Читать книгу «Дом для адзінай» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.

14

Да Аксінні прыйшлі суседкі Сынклета і Адарка ў адведкі, сядзелі на ўслоне, падсунутым да ложка, ціха размаўлялі.

– Як ты, Аксіння? Што ў цябе баліць? – спытала Адарка.

– Нічога не баліць, але не магу выпрастаць ні рукі, ні ногі. Ужо тыдзень ляжу карчом. Не думала і не гадала, што мяне такое горачка напаткае, – уздыхнула гаспадыня, сляза выкацілася з яе вока, але яна не магла дацягнуцца даланёю, каб выцерці.

Адарка правяла рукою па яе твары, і ў самой вочы сталі вільготныя ад спачування, выцерла іх ражком хусткі.

– Няўжо вы паспелі ўправіцца з гаспадаркамі, што прыйшлі рана надвячоркам? – здзівілася Аксіння.

– Няма чаго нам упраўляцца, – адказала Сынклета. – Мы з Адаркаю завялі сваіх каровак у калгас.

– І не шкода вам было? Ці вы павар’яцелі?

– Добра табе, Аксіння, нічога не ведаеш. А ў вёсках такое творыцца, што хвораму чалавеку лепш не ведаць.

Суседкі пераглянуліся і замоўклі.

– Кажыце ўжо. Мне горш не будзе, хіба толькі памру, дык сямейнікаў вызвалю ад турбот.

– З Завужаля дзве сям’і вывезлі невядома куды, усю гаспадарку загрэблі ў калгас, нейкія транты забралі сабе сельсаветчыкі. Жах, як нішчаць сем’і, – сказала Сынклета. – Хай ужо карову забіраюць, абы мяне не чапалі.

Адарка толькі згодна ківала галавою ды выцірала слёзы. Аксіння спытала ў яе:

– А ты як перажыла гэтую бяду?

– Не перажыла і не хутка, мабыць, перажыву. Такая ж кароўка ў мяне была добрая, па вядру малака давала і мяне вельмі любіла, а цяпер, мабыць, запусціцца ад тугі.

– Спачуваю вам, суседачкі, я да сваіх каровак, мусіць, ужо ніколі не дайду.

– Можа, Бог дасць, ачуняеш яшчэ, усяляк на свеце бывае, – спачувальна прамовіла Адарка.

– Добра было б, толькі занадта мяне скавала. Нашто я такая Мірону? Нашто дзецям? Абуза, – зноў заплакала Аксіння.

– Не плач, галубка, – сказала, выціраючы слёзы Аксінні Сынклета, – трэба трываць усё, што Бог пасылае. – Мы толькі разварушылі твае думкі. Прабач, пойдзем.

– Заходзьце яшчэ, бо я тут ляжу цэлымі днямі адна, – папрасіла Аксіння.

Жанчыны развіталіся і пайшлі. Ужо на вуліцы Сынклета сказала Адарцы:

– Ведаю, ад чаго ў яе гэтая хвароба.

– Ад чаго?

– Яна пры мне некалькі разоў заклялася: адсохнуць рукі і ногі, перш чым пойдзе да нявесткі. Бачыш, пайшла, пабабіла ўнучку, заклён і здзейсніўся.

– Моцнае Аксінні слова. Неяк яна майго ката пракляла, што на яе градзе ямку выкапаў, дык той кот на другі дзень здох, – прыгадала Адарка.

– Ката не так шкода, а з ёю вунь што зрабілася, ворагу не пажадаеш.

– Ты заўважыла, яна не ведае, што Мірон таксама сваіх кароў і коней завёў у калгас, – мовіла Сынклета.

– Мабыць, пашкадавалі сямейнікі, не хацелі вярэдзіць ёй душу. Я здаровая, а сэрца баліць ад уяўлення, што чужыя рукі маю кароўку кормяць ды пояць.

– Не рві мне душу, Адарка, сама спакою не маю, іншы раз плачу па сваёй карове, як па нябожчыку. Пайду ўжо, будзь здаровая.

Жанчыны разышліся па хатах. Аксіння між тым напружана сачыла за акном, чакала, калі дачка ці Мірон сустрэнуць кароў. Але дарэмнымі былі яе чаканні. Таня прыйшла ў хату, растапіла печ, паставіла ў чыгунку бульбу варыцца на вячэру. Захвалявалася гаспадыня, прадчуваючы нядобрае, але не давала веры сваім прадчуванням.

– Дай мне, дачушка, малака, – папрасіла яна.

– Няма малака, мама, – адказала Таня.

– А куды ж яно падзелася? Няўжо ўсё свінням павылівала?

– Цяпер нашым малаком калгасных свіней кормяць.

– Няўжо вы аддалі кароў у калгас? – абурана спытала маці.

– У таты спытай, ён табе ўсё раскажа.

– Пакліч яго хутчэй, – загадала Аксіння, а сама адчула, што сэрца закалацілася, ажно губа ніжняя затрэслася ад хвалявання і нежадання ўспрыняць страшную праўду.

Увайшоў Мірон, павесіў шапку на цвічок каля парога.

– Як ты мог аддаць кароў? – прастагнала Аксіння.

– Я і коней аддаў, калі ты хочаш ведаць, – спакойна адказаў Мірон. – Калі б не аддаў, дык наша сям’я першая стаяла ў чарзе на высяленне пасля Архіпа, бо ў нас і сад, і жывёла, і дзве хаты маем. Трэба тэрмінова старую будыніну на дровы разбіраць, бо невядома, да чаго яшчэ дадумаюцца начальнікі. Глядзіш, выселяць у старую хату ці наогул вывезуць у Сібір. А куды і як павязу я цябе, Аксіння?

Гаспадыня заплакала ўголас, але нікога не праклінала, нікога не клікала на дапамогу, толькі пытала:

– За што нам? За што ўсё гэта?

– Ні за што, такі час настаў, – зазначыў Мірон. – Паплакала трохі і годзе, слёзы не дапамогуць. Як я заўважыў, ніякая ўлада простага чалавека не любіць, але пры іншых хоць жылі, працавалі і нейкае дабро нажывалі, а цяпер аддай усё, што маеш, гатовыя і душу дастаць ды на свой лад перакаваць.

15

Міхалка пад восень паспрабаваў злавіць першага вожыка на лекі. Праўда, няўдалае атрымалася паляванне, усе рукі абкалоў, а яшчэ давялося пабегаць за звярком. Тады ён сплёў сетку па-рыбацку, змайстраваў сачок з доўгім дзяржальнам – і справа адразу наладзілася. Варта было вожыку з’явіцца на гары, як ён адразу апынаўся ў палоне. Спачатку Міхалка гідзіўся есці тлушч з вожыкаў, але Хрысціна падказала запіваць малаком, такім чынам адметныя лекі спажываліся лёгка. Тыдні праз два Міхалка адчуў, што стала лягчэй дыхаць, кашаль быцца трохі зменшыўся. Вырашыў ён і Аляксея падлячыць, выправіўся да бацькоў, каб заадно і хворую маці праведаць. Сустрэў брата ў двары павітаўся, заўважыў, што вельмі змарнеў хлопец, спытаў:

– Як пачуваешся?

– Усё гэтак жа, нават горш, чым раней, – адказаў Аляксей.

– Я табе лекі прынёс. Будзеш з’ядаць па лыжцы перад ежаю і запіваць цёплай вадой, бо малака, ведаю, у вас няма, – Міхалка падаў яму маленькі гаршчочак з тлушчам.

– Што гэта? Можа, з вожыка?

– Якая табе розніца?

– Не, не буду я гэта ўжываць!

– Дык памрэш раней часу, – раздражнёна адказаў Міхалка. – Я ўжо на працягу двух тыдняў з’ядаў пару лыжак на дзень, стала трохі лягчэй.

– А хто ведае, каму і калі час паміраць?

– Ніхто не ведае, але, як кажуць мудрыя людзі: беражонага Бог беражэ.

– Мяне на ваніты цягне ад аднаго выгляду тваіх лекаў, забяры, калі ласка, і не паказвай мне.

– Алёша, я адчуваю сябе вінаватым, што вадзіў цябе з сабою на цяжкую працу, што недзе набраліся мы гэтае чорнае хваробы, а таму хачу памагчы.

– Як буду, так і добра. А што, хіба можа быць і горш?

– Як ты думаеш, чаму людзі з сухотамі рана паміраюць? – замест адказу спытаў Міхалка.

– Не бяры на сябе ніякае віны. Такая наша доля. Нехта мусіць жыць здаровым да глыбокай старасці, нехта мусіць хварэць. Я змірыўся. Ідзі ў хату, мне тое-сёе трэба зрабіць, – адказаў Аляксей і пайшоў пад павець.

Міхалка пасунуўся за ім, убачыў, што Аляксей трымае вяроўку, наблізіўся да сцяны, ускінуў адзін канец за крук, пачаў завязваць пятлю на шыі. Міхалка кінуўся да яго, забраў вяроўку, закрычаў:

– Што ты робіш? Вялікі грэх забіваць сябе!

– Хіба я жыву? Гнію зажыва, харкаюся крывёю! Спаць не магу з-за кашлю. Пацею, ляжу ў пасцелі, быццам у начоўках з вадою! Людзі глядзяць на мяне, думаюць: высокі і дужы хлопец, а ў мяне сілы няма! Не пайшоў сёння ў калгас на працу, не здолеў. Ледзьве ногі па зямлі валочацца! – Аляксей прыпаў да пляча Міхалкі і заплакаў.

– Годзе, Алёшка, трэба жыць, колькі Бог адмераў. Пойдзем у хату, хачу маці праведаць. Як яна?

Брат выцер вочы, супакоіся, адказаў:

– Ляжыць, нічога ёй не баліць, акрамя душы. Таня яе даглядае, хапае сястры турбот, а яшчэ ж у калгас трэба хадзіць. Высокая яна ў нас удалася, усе думаюць, што дарослая дзеўка, а ёй жа ўсяго пятнаццаць гадкоў.

Хлопцы выйшлі з-пад павеці, накіраваліся ў хату. Аксіння ўбачыла Міхалку, узрадавалася.

– Прыйшоў, сынок, мяне праведаць. Дзякую, даражэнькі. Прывядзі калі ўнукаў, хачу паглядзець, як яны выраслі. Мо апошні разок.

– Усё добра, мама, дзеці растуць. Радзік, кажа, што ў школу хоча, толькі рана яму яшчэ. А Калінка два гады павучылася і пакінула, бо трэба Хрысціне памагаць. Як ты?

– Ляжу трухлявай калодаю, няхай бы Бог якую смерць даў. Ніколі не думала, што гэтак жыццё сваё скончу.

– Мама, не кажы так.

– Як жа мне трываць, калі жыць не магу і памерці няздатная? Гэта, мабыць, горш за пекла. Ты ў калгас яшчэ не пайшоў?

– Каму я там патрэбны? Што з мяне ўзяць? Ні здароўя, ні багацця.

Аксіння памаўчала, нешта абдумваючы, пасля сказала:

– Вінавата я перад табой, сынок, не дазволіла бацьку аддаць табе маладога каня, а цяпер той конь калгасу служыць. Як жа ты будзеш аднаасобнікам з тым старым аўсяным мяшком спраўляцца з працаю? Доля мая цёмная! Якая ж я была дурная! Не ведала, дзе белае, дзе чорнае, а цяпер усё разумею, але нічога выправіць не магу.

– Не шкадуй ні аб чым, мама, што было, тое мінула. Пакуль усе мы жывыя, давай будзем радавацца хоць таму, што ёсць.

– Невыносна радавацца сынок, калі столькі кепскага нарабіла за жыццё. Няхай Бог дае ўсім здароўя, я буду цешыцца тым, што вы ў мяне ёсць, – прашаптала маці і змоўкла, было бачна, што гаворка яе вельмі стаміла.

– Адпачні, мама, – параіў Міхалка. – Хто-небудзь з унукаў пры нагодзе забяжыць, пакажацца табе на вочы, а я пайду.

– Ідзі з Богам, – прашаптала яна і заплюшчыла вочы.

Міхалка выйшаў з бацькавага двара ў роспачы. Было шкада маці, вымушаную нерухома ляжаць. Мабыць, адчуванне таго, што з ёю здарылася непапраўнае, яшчэ больш прыгнятала яе, чым усялякая іншая бяда. Шкадаваў малодшага брата, які нават не шукае ніякай магчымасці ўратаваць сябе, а гатовы да самагубства. Думаў пра сябе, што здатны на ўсё, толькі б выжыць, бо немагчыма пакінуць Хрысціну адну. Як і што яна будзе дзеяць на гаспадарцы, дзе трэба араць і касіць, нарыхтоўваць дровы? Дома Міхалку сустрэла жонка пытаннем:

– Што там у бацькоў?

– Бяда кругом. Маці ляжыць, Алёша зусім аслаб, пры мне хацеў павесіцца, не можа трываць хваробу. Бацька з Таняю на працы ў калгасе. Прасіла маці, каб унукаў ёй прывёў пабачыць. Дык, думаю, няхай бы Калінка з Радзікам наведалі заўтра бабу і занеслі гладышку малака. Яны ж сваіх кароў і коней у калгас здалі. Пашкадавала маці, што далі мне старога каня, а маладога калгасу падаравалі, але нічога цяпер не зробіш.

– Даруй ёй, Міхалка, не ад злосці ўсё рабілася, характар мае яна такі ўпарты. Бачыш жа, прыйшла, павінавацілася, Мірку пабабіла.

На другі дзень Хрысціна паслала дзяцей да свякрухі. Калінка панесла гладышку з малаком, асцярожна, каб не спатыкнуцца, Радзік ішоў, трымаючыся за яе прыпол. Увайшлі ў дзедаў двор, на рыпенне весніц выйшаў Аляксей, узрадавана гукнуў:

– Заходзьце, госці дарагія!

Калінка адразу аддала яму гладышку, бо ажно рукі ўспацелі, пакуль данесла, так баялася ўпасці і разліць малако, з палёгкай прамовіла:

– Гэта бабе Аксінні.

– Усё зразумеў. Малайчына, што данесла. Заходзьце ў хату.

Аксіння па звычцы ляжала з заплюшчанымі вачамі, быццам драмала, але ўсё чула.

– Мама, да цябе ўнукі прыйшлі, малачка прынеслі, – абвясціў Аляксей, ставячы гладышку з малаком на стол.

Аксіння ўзрадавана зірнула на дзяцей, прамовіла:

– Падраслі за зіму ўнучаняткі мае.

Пачала распытваць пра маленькую Міраславу, пра тату, пра маму, а ў галаве круцілася дакучлівая думка: «Гэта ж я, маючы дзве каровы, ні разу малака сынавым дзецям не занесла, даруй, Божа, грахі мае цяжкія… Але не даруе, моцна пакараў, што ніякі цуд мяне ўжо не выратуе…»

1
...