Читать книгу «…І прыдбаў гэты дом» онлайн полностью📖 — Мікола Адам — MyBook.
cover

– Уставай! Ну ўставай жа! – намагалася сцягнуць Зарына бацьку з чыгуначных рэек, на якіх упоперак той нерухома ляжаў. На галаве, на твары запяклася кроў і выглядала звычайнай фарбай, у якую той неасцярожна выпацкаўся. Снег, быццам мяккі пух, які вытрасала залаціста-сіняе неба, павольна падаў на пабітыя бацькавы вусны і раставаў на іх, нібыта лекуючы. – Уставай! – плакала Зарына ад бяссілля зварухнуць непад’ёмнае для яе цела. – Уставай, Чакан Валіханаў, Амангельды Іманаў беларускага разліву! – у адчаі запляскала яна па бацькавым твары далонькамі. Той замукаў нешта неразборлівае, паморшчыўся. – Уставай! Ну ўставай, калі ласка! – узмалілася Зарына. Яна пачула набліжэнне цягніка, зазвінелі рэйкі, затым данёсся гудок паравоза і агні яго з грукатам колаў разрэзалі цішыню напалам. – Уставай зараз жа! – спалохана закрычала дзяўчына. Нейкім невытлумачальным чынам, мабыць, са страху, ёй удалося прыўзняць нямоглага за плечы, наваліцца ўсім целам на яго і перакуліцца разам з ім з чыгункі ў снег. Праз хвіліну міма прагрукацеў цягнік.

Бацька не апрытомнеў і ніяк не мог дапамгчы Зарыне ратаваць сябе. Ёй давялося ўсё рабіць самой. Напружвацца да знямогі, да цемры ў вачах, да разрыву аорты і селязёнкі, але цягнуць бацьку ў бяспечнае месца праз снег, правальваючыся ў яго па калені за крокам крок, і буран, што наляцеў неўзабаве і кідаўся на дзяўчыну раз’ятраным каршаком. Так некалі выцягвалі на сабе параненых з поля бою маладзенькія кволыя на выгляд санітаркі, маючы за плячыма ўсяго сямнаццаць ці васямнаццаць гадоў.

Чаго яна панеслася за ім? Хто ён ёй такі, каб рызыкаваць уласным жыццём дзеля ягонага жыцця? Вось іменна – ніхто! Але ён так адчайна біўся, як сапраўдны леў, з Агайдарам і яго сябрукамі, што міжволі выклікаў захапленне і павагу Зарыны, якая цаніла ў мужчынах менавіта звярыны пачатак і характар. У бацьку яна разгледзела сапраўдны мужчынскі характар. Нехта ў тым, што зрабіў мой бацька, убачыць глупства, нелагічнасць і дурную браваду. Зарына ж убачыла мужчыну, які мужчынам не прыкідваўся, як амаль усе, каго яна ведала. На жаль, такія доўга не жывуць.

Колькі яму? Дваццаць два ці дваццаць тры гады? Максімум дваццаць пяць! Агайдар старэйшы за яго ў любым выпадку, як і сябрукі ягоныя. Зарына не магла адвесці вачэй ад бацькі, які сапраўды нагадваў ёй льва, атакаванага зграяй шакалаў. Ён быў прыўкрасны!

Аднак хэпі-энд бывае толькі ў амерыканскіх фільмах. У савецкай рэчаіснасці заўсёды перамагае калектыў. Бацьку калектыўна загасілі, зноў забралі ўсе грошы, знялі з рукі гадзіннік, куплены зусім нядаўна, з металічным бранзалетам, хацелі распрануць, як у мінулы раз, усё адно прападзе дабро, але чамусьці перадумалі. Завезлі ў багажніку Агайдаравага «Запарожца» да чыгункі, якая праходзіла непадалёк ад Паўночна-Заходняга праз стэп па адмысловым насыпе, і паклалі на рэйкі. Спяшаючыся, забыліся пра Зарыну, якая таксама панеслася да чыгункі бегма. На вялікае шчасце для бацькі, паспела своечасова.

Яна валакла бацьку волакам, здавалася, цэлае жыццё да ФАПа – найбліжэйшага па дарозе будынка, да таго ж з тэлефонам. Адтуль выклікала «хуткую», папярэдне адамкнуўшы дзвярны замок шпількай. Пасля зацягнула бацьку ў памяшканне, села на падлогу каля дзвярэй, паклала бацькаву галаву сабе на калені і нешта заспявала па-казахску, шчымлівае і пяшчотнае, гладзячы далонямі ягоны твар.

У бальніцы бацька не затрымаўся. Апрытомнеўшы з дапамогай дзяжурнага ўрача і медсясцёр, падзякаваў і рушыў да выхада. Яго хістала з боку ў бок, як матроса на караблі ў шторм, але на нагах ён устояў. Зарына раззлавалася на яго, калі пабачыла побач з сабой. Яна сядзела на кушэтцы ў вестыбюлі і чакала невядома чаго ці каго, хутчэй за ўсё таксі, якое выклікала незадоўга. Бацька плюхнуўся на кушэтку поруч з ёю. Дзяўчыне давялося везці яго да сябе.

У Зарыны бацька добра выспаўся, і сон замяніў усялякія лекі. Прачнуўшыся (а спаў цэлыя суткі і палову наступных прыхапіў), бацька адчуў нечуваны голад. Ён падмёў усё, што знайшоў у лядоўні на кухні. Тады сеў каля падаконніка, адчыніў фортку і закурыў, міжволі моршчыўся ад дотыку цыгарэты да пабітых вуснаў. Тое, што знаходзіўся адзін у чужой кватэры, яго не здзівіла. Бацька памятаў усё, што з ім адбылося. Больш непакоіла тое, што падумаюць пра яго на працы. Колькі паставяць прагулаў. А мо і выгавар яшчэ ўлепяць, як пабачаць на вочы: фізіяномія яшчэ тая. Не, фінгалаў не было і ліхтароў замест вачэй таксама. Затое вусны нагадвалі грыбы, а нос паходзіў на сліву. Бледна-ружовыя з жоўтым адценнем плямы на рэбрах, спіне і плячах сведчылі аб гематомах, аднак нявартых на бацькаву думку асаблівай увагі. Між тым выглядалі яны ўнушальна і любы іншы чалавек занепакоіўся б.

Пачуўшы праварочванне ключа ў дзвярным замку, бацька выйшаў у вітальню аднапакаёўкі сустрэць ратаўніцу, чым ледзь не напалохаў яе. Яна думала, што ён яшчэ ў ложку. Выскачыла ўсяго на хвілінку па хлеб і малако ў бліжэйшую краму.

– Прачнуўся, бачу, – працадзіла, разуваючыся, – Амангельды ты наш недабіты…

– Хто? – не зразумеў бацька.

– Амангельды, – паўтарыла Зарына, – нацыянальны герой.

Яна прайшла на кухню, заўважыла бацькава гаспадаранне, але нічога яму не сказала, наадварот, усміхнулася куточкамі вуснаў. Недарэмна ўвіхалася за ім дзень і ноч. А ён глядзеў на яе і не ведаў, што рабіць і казаць далей.

– Дзякуй табе, – нарэшце вымавіў.

– Няма за што, – адгукнулася дзяўчына. – Цяпер мы квіты. Я табе больш нічога не вінна. Вінны мне ты.

– Як гэта? – не зразумеў ні слова бацька.

– З-за цябе цяпер у мяне будуць праблемы, – удакладніла Зарына. – Ты павінен мне дапамагчы пазбегнуць гэтых праблем. Ты ж герой ці не? – падышла да яго блізка-блізка.

Бацька ўзяў яе за плечы і прытуліў да сябе. Яна прыўзняла галаву і пільна ўзіралася ў яго вочы.

– Вырашэнне маіх праблем, – прамовіла Зарына, дакранулася пальцамі да бацькавых шчок, – знішчыць і магчымае ўзнікненне тваіх, – дадала.

– Агайдар? – дапетрыў бацька.

Дзяўчына кіўнула.

– Не забіць жа я яго павінен, – чамусьці прашаптаў ён.

– Не так радыкальна, Амангельды, – таксама шэптам супакоіла бацьку Зарына, асцярожна пацерлася носікам аб ягоны распухлы нос. – Але ход тваіх думак мне падабаецца, – усміхнулася.

– Хто ты яму? Хто табе ён? – пацікавіўся бацька, ведаючы, аднак, што яна не адкажа, і не памыліўся.

– Гэта не мая тайна, д’Артаньян, – працытавала Зарына словы гераіні Дзюма Канстанцыі Бонасье. – Доўга расказваць і нецікава, – апусціла вочы.

Бацька не настойваў на споведзі. Яму было добра. Проста вось так стаяць, абдымаць дзяўчыну і нічога больш не рабіць – як жа гэта было добра!

Не адразу, але бацька пагадзіўся дапамагчы. Зарына запэўніла яго, што пасля яны больш ніколі не пабачацца і Агайдар таксама не патурбуе. Яна не пацікавілася, а ці хацеў бацька ніколі больш яе не бачыць, мабыць, нейкім чынам упэўнілася. Бацька ж, у сваю чаргу, не спытаў Зарыну, ці хацела б яна пабачыцца з ім зноў. Тэму яны замялі, так і не развіўшы.

У Паўночна-Заходні гэтым разам ехалі аўтобусам. Выдаўся на дзіва сонечны бясснежны прыемны пятнічны дзень. Пярэдадзень Новага года. Мінакі выглядалі заклапочанымі, але ўсё адно твары іх свяціліся святочным настроем і чаканнем нечага чароўнага, як мандарыны ў авоськах. Асабліва радаваліся дзеці. Для іх Новы год – найлепшае свята ў жыцці. З-пад верхняй вопраткі, быццам адмыслова, напаказ вызіралі краёчкі маскарадных сукенак Прынцэсы, Феі, Чырвонага каптурыка, Сняжынкі ў дзяўчынак, чые мамы ўсю ноч абшывалі казачныя ўборы бліскучай мішурой і снегам з фольгі, каб іх дочкі былі самымі прыгожымі; у хлопцаў тырчэлі чарціныя хвасты, а пад носам казыталі скуру намаляваныя гуашшу ці касметычным алоўкам старэйшых сясцёр вусы і бародкі мушкецёраў, піратаў, гусар, казакоў. Яны вярталіся з ранішнікаў, хто з бацькамі, хто з братам ці з сястрой, хто сам па сабе, але кожны з падарункам ад Дзеда Мароза і Снягуркі ў руках і цукеркамі ў шыкоўным кілаграмовым пакунку з адлюстраваннем зайца і ваўка з любімага мультфільма.

Шчаслівая дзятва абнадзейвала, што ўсё да лепшага.

Дом, у які, на колькі памятаў бацька, прыводзіла яго Зарына, прамільгнуў за акном аўтобуса, як кінакадр, але дзяўчына нават не паварушылася. Бацька мог і памыліцца, бо дамы амаль не адрозніваліся адзін ад другога і нагадвалі каменныя баракі, дзе пабеленыя вапнай, даўно пакрытай пылам, дзе проста атынкаваныя, але таксама шэрыя. Вылучаўся сярод іх толькі дом, пабудаваны з бярвенняў, каля якога яны выйшлі з аўтобуса. Аднак і ён сувора захоўваў вернасць шэраму колеру.

Яны паспелі якраз да абеду. За накрытым сталом сядзелі Агайдар, яго старэйшы брат, які літаральна ўчора вярнуўся з турмы, дзе паўгода правёў з-за хуліганства (выратаваў дзяўчыну ад гвалтаўнікоў, сярод якіх апынуўся сын старшыні гаркама, адпраўлены «злачынцам» у рэанімацыю), маці і бацька – строгі, вытрыманы, упэўнены ў сабе, можна сказаць, самурай, вельмі падобны знешне на амерыкана-японскага кінаакцёра Хіраюкі Тагаву. У свой час ён узначальваў Долінскі карлаг, зараз кіраваў Тэнтэкскай шахтай, абедаць заўсёды прыязджаў дамоў, што б ні здарылася. Менавіта дзякуючы яго сувязям старэйшы сын не атрымаў па максімуме, хоць і не быў вінаваты. У іх нават прыслуга мелася з былых сасланых немцаў, якія адаптаваліся ў казахскім стэпе.

Хутчэй за ўсё Зарына ведала, што застане ўсю сям’ю Агайдара разам, больш за тое, разлічвала на гэта, бо на выпадковасць падобнае мала паходзіла. Яна хацела раз і назаўсёды пазбавіцца ад Агайдаравага ўплыву, скампраметаваць таго перад сям’ёй, зганьбіць на вачах сваякоў, тым самым засцерагчы і сябе, і бацьку. І ёй задуманае ўдалося, а бацька быў жывым пацверджаннем цёмных спраў іх сынка. Старэйшы брат у гасцёўні, побач з абедзенным сталом, на вачах ва ўсіх прысутных збіў Агайдара, ператварыўшы яго твар ці не ў крывавую кашу. Пасля загадаў вярнуць бацьку ўсё, што адабраў, і вымятацца з гэтай хаты. Сваякі ад Агайдара адракліся.

Больш, як і прадракла Зарына, бацька яе ніколі не бачыў, як і Агайдара.

Ён угледзеў яе смяшлівы твар і вушы, падобныя на эльфійскія, зусім выпадкова, падчас пахавання дзеда, мацярынага бацькі, амаль праз пятнаццаць гадоў. Ні кроплі не змяніўшыся, яна какетліва пазірала на бацьку з фотаздымка надмагільнага помніка. Сэрца Зарыны перастала біцца праз тры дні пасля таго, як яна разам з бацькам прыціснула Агайдара.

Недзе праз год бацька пазнаёміўся з маці. Але перш, чым зрабіць крок насустрач, тры месяцы сачыў за ёю пры дапамозе дванаццацігадовай сяброўкі, якая жыла ў тым жа доме, хоць і ў іншым пад’ездзе. Яна, між іншым, і паказала, літаральна пальцам, бацьку яго будучую жонку. Можна сказаць, дзякуючы гэтаму маленькаму шпіёну бацька з маці і сустрэліся. Калі б не малая, наўрад ці што б у іх выйшла. Яна адгукалася на імя Танюха. Танюхай сябе і называла заўсёды, калі з кім-небудзь знаёмілася. Бацька выратаваў дзяўчынку, калі тая танула. Малая паслізнулася на самаробным плыце з вечка ад вялізнай драўлянай бочкі з-пад будаўнічай аліфы і звалілася з яго ў ваду кар’ера, утворанага паводкай і бясконцымі дажджамі побач з новабудоўлямі Трыццаць першага квартала. Пройдзе час, і на падобных плытах, утвораных, аднак, не з бочак, а з будаўнічых кабельных катушак, у такіх жа кар’ерах будзем гойсаць мы з братам, уяўляючы сябе то Рабінзонамі, то піратамі, то гераічнымі абаронцамі Севастопаля, нават прымем удзел у сапраўднай марской баталіі паміж прадстаўнікамі нашага дома і суседняга. На шчасце, у той вайне ніхто не загіне, хоць кожнага яе ўдзельніка надоўга прыкуе да ложка ангіна ці свінка.

Дзяўчынцы пашанцавала, што бацька ішоў паўз новабудоўлі, побач з кар’ерам. Калі б не ён, Танюха патанула б. Ужо цямнела, да таго ж месца, у якім яна апынулася, было бязлюдным. Бацька яе і не бачыў. Ён яе пачуў. Яе здзіўлены ўскрык, калі тая боўтнулася ў ваду. Дарэчы, брудную, мутную, з вясёлкавымі разводамі ад мазуту.

Наглытацца гэтай дрэні Танюха не паспела. Бацька выхапіў яе рыўком, быццам з кракадзілавай пашчы, што клацнула зубамі ўхаластую. Яму таксама не прыйшлося лезці ў ваду. Каля берага хапала іншых самаробных плытоў, з якіх бацька выбраў самы вялікі і павеславаў да тапельніцы. Заміж вёслаў выкарыстоўваліся доўгія (метраў за два) драўляныя шасты, таксама самаробныя і нават габляваныя. Глыбіня кар’ера была ўнушальная. Пры веславанні бацькаў шэст пайшоў пад ваду ці не ўвесь, ён нават спалохаўся. А дзеці ж, без усялякага прыгляду з боку дарослых, таўкліся пасля школы ў гэтым штучным моры – і нікому ніякай справы.

Карацей, выбраліся бацька з дзяўчынкай на сухое. Тая, рудая і канапатая, адразу зарумзала, як агледзела сябе, бо яе ж айчым прыб’е, калі яна з’явіцца дамоў у такім выглядзе. І бацька Танюху павёз на таксоўцы ў інтэрнат, ні на хвіліну не задумаўшыся, што пра яго могуць падумаць, калі пабачаць разам з мокрай дзяўчынкай. Ім кіраваў, бясспрэчна, здаровы розум. Хоць яшчэ было досыць цёпла, верасень толькі пачынаўся, дзяўчынку неабходна было атуліць цеплынёй ад шоку і ўнутранага холаду: яе трэсла, што паралітыка. Ён нічога пра яе не ведаў, але яму хапіла слоў пра айчыма, каб прыняць адзінае правільнае рашэнне. Танюха ж даверліва ўткнулася ў яго бок, быццам ён быў яе родным бацькам. Яна не захацела нікуды ад яго адыходзіць у інтэрнаце, бо ён меў намер папрасіць дапамогі ў знаёмых жанчын, і давялося ўсё рабіць самому. Добра, што душавыя кабіны знаходзілiся ў кожным блоку, куды бацька ўпіхнуў Танюху і загадаў неадкладна стаць пад гарачую ваду. Яна запатрабавала, каб бацька застаўся каля дзвярэй з другога боку і размаўляў з ёю, дакладней, расказваў бы што-небудзь цікавае. Бацьку давялося паслухацца.

Ён распавёў дзяўчыне пра сем самураяў, фільм пра якіх глядзеў у кінатэатры на тым тыдні. Першую палову стужкі, зразумела, праспаў, але, прачнуўшыся, адзначыў, што нічога цікавага не прапусціў, нібыта і не спаў зусім. Заснуў бацька, між іншым, у знак пратэсту. Ён хадзіў у кінатэатры толькі дзеля таго, каб глядзець кіно ў колеры, а трапіў на чорна-белае, да таго ж старадаўняе, а ў прыдачу яшчэ і японскае. Чорна-белае можна было глядзець і па тэлевізары, не выходзячы з дому і не плоцячы рубель за сеанс. Бацька ўвогуле не любіў замежнага кіно, за выключэннем французскіх стужак з Бельмандо, і на «Сем самураяў» трапіў выпадкова, за кампанію. Лепш бы застаўся ў інтэрнаце і паглядзеў чарговую серыю пра Шцірліца. Ціханаў яму падабаўся, хоць ніводнага іншага фільма з ім больш не бачыў.

Думаю, Танюху гісторыя пра самураяў не закранула ніякім бокам, зрэшты, як і бацьку. Мабыць, і расказваў ён пра іх нецікава, бо сам не быў захоплены аповедам. Распавесці ж якую-небудзь чароўную казку ці легенду не мог, бо ніколі не чытаў кніг, гэтаксама не мог нічога прыдумаць свайго па той жа прычыне. Аднак дзяўчынка не сердавала на бацьку. Яна і без таго была яму ўдзячна. Асабліва калі патанула ў яго фланэлевай кашулі і ўлеглася ў яго ложку пад коўдрай, напоеная гарачай гарбатай з малінавым варэннем ад цёткі Груні і наетая галубцамі ад той жа цёткі, якімі бацька яе пачаставаў. Ён хацеў, пакуль дзяўчынка будзе есці, памыць яе рэчы і павесіць сушыцца, аднак Танюха ўсё паспела зрабіць сама, пакуль знаходзілася ў душавой. Тады ён проста развёў рукамі. Паслаў сабе на суседавым ложку. Той недзе прыжаніўся і не паяўляўся ў інтэрнаце, але і не пазбаўляўся ад яго.

Трэба было, мабыць, завесці будзільнік, каб падняць раніцай малую ў школу, а перад гэтым адвесці дамоў. Танюха пасмяялася з бацькавага заклапочанага твару і паведаміла, што заўтра субота і школы не працуюць. Але калі яму трэба рана ўставаць на работу, то яна не супраць будзільніка. Аказалася, што і бацька з раніцы нікуды не спяшаўся. Ён увогуле знаходзіўся ў заслужаным месячным адпачынку.