Читать книгу «Закон захавання кахання» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.

7

Эма не адразу, а праз некалькі тыдняў прынесла дзве свае празаічныя кніжкі і, аддаючы Адзе, сказала:

– Вось мой скарб!

– Выдатна. Дзякую. Буду па вечарах чытаць.

Ада пагартала кніжкі, паглядзела выхадныя дадзеныя, усе надрукаваныя ў Свярдлоўску.

– Ты там доўга жыла?

– Так, даволі доўга, ажно надакучыла.

– Безумоўна, у Маскве выдацца лягчэй і наогул…

– Цяпер аднолькавы скрозь заняпад, галоўнае, каб душа была бадзёрая, а гэта, на жаль, далёка не заўсёды ўдаецца.

Перад пачаткам заняткаў, калі ў аўдыторыі сабраліся ўсе курсанты, Ада, якой абрыдлі начныя стукі ў дзверы, выйшла да стала і сказала:

– Калегі, я прашу вас не грукаць у мае дзверы па начах. Не ведаю, хто гэта робіць, але, згадзіцеся, што непрыстойна будзіць жанчыну без прычыны. Калі вам нешта трэба са мною абмеркаваць, калі ласка, звяртайцеся не ў такі позні час. Прашу вас не рабіць так. Нечаканы стук не проста будзіць мяне, а палохае.

– Мне таксама стукаюць, – сказала францужанка Наталі.

– Так, так, – пацвердзіла югаслаўка Мірыям.

– Бачыце, я не адна ахвяра гэта хуліганства. Майце сумленне і гонар, паводзьце сябе прыстойна. Калі я аднойчы не палянуюся падняцца, каб адчыніць дзверы, пабачу таго героя, дык на наступны дзень напішу скаргі ва ўсе інстанцыі, тады, думаю, яму мала не пакажацца.

Ніхто з хлопцаў нічога не адказаў і не запярэчыў. Маўчалі, быццам не маюць да гэтага ніякага дачынення. Ада вярнулася да свайго стала і села на месца.

У аўдыторыю увайшоў прафесар Арлоў. Лекцыя, якую ён наважыўся сёння чытаць, датычылася адносін Масковіі і Вялікага Княства Літоўскага, што адразу зацікавіла Аду. Яна слухала ўважліва пра войны, якія давялося перажыць абедзвюм дзяржавам пры Іване Грозным, Аляксеі Міхайлавічы, асабліва засяродзіў выкладчык увагу на смутным часе. Ада слухала, з нечым згаджалася, нешта не прымала, пра нешта мела мала звестак, каб запярэчыць прафесару. Калі ж ён сказаў, што беларусы павінны быць удзячныя Маскве, што тая выратавала іх ад польскага і літоўскага прыгнёту, Ада не вытрывала і запярэчыла:

– Ніякая Літва не магла прыгнятаць беларусаў, таму што цяперашнія беларусы – нашчадкі ліцвінаў. Маё прозвішча Літвінка!

Прафесар з хвіліну неўразуменна глядзеў на Аду, а потым сказаў:

– Літва і сёння ёсць Літва! А Беларусь – нешта іншае.

– Тое, што цяпер называецца Літвой, некалі было Жамойціяй, маленькай часцінкай ВКЛ. Яны ўваходзілі ў склад старажытнай дзяржавы ліцвінаў, а пасля таго, як Масковія гвалтам далучыла да сябе нашы землі, царадворцы пачалі шукаць новае імя прыдбанай зямлі. Так узніклі назвы «Северо-Западный край», а потым «Беларусь».

Прафесар быццам і згаджаўся з доказамі Ады, але ў яго галаве ніяк не магла пераключыцца назва Літва на прастору сучаснай Беларусі. Такі ўжо падмурак ведаў быў закладзены імперскаю расійскаю гісторыяй у галовы шматлікіх навукоўцаў. Ён адмахнуўся ад заўваг і працягваў чытаць лекцыю. Хоць адчувалася, што пакрыўдзіўся на Аду і яе выказванні, бо ў канцы сказаў, што выдаў новы падручнік «Гісторыя Айчыны», раіў пачытаць яго слухачам курсаў, каб высветліць спрэчныя пытанні.

На наступную лекцыю прафесара Арлова Ада не пайшла, а накіравалася ў гістарычную бібліятэку, дзе з цікавасцю перачытала першакрыніцы – указы Кацярыны ІІ, якія датычыліся навядзення новых маскоўскіх парадкаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, цяпер яно называлася толькі так. Новай назвы яму пакуль яшчэ не прыдумалі. Царскія загады датычыліся ўрэгулявання вывазу лесу з ліцвінскіх земляў па Дняпры і Дзвіне ў Чорнае і Балтыйскае мора. Выходзіла, што ўвесь расійскі флот быў пабудаваны з беларускага лесу, толькі таму што яго было лёгка сплаўляць па нашых рэках. Былі там указы пра нацыялізаваныя маёнткі і вываз каштоўных рэчаў з іх, пра падаткі, – усё тое, што заўсёды рабілі захопнікі, калі далучалі, а дакладней падпарадкавалі сабе новую краіну. Ада вяла канспект і цяпер магла прафесару Арлову на аснове першакрыніц давесці, што Масковія не вызваліла ВКЛ, а, наадварот, ператварыла самастойную дзяржаву ва ўласную калонію, пазбавіўшы яе магчымасці развіваць эканоміку і культуру, гадаваць сваю навуковую эліту. Гэта была тая жорсткая праўда, якую расійскія гісторыкі, мабыць, ніколі не прызнаюць, а ўсё будуць чаўпсці, што мы «адзін народ», толькі чамусьці па-беларуску ніхто з іх не чытае і мовы не разумее. Калі б яны маглі ведаць нашу старажытную мову, ім вочы адкрыліся б на шматлікія рэчы, асабліва калі гаворка датычыцца міфалогіі, бо беларуская мова перанасычана міфічнымі архетыпамі. Аднак гэта трэба разумець і адчуваць, што ўжо і шмат каму з сучасных беларусаў не дадзена, бо не ведаюць і не любяць сваю мову. Выхаваныя на рускай мове і культуры, яны не здатныя нічога дадаць у скарбонку творчых здабыткаў уласнага народа.

Ада заявілася толькі на апошнюю лекцыю. Наіна Андрыянаўна заўважыла яе адсутнасць і спытала:

– Што здарылася?

– Нічога. Хацела тое-сёе ўдакладніць для сябе па гісторыі Беларусі, каб даказаць прафесару Арлову, што ён іншы раз трохі памыляецца.

– Не заводзілася б ты з ім. Ён прафесар, а ты хто? Ён чытае, а ты слухай і не псуй яму настрой. Ён прыйшоў пасля лекцыі ўвесь чырвона, ажно ціск у чалавека падняўся.

– Я зусім не хацела яго пакрыўдзіць, напраўду. Проста выказала нязгоду з ягоным пунктам гледжання на Вялікае Княства Літоўскае.

– Годзе табе, Ада, ведаю, што ўсе вы прыязджаеце геніяльныя, але пакуль не вы, а вам чытаюць лекцыі. Дарэчы, у мяне для цябе дзве навіны і абедзве добрыя, – сказала Наіна Андрыянаўна і зрабіла паўзу.

Ада наструнілася, падумала ўсхвалявана, мо Лятаўчык тэлефанаваў і папрасіла:

– Кажыце хутчэй, памру ад цікаўнасці…

– У суботу едзем на экскурсію ў Ясную Паляну ўсёй групай.

– Выдатна! А што яшчэ?

– Тут цябе зямляк шукаў.

– Які зямляк? – насцярожылася Ада, зноў думаючы пра Касьяна.

– Хлопец-завочнік з Мінска, ён і называў сваё прозвішча, ды я забылася.

– Што яму трэба?

– Не ведаю, проста пабачыцца па-зямляцку. Ён таксама жыве ў інтэрнаце, рыхтуйся сустракаць госця.

Сапраўды, увечары нехта пастукаў у дзверы. Ада адчыніла і ўбачыла невялічкага чарнявага кудлатага хлопца з гітарай, які павітаўся і спытаў:

– Дзе ты прападала? Цэлы дзень цябе шукаў.

– Хіба мы раней сустракаліся? – здзівілася Ада.

– Я – Мікола Патапеня з вёскі Марудава. Ты ж мне лісты пісала, кансультавала наконт вершаў.

Ада ўспомніла, гэта быў адзін з пачаткоўцаў, вершы якога яна часам друкавала на літаратурных старонках раёнкі, а часам дасылала яму лісты і раіла, што і як паправіць, каб дацягнуць твор да пэўнага ўзроўню.

– Ну, заходзь, зямляк, расказвай навіны.

Хлопец прайшоў да стала, паставіў гітару, сеў па-гаспадарску зручна і паведаміў:

– Усё выдатна! Удалося вырвацца з вёскі, развітацца з ветэрынарствам. Ажаніўся з мінчанкаю, Міланаю завуць. Жыву пакуль з цешчаю, але, на шчасце, яна амаль увесь час на лецішчы пасецца. Паступіў у літінстытут на завочнае, прыехаў на ўстановачную сесію, дазнаўся, што і ты тут, вырашыў наведаць.

– Добра, будзем піць гарбату. Я на кухню на колькі хвілін, ты не сумуй.

Ада ўскіпяціла чайнік, заварыла гарбату, зрабіла бутэрброды, паставіла варэнне, цукар, печыва, наліла ў кубкі вару, запрасіла:

– Частуйся, калі ласка, і расказвай, што там у Мінску?

– Нічога асаблівага, тое, што і ў Маскве: чэргі, талоны, дэфіцыт.

– Што пішаш?

– Вершы пакуль, але ёсць задумы і на прозу. Хочаш, раскажу сюжэт, толькі ты не ўздумай красці.

– Бог з табою, нашто мне твой сюжэт? Дам табе параду: ніколі не расказвай пра тое, пра што збіраешся пісаць. Выгаварышся – і стане табе нецікава.

– Можа, і так, – пагадзіўся хлопец.

– Але ты і жук! Адзіны раз прапусціла заняткі, дык ты тут жа прыйшоў мяне шукаць! І да каго? Да загадчыцы навучальнай часткі!

– Прабач, я не ведаў, што ты загуляла. Вельмі хацелася пабачыцца. Можа, я табе паспяваю, каб віну загладзіць?

– Паспявай, калі маеш жаданне.

Хлопец узяў у рукі гітару, пашчыпаў струны і сказаў:

– Словы і музыка мае.

– Выдатна. Ты і нотную грамату ведаеш?

– Нашто яна мне? Мелодыю трымаю ў галаве. Наогул кожны верш мае сваю мелодыю і рытм, ці не заўважала?

Ён зацягнуў сіплаватым голасам нешта невыразнае, трэнькаў на струнах аднастайна, хіба мог ён параўнацца з Касьянам, у якога гітара ў руках быццам ажывала і выцінала дзівосныя гукі, а сам музыка так рухаўся па сцэне, нібы спраўляў нейкі таямнічы абрад. Ада ўзіралася ў смуглявы твар госця, чорныя вузкія вочы пад калматым чубам і думала: «Мала ў ягонай знешнасці славянскага, хіба толькі мова. Найхутчэй атрымалі ягоныя продкі генетычную спадчыну ад качэўнікаў-обраў, якія некалі межавалі са славянамі ды збыткавалі з іх. На зіму сяліліся ў сем’ях славян, сілком бралі сабе іх жонак і дзяўчат, а пасля з’язджалі, а чарнявыя нашчадкі заставаліся ў славянскім асяроддзі».

– Мікола, скуль ты родам? – спытала яна.

– З Палесся, – не без гонару адказаў ён, – на Бабруйшчыну мяне накіравалі працаваць ветэрынарам пасля тэхнікума.

– Там дзе рэчка Обраўка, вёска Обрава ды горад Кобрын – твая радзіма?

– Не, я з-пад Століна.

– Гэта не істотна. Галоўнае, што душа ў цябе беларуская і спяваеш па-нашаму.

– Ведаеш, я хоць і вясковы, у беларускай школе вучыўся, але выветрыліся ўсе веды, пакуль служыў у войску, цяпер наганяю са слоўнікам.

Мікола праспяваў яшчэ колькі песень сваіх і чужых, нарэшце сказаў:

– Мне ў цябе падабаецца. Бадай, заначую…

– Табе няма дзе спаць? – здзівілася Ада, а сама падумала: «Вось калі ў ім обр прачнуўся».

– Ёсць ложак, але аднаму сумна, хацеў бы з табою…

– У цябе ёсць жонка для гэтае справы, – засмяялася Ада.

– Яна дома, а тут не лішне каля добрай жанчыны пагрэцца.

– Бачу: у цябе на шыі крыжык матляецца…

– Я шчыры вернік праваслаўны…

– Дык чаго ж ты мяне на грэх штурхаеш?

– Які там грэх! Бог сказаў: кахайцеся і размнажайцеся!

– Мне твая задума не падабаецца, ідзі ты, хлопец, па-добраму туды, скуль прыйшоў…

– Слухай, чаму няма гармоніі ў свеце? – спытаў ён. – Чаму я хачу, а ты – не?

– А таму, што ты шчыры праваслаўны вернік можаш сабе дазволіць награшыць, потым пакаешся і зноў будзеш рабіць тое самае. А я нехрышчоная, мне нельга грашыць, бо няма перад кім каяцца, толькі перад сабою, а гэта значна цяжэй і страшней, чым перад Богам. Павер мне. Уласнымі згрызотамі можна сябе да смерці давесці.

– Дык ты мо і ў Хрыста не верыш?

– Якая табе розніца, у што я веру?

– Хрыстос быў, навукова даказана!

– Ці мала што, Мікола, было. Мо і ты яшчэ святым угоднікам станеш. Зрэшты, ні даказаць, ні абвергнуць існаванне Бога немагчыма. Кожнаму чалавеку патрэбен хаця б уяўны абаронца. А з другога боку, калі нейкая вышэйшая сіла існуе, дык выглядае яна далёка не так, як малявалі іх мастакі – з барадою ды вусамі… Людзі стварылі сваіх багоў падобнымі сабе, а не наадварот. Разумееш?

– Калі жанчына пачынае філасофстваваць, мне робіцца сумна, бо як ветэрынар добра ведаю яе сапраўднае прызначэнне. Пайду я лепш да дзяўчат на свой пяты паверх, – расчаравана сказаў Патапеня, падхапіў гітару і падаўся з пакоя.

Ада з палёгкаю ўздыхнула і падумала: «Вось яшчэ адзін рыхтуецца ў інжынеры чалавечых душ. Усе мы толькі блудзім ды блукаем на гэтым свеце, не бачым сваёй дарогі, прызначэння, не разумеем уласнага шчасця, не навучаныя. Нешта важнае страчана ў нашым соцыуме: традыцыі, добры прыклад сям’і, што павінна жыць у вяках. А яно, тое галоўнае, рушылася і гублялася з пакалення ў пакаленне з моваю, з самабытнаю культураю, з рамёствамі, з фальклорам… Навошта я падцягвала і друкавала вершы гэтага Патапені? Нічога людскага, мабыць, з яго не атрымаецца. Хаця хто тут з нас без заганаў? У кожнага свой шлях, свае памылкі і згрызоты. У мяне таксама гэтага дабра хапае. Усе мы збеглі ў Маскву ад нейкіх жыццёвых нягод. Бежанцы ад саміх сябе…»