ведаеш, мы з маці збіраліся дачок праведаць, я сам распытаю там у людзей, што ды як. А ты мацуйся, сын, у цябе дзеці, сям’я, трэба жыць. Можа, да нас зойдзеш?
– Не варта, зноў маці будзе лаяцца. Скажы, тата, Аляксею няхай забяжыць да мяне, пераканаю яго, каб да доктара пайшоў. Калі ён акажацца здаровы, мне будзе спакайней, бо ягоная хвароба на маім сумленні, гэта я цягаў яго скрозь з сабою. А я, можа, гэтую хваробу яшчэ на вайне зарабіў, калі газам труцілі. Хто ведае?
– Не бяры на сябе гэты цяжар, у кожнага свая доля, яе і на кані не аб’едзеш.
– Дзякую, тата, будзь здаровы, рады быў пабачыцца, пайду я.
Праз колькі дзён прыйшоў да Міхалкі Аляксей. Хрысціна на той час палола грады, каля яе на агародзе былі і дзеці. Гаспадар ляжаў на печы і кашляў.
– Быў я ў доктара. Апанавала нас з табою аднолькавая хвароба. Я і не ведаў, што такія страшныя захворванні ёсць на свеце, – сказаў брат.
Міхалка злез з печы, павітаўся з Аляксеем за руку, спытаў:
– Як пачуваешся?
– Кашляю, пацею, але не звяртаў на гэтую немач увагі. А цяпер, калі доктар сказаў, што і ў мяне сухоты, дык розныя думкі ў галаву лезуць.
– Ці ездзіў бацька да сясцёр?
– Ездзіў і шукаў той тлушч, але нічога не знайшоў. Адзін дзядзька яму сказаў, што барсука трэба забіць перад зімой, калі ён яшчэ спаць не залёг, тады ён найбольш тлушчу мае. Але ж тых барсукоў вельмі мала, так што надзеі няма ніякай нам падмацавацца тым тлушчам.
– Бяда, – са скрухай прамовіў Міхалка.
– Той дзядзька казаў, што для нашай хваробы падыдзе тлушч усялякіх дзікіх жывёл, якія спяць зімою, напрыклад, вожыкаў. Яны таксама назапашваюць тлушч на час спячкі.
– Дык у нас пад гарою процьма вожыкаў жыве, – узрадавана прамовіў Міхалка.
– Няўжо ты зможаш есці вожыка? – здзівіўся Аляксей.
– А што? Абсмалю і ў печы засмажу…
– Гэта ж гідота! Лепш памерці, чым такое паскудства есці, – упарта прамовіў брат.
– Мне нельга паміраць. У мяне двое дзетак, хутка трэцяе з’явіцца. Што Хрысціна адна з імі будзе рабіць? Як падумаю, што яе чакае, дык зямлю гатовы есці, каб толькі не пакідаць адну.
Паслухаў Аляксей брата і суцешыўся, што не мае ён ні жонкі, ні дзяцей, а таму няма чаго асабліва задумвацца пра гэтую хваробу, сама прыйшла, сама пойдзе. Няўжо яму, маладому ды здароваму, паміраць ад нейкіх сухотаў? Ды няхай ідуць яны лесам.
Міхалка доўга абдумваў пачутае і вырашыў, калі няма іншага выйсця, давядзецца есці вожыкаў, няхай яны спрахнуць. У тую ж ноч не ўспаўся, не давала спакою думка пра лекі. Вырашыў схадзіць на паляванне. Ведаў, што ўдзень вожыкі спяць, а ноччу выходзяць, заяўляюцца і на сядзібу, каб на сметніку падабраць што-небудзь ядомае. Устаў ціхенька сярод ночы, каб Хрысціну не пабудзіць, ускінуў на плечы світу, бо майскія ночы яшчэ халаднаватыя, выйшаў на гару, пастаяў, прыслухаўся. Недзе чуліся галасы. Гэта было дзіўна. Хто ў такі час можа размаўляць, хіба моладзь з вячорак вяртаецца ў суседнюю вёску. Наблізіўся да сваіх варот, выглянуў на вуліцу, убачыў, што каля Архіпавай хаты стаіць воз і нейкія людзі ходзяць. Насцярожыўся Міхалка: «Што ж гэта робіцца сярод ночы? Ці не рабаўнікі якія? Пайшоў у левы край свайго гарода, адкуль лепш было відаць Архіпаву хату, прысеў і сцішыўся за плотам. Заўважыў, што з вокнаў падае святло на вуліцу. Крыку ніякага няма. Падумалася, мо пазабівалі ўсіх, у Архіпа шасцёра дзяцей, трое дарослых жывуць асобна, астатнія з ім. Зноў пачуліся галасы, на вуліцу выйшлі два вайскоўцы. «Няўжо банда пераапранулася?» – сам у сябе спытаў Міхалка. Але праз колькі хвілін Архіп вывеў каня, запрэжанага ў воз. У паўзмроку разгледзеў Міхалка ягоную постаць. На возе ляжалі нейкія клункі. Услед пацягнуліся трое сыноў, моўчкі селі на воз, апошняй, галосячы, выйшла з двара гаспадыня. Нехта крыкнуў на яе:
– Молчать! Не на базаре!
Жанчына асеклася, села на воз, абхапіла галаву рукамі, глядзела на сваю хату і быццам закалыхвала боль.
– Паехалі! – загадаў нечый уладны голас.
Чацвёра незнаёмцаў ускочылі на вольны воз, усе скіраваліся ў бок Холмеча. Міхалка выйшаў з двара, правёў іх позіркам. Толькі цяпер зразумеў, што гэта ж Архіпа вывезлі з сям’ёй. Улада моцна трымалася ўзятага курсу, нішто яе не магло спыніць: ні слёзы, ні скаргі, ні просьбы.
Устрывожаны пабачаным, Міхалка страціў цікавасць да палявання, падаўся ў хату, але доўга не мог заснуць, задрамаў толькі пад ранне. Калі прачнуўся, Хрысціна абурана сказала:
– Ідзі, Міхалачка, паглядзі, што робіцца ў Архіпавай хаце.
– А што там робіцца? – спрасоння спытаў ён.
– Сельсаветчыкі расцягваюць гаспадарку, а Архіпа, кажуць, ноччу некуды вывезлі. Можа, нават судзіць будуць.
– За што? – здзіўлена ўскрыкнуў Міхалка.
– Нехта чуў, што той лаяў Савецкую ўладу. Бедныя Архіп, Параска і іхнія дзеці, як шкода людзей!
Міхалка не стаў расказваць жонцы, што бачыў ноччу, меней будзе размоў, але зразумеў, што трэба быць вельмі асцярожным, лішняга слова не казаць, бо з сухотамі апынуцца на поўначы ці ў Сібіры – самы горшы варыянт, таму сказаў Хрысціне:
– На ўсялякі выпадак нам трэба прыкінуцца недалёкімі і цёмнымі. Кажы ўсім, што я непісьменны, пра цябе ведаюць: ты заявы ўмееш пісаць, тут не падманеш. Да ўсяго ў мяне сухоты, гэтая хвароба шмат каго ў магілу звяла ў ваколіцах, таму, думаю, пакуль да нас чапляцца асабліва не будуць. Тым больш конь стары, і ўсяго ў нас багацця – маладая карова.
– Я ўсё зразумела. Сапраўды, трэба быць больш асцярожнымі.
– Асабліва табе, вунь ужо пуза да каленяў абвісла, а ты ўсё на градах сядзіш.
– А хто ж зробіць? Калінка дапамагае, але ж яна зусім яшчэ дзіця. Радзік нічога не разумее, толькі шкоду на градах робіць.
– Ураджай збірае, – усміхнуўся Міхалка. – Добры гаспадар будзе.
– Дай Бог…
– Цяпер шмат гаспадароў развялося, мала таго, што праз падаткі вымятаюць сялянскія засекі, дык яшчэ ноччу, як бандыты, налятаюць, жнуць, дзе не сеялі.
Міхалка нацягнуў шапку ніжэй на лоб і падаўся на вуліцу, каб паглядзець, што ж там робіцца ў двары Архіпа, як новыя ўладары чужое дабро разбіраюць.
Ранічкай Аксіння і яе суседка Сынклета выгналі па расе кароў, кіўнулі адна адной у знак прывітання на адлегласці, чакалі, калі пастух Геба падгоніць статак. Як толькі стары параўняўся з жанчынамі, павітаўся і сказаў:
– Хадзіце сюды, бабачкі, нешта скажу.
Жанчыны падышлі, навастрылі слых, каб лепш зразумець, бо Геба быў шапялявы, язык у яго быў неяк не так прышыты, як у іншых людзей. Насамрэч яго звалі Глебам, але ў маленстве, не ўмеючы правільна выгаварыць сваё імя, назваўся Гебам, так і застаўся да старасці. Пастух весела прыжмурыў правае вока, падміргнуў жанчынам і праспяваў:
Што тут дзеецца на свеце,
Што няроўна дзеліць Бог:
Веня сядзіць у сельсавеце,
А Геба пасе кароў!
– Вой, каб ты жывы быў са сваёю прыпеўкаю, – засмяялася Сынклета.
Геба шчоўкнуў пугаю, запыніў кароў, што ўжо пачалі скубці траву каля платоў, і пайшоў далей уздоўж вёскі, заграбаючы пыл босымі нагамі.
– Напэўна, сам склаў прыпеўку, – выказала меркаванне Аксіння.
– А што яму яшчэ рабіць цэлы дзень з каровамі, толькі выдумляць бязглуздзіцу. А ты чула, што з калгаснікамі дзеецца?
– Не, нічога не ведаю.
– Гэта ж яны ўчора ўжо пазаводзілі сваіх кароў і коней у агульны панскі хлеў. Начальства пра той свой калгасны набытак і забылася. Каровы равуць не доеныя, коні не поеные. Пабеглі гаспадыні з плачам кожная сваю кароўку даіць, а мужчыны – коней даглядаць. Тады да калгаснага начальства дайшло, што трэба прызначыць каго з людзей, каб працавалі даяркамі і конюхамі.
– А ты збіраешся ў калгас ісці? – спытала Аксіння.
– Хто ж па добрай волі ў пятлю лезе? – пытаннем на пытанне адказала Сынклета. – А ці ведаеш, што твая нявестка зноў дачку нарадзіла. Мо пойдзеш пабабіць?
– Не твая гэта справа, Сынклета! Уласнымі ўнукамі займайся, – параіла са злосцю Аксіння і патупала ў свой двор.
Яна ведала ад Алёшы, што Хрысціна цяжарная, але пра тое, што нарадзілася дзіця, пачула толькі зараз. Убачыла каля хлява Мірона, падышла.
– Людзі кажуць, што Хрысціна дзяўчынку нарадзіла.
– Ну і дзякаваць Богу, – адказаў Мірон, падсцілаючы віламі салому ў хляве.
– Ты пойдзеш?
– Пайду, чаму ж не? Мае ўнукі там растуць.
– А мне што рабіць?
– Упершыню ў жыцці чую ад цябе такое пытанне, бо ты заўсёды лепш за ўсіх ведаеш, як і каму з кім жыць, што і як рабіць, – упікнуў жонку Мірон.
– Я ў цябе пытаюся, ісці мне да іх ці не?
– Даўно пара пайсці, хоць трэцюю ўнучку пабабіш, астатнія двое дзетак неяк і без тваёй ласкі выкачаліся.
Слёзы крыўды нагарнуліся ў Аксінні на сына, на нявестку і на ўвесь свет з ягонай недасканаласцю. Яна пайшла ў хату, пачала распальваць печ, каб прыгатаваць сняданак, паплакала ўпотай, каб не заўважылі Аляксей з Таняй, а пасля выцерла слёзы і вырашыла, што абавязкова наведае ўнучку на дзявяты дзень ад нараджэння, калі трэба будзе пакупаць дзіцятка. Доўга ж цягнуліся тыя дні. Аксіння ўсё абдумала і добра падрыхтавалася: адрэзала ладны кавалак палатна на пялюшкі дзіцяці, сабрала масла, зрабіла свежага сыру, наліла гладышку вяршкоў, прыхапіла для большых унукаў сушаных грушак, вішань і яблыкаў, няхай паласуюцца. Ведала, як цяжка даюцца дзеці, сама нарадзіла дванаццаць, а выжыла толькі пяцёра, варта было якой хваробе ўбіцца ў вёску, дык без жалю касіла людзей, а найбольш малечу. Вельмі хацелася, каб жылі яе дзеці шчасліва і ў дастатку, таму так непрымірыма паўстала супраць Міхалкавай жаніцьбы.
Калі ж настаў той дзявяты дзень, апранулася Аксіння ў чыстае, узяла ў кашолку падарункі і выправілася ў госці. Падгадала час па палудні, спадзявалася, што якраз у Міхалкі ўсе будуць дома, яны ў калгас на працу не ходзяць. Ішла і вельмі хвалявалася, сэрца ледзь не вылятала з грудзей, баялася, што прагоніць яе родны сын, і вернецца яна з ганьбаю дамой. Адчыніла весніцы, акінула двор позіркам, усё чыста і прыбрана. У сенцах таксама адзначыла, што нідзе нічога не валяецца. Увайшла ў хату, прывіталася. Міхалка сядзеў на ўслоне каля стала, Хрысціна калыхала калыску, падвешаную да бэлькі на круку. Калінка з Радзікам гарталі кніжку, седзячы на прыпечку. Ёй адказалі вітаннем, а сын нават узрадавана прамовіў:
– Мама прыйшла.
– Прыйшла. Мо і не чакалі? – насцярожана спытала Аксіння.
– Даўно чакалі, – азвалася Хрысціна, і гэтыя словы нявесткі ператрэслі ў душы свякрухі ўсе ранейшыя пакуты і падступілі слязьмі.
Аксіння спрабавала схаваць вочы, нахілілася над кашолкаю, пачала даставаць падарункі, выкладваць на стол. Пасля крадком выцерла слёзы і папрасіла:
– Пакажыце ж мне ўнучачку.
Пайшла да калыскі, убачыла прыгожы ружовы тварык, усміхнулася:
– Анёлак! Чыста анёлак! – азірнулася на Калінку і Радзіка. – Прыгожыя вашы дзеткі, як лялечкі. Зусім забылася, я ж хачу малых пачаставаць, – і падала ўнукам гасцінцы.
Дзеці ўзрадаваліся, пачалі са смакам грызці сухія грушы, вішні і яблычныя долькі. Толькі цяпер акінула позіркам Аксіння хату і зноў засталася задаволеная, што ложак засланы перабіранай посцілкай, навалачкі прыгожа вышытыя, занавескі на вокнах хоць і з марлі, але адмыслова аздобленыя аплікацыяй з кветачкамі і галубкамі, настольнік чысты, дзеткі дагледжаныя.
– Добра ў вас. Жывіце шчасліва і даруйце мне. Ці будзем купаць дзіця сёння?
– Будзем, мама, – адказала Хрысціна.
І зноў нечакана нейкае невядомае раней цяпло напоўніла грудзі Аксінні, ажно дыханне перахапіла і падступілі да вачэй слёзы. Выцерла іх мімаходзь, схіляючыся над малою ўнучкаю і спытала:
– Як збіраецеся назваць немаўлятка?
– Міраславаю, – адказаў Міхалка.
– Вельмі прыгожае, хоць і рэдкае імя.
Хрысціна прынесла ў хату начоўкі, абцерла іх, дастала з печы чыгун з цёплай вадой. Пакуль нявестка завіхалася, свякроў памалілася, папрасіла ў Бога спрыяння дзіцяці ў жыцці, пасля ўкінула ў ваду прыпасеныя дзевяць зярнятак жыта, каб дзяўчынка была здаровая, апусціла срэбную манетку ў начоўкі на багацце, некалькі кавалачкаў вугалю на абарону, уліла трохі малака на хараство, пад начоўкі паклала грабеньчык, верацяно, іголку, лён, каб дзяўчынка вырасла добрай гаспадыняй і майстрыхай. Потым жанчыны купалі немаўля дружна і зладжана, загарнулі ў пялюшкі і перапаясалі. Міхалка толькі ціха пакашліваў у кулак.
– Бяда з гэтым кашлем. І Аляксей увесь час кіхікае. Што рабіць?
– Нічога не зробіш. Хвароба ёсць, а лекаў няма, – адказаў Міхалка.
– Трэба вам пажаніцца, – раптам сказала Аксіння. – Усе ж людзі ведаюць, што вы не пашлюбіліся.
– Нас не хвалюе, што людзі думаюць, бо нам і так добра, – адказаў сын. – Можа, мама, ты хочаш, каб мы павянчаліся, дык царкву зачынілі, няма дзе вянчацца. Ці мо нам у сельсавет да Вені Лобана ісці? Дык не пайду. Хто ён такі, каб мяне жаніць? Няхай сам спачатку ажэніцца.
– Глядзіце самі, дзеткі, рабіце так, як вам лепш, а будзе вам добра, дык і маё сэрца будзе спакойнае, – адказала Аксіння і не стала назаляць парадамі даросламу сыну.
О проекте
О подписке
Другие проекты
