Читать книгу «Закон захавання кахання» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.

9

Група на чале з Наінай Андрыянаўнай раніцай выехала ў Ясную Паляну. Эма адмовілася ад экскурсіі, сказала, што шмат разоў была там з мужам. Ада сядзела адна ля акна і азірала наваколле, якое мільгала за вокнамі. У аўтобусе было шумна, асабліва ззаду, дзе рэй вёў Гоша Строма. Хлопцы гулялі ў карты, часта спрачаліся, нешта выкрыквалі незразумелае, казалі, што карыстаюцца «блатной феняй».

Краявіды былі вельмі падобныя на беларускія: лясы, палі, часам маляўнічыя ўзгоркі, як пад Мінскам. Здзіўляла толькі тое, што ў такую гарачую пару, у верасні, не было відно на палях ні тэхнікі, ні людзей. Няўжо тут не садзяць бульбу? Самая пара яе капаць. На Беларусі гэтаю справаю займаюцца ледзь не да замаразкаў, а буракі дык наогул са снегам выграбаюць. Пад азіміну пара араць. А тут ніхто нават не варушыцца. У нейкім невялічкім гарадку спыніліся ля кафэ паабедаць. Там Ада ўпершыню ў жыцці пакаштавала медавуху, напой ёй вельмі спадабаўся. Закусіла славутым тульскім пернікам, таксама вельмі смачным.

Аўтобус рушыў далей. Зноў мільгалі палі, лясы ў восеньскай красе, селішчы, і раптам нехта крыкнуў:

– Ясная Паляна!

Ада і сама ўжо ўбачыла шыльду на ўзбочыне і ўзрадавалася, што нарэшце яны прыехалі, куды імкнула яе душа. За вокнамі замільгалі вясковыя хаты, мусіць, тут жылі нашчадкі тых прыгонных сялян, якія належалі графу Льву Мікалаевічу Талстому. Аўтобус спыніўся на шырокай пляцоўцы, разлічанай на вялікі паток турыстаў. Але на гэты раз тут нікога не было. Мабыць, перабудова адбіла ў людзей ахвоту да падарожжаў.

Хлопцы і дзяўчаты высыпалі з аўтобуса, мінулі браму з дзвюх белых вежаў, накрытых зялёнаю бляхай, пайшлі па бярозавай алеі міма вялікага саду, дзе людзі абіралі жаўтаватыя сакавітыя антонаўкі і складвалі ў драўляныя скрынкі. З-за дрэваў ужо быў бачны зялёны дах белага будынка, таго самага, у якім некалі жыў Талстой з вялікай сям’ёй і служкамі. Ада набліжалася да дома пісьменніка, і хваляванне ўсё больш ахоплівала яе. Яна міжвольна спытала сама ў сябе: «А калі б знакаміты пісьменнік жыў не тут, а ў іншай мясцовасці, якія былі б ягоныя кнігі? Ці ўплывае месца жыхарства на творчасць? Безумоўна ўплывае. Таму што самая нязначная з’ява можа стаць фактам паэзіі ці празаічнай замалёўкі. Але трэба, каб тая ці іншая падзея закранула душу, неяк адбілася ў свядомасці, сфарміравалася ў пачуццё і выявілася думкаю, якую можна было б запісаць на паперы».

Пакуль Наіна Андрыянаўна хадзіла ў адміністрацыю і дамаўлялася, каб курсантам дазволілі прайсціся па пакоях, яе выхаванцы некалькі разоў абышлі вакол двухпавярховага будынка, прыглядаючыся да дэталяў даху, падваконняў, аздобы сцен, адкрытай веранды з ажурнаю агароджаю і вельмі простага ганку. У сярэдзіне жытло графа Талстога таксама выглядала даволі бедна. Простыя посцілкі на ложках, звычайныя шторы, старая і сцёртая падлога, белы настольнік на абедзенным стале. Ада разумела, што гэтыя сціплыя рэчы тым і каштоўныя, што да іх дакраналіся рукі вялікага пісьменніка. Столькі часу і падзей прайшло: рэвалюцыя, дзве вайны, нават Чарнобыль не мінуў гэтыя мясціны, а жытло працягвае існаваць, дазваляючы наведвальнікам з дапамогаю ўяўлення пранікнуць у мінулае, аддзеленае мноствам гадоў ад цяперашняга часу.

Экскурсавод вельмі будзённа правяла кароткую экскурсію, спынілася на асобных датах і падзеях з жыцця вялікага пісьменніка, пра якія прысутныя добра ведалі і самі са школьных ды ўніверсітэцкіх праграм. Нараджэнне, страта маці, вучоба ва ўніверсітэце, служба ў войску на Каўказе, удзел у Крымскай вайне, вандроўка па Еўропе пасля адстаўкі, жаніцьба, педагагічная дзейнасць, творчасць. Вось так, жыццё вялікага чалавека можна змясціць у некалькі энцыклапедычных радкоў, толькі ніхто не ведае, што ён адчуваў, як успрымаў жыццё, як рэагаваў на тыя ці іншыя падзеі. Пра гэта можна меркаваць толькі па творах і артыкулах. А рэакцыя ў Талстога на падзеі ў Расіі была заўсёды бурная, на жаль, адна асоба не можа павярнуць кола гісторыі ў пэўны бок без дапамогі войска, без хіжасці і хітрасці. На такія заганныя метады Талстой не быў здатны, ён заставаўся пісьменнікам, які назіраў і вывучаў жыццё, рабіў высновы з надзеяю, што яны спатрэбяцца грамадству. У канцы аповеду экскурсавод дазволіла задаць пытанні.

– Скажыце, калі ласка, чаму Леў Мікалаевіч, пражыўшы жыццё з Соф’яй Андрэеўнай, раптам ва ўсім расчараваўся і пайшоў з дамоўкі, – спытала Ада.

– Думаю, крызіс сталага ўзросту. Здарылася так, што пад канец жыцця ён разышоўся ў поглядах з жонкаю. Жылі яны побач, але паасобку. Гэта, мусіць, вельмі прыгнятала Льва Мікалаевіча. Не магу сказаць, што перажываў Талстой у той час, пра гэта лепш было б спытаць у яго. Зараз мы пойдзем на магілу, можа, там зразумееце нешта з таго, што пакуль застаецца для нас таямніцай.

Экскурсанты даўгавата ішлі па зялёнай, чамусьці некранутай восенню дарожцы сярод прысад, мо з-за таго, што тут было ўдосталь вільгаці, якою было перанасычана паветра. Нарэшце спыніліся на зялёнай палянцы з сакавітай травой, пасярод якой неяк наўскасяк, мабыць, зарыентаваеная на захад-усход ляжала магіла без ніякага помніка, даволі вялікая, зялёная ад травы. За ёю цягнуўся яр і вялікі стары лес. Такое ціхае месца выбраў сабе вялікі пісьменнік для вечнага спачыну, а для вечнай славы ён шмат працаваў на працягу ўсяго жыцця.

Хлопцы і дзяўчаты моўчкі стаялі вакол магілы. Наіна Андрыянаўна ўсклала загадзя падрыхтаваныя кветкі на тое месца, дзе маглі быць грудзі нябожчыка. Ніхто не спяшаў, хацелася стаяць тут як мага даўжэй, удыхаць гэтае паветра, каб панесці ўспаміны з сабою. Экскурсавод расказала пра чароўную «зялёную палачку», у якую не толькі ў маленстве, але і пасля, у сталым узросце, верыў Леў Мікалаевіч. Недзе яна тут закапаная на ўскрайку яра. Калі б яе ўдалося знайсці, усе людзі зажылі б шчасліва. Пакуль яе ніхто не знайшоў. Хаця Леў Мікалаевіч усё ж адкрыў формулу шчасця, якую можна прыкладна зразумець так: усе шчаслівыя перажываюць шчасце аднолькава, а няшчасце ў кожнага сваё. Экскурсавод завяршыла аповед і павяла курсантаў у зваротных шлях.

Адзе хацелася яшчэ раз увайсці ў дом, разгледзець самой усе рэчы і дэталі, бо тады за натоўпам аднакурснікаў не ўсё ўбачыла, але туды вярнуцца не дазволілі. Экскурсанты зрабілі некалькі фотаздымкаў і накіраваліся ў бярозавую алею да брамы з белымі вежамі.

Аўтобус рушыў у зваротны шлях. Ада глядзела ў акно і думала, што яна з мужам таксама ўвесь час жыла разам, але паасобку. Кожны быў заняты сабою і сваімі справамі. Мечыслаў цэлымі днямі працаваў у школе, выкладаў фізкультуру, вёў секцыі па баскетболе і валейболе, вазіў дзяцей на спаборніцтвы. Яна служыла ў газеце, гойсала па раёне, вучылася завочна, прасіджвала ў бібліятэцы, рыхтуючы курсавыя работы. Даходзіла да таго, што ім проста не было пра што гутарыць. Калі здаралася так, што заставаліся сам-насам, уключалі тэлевізар ці проста чыталі газеты. Калі яна пісала вершы, ён з пагардай паглядваў на яе занятак і казаў:

Конец ознакомительного фрагмента.

1
...