Читать книгу «…І прыдбаў гэты дом» онлайн полностью📖 — Мікола Адам — MyBook.
cover

– У глабальным сэнсе, канечне, не адзін, – падтрымала цётка Груня, але збіць, як кеглю, яе разлічаны на рэзультат манеўр па ачалавечванні пляменніка было немагчыма. – Ты малады прыгожы мужчына, – працягвала яна, – які павінен мець чароўны тыл у вобразе прывабнай жанчыны знешне і гейшы ў ложку.

– Каго? – не зусім зразумеў бацька.

– Да таго ж адукаваны ў патрэбных месцах, – дадала цётка.

– І ўсе яны, выбраныя вамі, мне падыходзяць? – зрабіў выгляд, што задумаўся, бацька.

– Без выключэння, – пераможліва ўсміхнулася жанчына.

– Але выбраны яны не мной, – цвёрда сказаў бацька. – Не трэба больш мяне ні з кім знаёміць! – голасна заявіў. – Няхай яны будуць хоць каралевамі Мазамбіка! Я сам знайду сабе нявесту. Мо памылюся, але тое будзе мая памылка. Маё шчасце – справа маіх рук, а не вашых, хоць такіх родных і блізкіх.

Цётка Груня ледзь не праслязілася ад такіх слоў.

– Разумнееш на вачах, – прамовіла яна. – Як працуецца? – пацікавілася, імгненна пераключыўшыся на іншае, быццам тэлевізар.

– Добра, – усміхнуўся бацька.

Яму падабалася на шахце, асабліва заробак. У Вёсцы яму б давялося ўкалваць як валу паўгода, каб зарабіць тую суму, якую ён зарабіў на шахце за месяц, стоячы на расслабоне на люках. І гэта ён яшчэ ў забой не хадзіў. Адзіная прыкрасць – шахта мокрая, шмат грунтовай вады.

Першы заробак бацька не ведаў куды падзець. Ніколі раней ён не трымаў столькі грошай у руках. Думкі пра тое, на што іх патраціць, лёталі, абганяючы адна адну, быццам мухі. Карцела купіць усё і адразу, аднак без канкрэтнай мэтанакіраванай упадабанасці. Складзеныя напалам і рассаваныя па кішэнях рублі, траякі, пяцёркі, чырвонцы і дваццацьпяткі выпукла вытыркаліся, патрабуючы ўвагі да сябе, і балюча джалілі, бы тыя восы, калі дакранаўся да іх, сунуўшы рукі ў кішэні, як у гнёзды з небяспечнымі насякомымі. Тады аддзёргваў рукі нават з міжвольным ускрыкам, бо фантомны боль нічым не адрозніваўся ад сапраўднага.

Каля крамы з адзеннем бацька затрымаўся, пакурыў і зайшоў унутр. Выйшаў адтуль з новым чорным касцюмам, дарэчы, першым у жыцці, вастраносымі скуранымі туфлямі і кашуляй – белай у чорныя плямы картачных пік. Грошай паменела, але тыя, што засталіся, літаральна апякалі праз тканіну кішэняў.

Бацька вярнуўся ў інтэрнат, пераапрануўся ў наўё. Паглядзеўшыся ў люстэрка, спадабаўся самому сабе. Касцюм на ім сядзеў, як на артысце Лешчанка, быццам нарадзіўся ў ім. Удалую пакупку не перашкодзіла б абмыць, каб зносу не было. Напрыклад, з суседам па пакоі – інжынерам з Тэнтэкскай шахты. Заадно больш-менш пазнаёмяцца па-чалавечы. Але той так рэдка з’яўляўся ў інтэрнаце, што чакаць яго не мела сэнсу, да таго ж суботні кастрычніцкі дзень, быццам лісты шчасця, шчодра раздаваў апошняе цяпло. Адлічыўшы некалькі купюр, каб праставіцца на працы, і схаваўшы іх пад электрабрытву «Харкіў» у футаляры, абабітым сінім аксамітам, бацька вырашыў пайсці ў кабак. Пра тое, што лепш было б накіравацца да цёткі Груні з дзядзькам Жэнем і з імі адзначыць першы шахцёрскі заробак, не падумаў. Ён ніколі не быў яшчэ ў піцейных установах, але ведаў, дзе знаходзілася найлепшая, таму ногі самі прывялі да рэстарана, што падпіраў сваімі шклянымі сценамі кінатэатр «Юнацтва» па Ленінскай вуліцы.

Рэстаран расчараваў. У ім было досыць ціха, шэра і будзённа. Са сцяны без вокнаў на наведвальнікаў сумна пазіраў Ленін (вялікае пано з адлюстраваннем правадыра спускалася кілімам ад столі да падлогі), перажываючы, відаць, за перавод прадуктаў і фінансаў, якія ў любым выпадку ператвараліся ў пыл. Суседства з Леніным наўрад ці садзейнічала весялосці ці з’яўленню весялосці, напрыклад, у вобразе Снягуркі і дзеда Мароза. Але ж не сыходзіць, калі ўжо прыйшоў.

Бацька марудна, быццам у чаканні, што хто-небудзь раптам пакліча яго і выцягне з рэстарана, нібы з пасткі, рушыў да найаддаленага круглага століка, засланага аранжавым з махрамі дастарханам. Паркетная падлога пры гэтым рыпела пад нагамі як добра нагуталіненыя кірзавыя боты. Спыніўся каля століка, паклаў руку на спінку крэсла – металічнай канструкцыі ў выглядзе трона без падлакотнікаў, абабітага карычневым дзермацінам, і разгублена азірнуўся на нешматлікіх прысутных. Ніхто з іх не звярнуў на яго ўвагі, акрамя маладой афіцыянткі ўсходняй знешнасці. Не спяшаючыся, яна падышла да бацькі, трымаючы ў руках скураную чорную тэчку з меню.

– Тут заўсёды так? – міжволі запытаў ён яе.

– Як калі, – паціснула вуглаватымі плячыма афіцыянтка, працягнула бацьку меню. – Яшчэ рана для асноўнага наплыву, – памуляўшы вуснамі, дадала.

– Тады, – устрапянуўся бацька, абнадзеены яе словамі, – можа, я пазней зайду? – І паглядзеў на дзяўчыну так, нібы дазволу прасіў сысці.

– Як хочаце, – абыякава аднеслася афіцыянтка.

– Пайду я, – прамовіў бацька і ледзь не бегма кінуўся да выхада з установы.

Калі апынуўся на вуліцы, адчуў, што нават дыхаць стала лягчэй, чым у памяшканні рэстарана.

Ён закурыў. Да яго падышлі трое маладых людзей (казахаў) і адна дзяўчына, якія выйшлі з рэстарана следам за ім. Адзін папрасіў прыкурыць.

– Сумуеш? – спытаў затым бацьку. – Кампанія патрэбна? Можам і дзяўчыну для цябе знайсці, калі хочаш. Тут, – паказаў рукой на рэстаран, – мёртвае месца, не для рабочай моладзі, кшталту цябе, не крыўдуй толькі.

– Ведаеш, дзе маё месца? – узвіўся бацька.

– Ціха-ціха-ціха! – паміж імі ўклінілася дзяўчына, што падышла з казахамі. – Лепш за прыроду месцаў не прыдумалі, – ветліва ўсміхнулася бацьку.

– Намякаеш, што ў мяне грошай не хопіць на гэты пафасны фасад? – позірк у бок рэстарана.

Дзяўчына паціснула плячыма, працягваючы ўсміхацца. Яна не належала да казахскай нацыянальнасці, але і рускай назваць яе было цяжка.

– Не хвалюйся, хопіць! – паляпаў бацька рукамі па кішэнях, звяртаючыся, аднак, толькі да дзяўчыны.

– Тады тым больш прырода падыходзіць, – адзначыла яна. – Калі, вядома, ты нікога не чакаеш, – праніклівы пагляд на бацьку. І той паплыў ад яго.

Дзяўчына здавалася прыгожай і зацікаўленай ім. Ледзь прыкметная картавінка рабіла яе сапраўднай. Трое яе спадарожнікаў бацьку не палохалі, наадварот, радавалі. Ён жыў цяпер у Казахстане, а выпадку пазнаёміцца, тым больш пасябраваць з карэннымі насельнікамі краіны да сённяшняга дня не выпадала. Гэта шанец наладзіць прыватныя міжнацыянальныя адносіны.

– І дзе тая прырода? – расплыўся ва ўсмешцы бацька.

– Зусім блізенька, – усміхнулася дзяўчына яму ў адказ. – Рухайся за намі, не пашкадуеш, – абяцала ці не рай. Зноў рай? Бацька спадзяваўся, што дзяўчына мела не райскае імя. Адной яму ўжо хапіла.

Яна назвалася Зарынай. І бацька з палёгкай уздыхнуў.

Раніцай яго знайшоў вартаўнік будоўлі новай высоткі ў бетоннай трубе. У адных трусах, майцы і шкарпэтках бацька ляжаў нерухома, нібы труп, за які вартаўнік – сталых гадоў, але яшчэ не стары мужчына – яго і палічыў. Ён аж падскочыў, спалохаўшыся, калі бацька прабубніў, што змерз. Вартаўнік перажагнаўся, выцягнуў бацьку з трубы і завалок у сваю бытоўку, дзе раскатурхаў і напаіў гарбатай. З апрытомненнем з’явіўся і нясцерпны боль у галаве. У чэрап, здавалася, малацілі, не шкадуючы высілкаў, нібы ў званы, кувадламі. Бацька не ведаў, дзе ён, і не памятаў, як трапіў у трубу. Па логіцы, было зразумела, што яго апаілі і абрабавалі. Ён успомніў Зарыну і таго казаха, які з ім загаварыў. Зарына называла яго Агайдарам. І гэта ўсё. Бацька разумеў, што ён з імі некуды паехаў ці пайшоў, але нічога не памятаў. І як ні намагаўся, як ні напружваўся прымусіць памяць працаваць – не атрымлівалася. Каб падкруціць гайку якім слясарным ключом – гэта калі ласка. Памяць жа – рэч складаная і далікатная. Ёй так проста гайкі не падкруціш, калі яна дала збой.

Упэўнены, што на памяць спадзявацца няварта, бацька папрасіў вартаўніка патэлефанаваць дзядзьку Жэню і прадыктаваў нумар яго хатняга тэлефона. Дзядзька Жэня неўзабаве прыехаў за пляменнікам на машыне, аддзячыў вартаўніка трохлітровым слоікам піва і паехаў у гараж. Дамоў не павёз, каб не турбаваць і не хваляваць жонку.

Кораценька бацька распавёў дзядзьку пра свае прыгоды, пагадзіўся з тым, што вінаваты сам, і паабяцаў разабрацца з рабаўнікамі, бо дзядзька ўжо прапаноўваў дапамогу і сваю, і міліцыю падключыць.

Ну сам дык сам. Бацька заўсёды ўсе свае праблемы вырашаў самастойна. Як Чак Норыс, пра якога, зразумела, у той час ніхто ведаць не ведаў.

Адмыслова ён не шукаў Зарыну і Агайдара, але часта задумваўся, што з імі зробіць, калі знойдзе. Не ў міліцыю ж павалачэ. А вось яны могуць кінуць на бацьку заяву, калі той іх адлупцуе, і пасадзяць за мілую душу. Чамусьці ў гэтым бацька не сумняваўся. Тым не менш прыходзіў па выходных да рэстарана, прагульваўся каля дзвярэй хвілін пятнаццаць, але ўнутр не заходзіў, курыў і сыходзіў.

Толькі пад Новы год, і тое выпадкова, ён сутыкнуўся нос да носа з Зарынай у грамадскім транспарце. Вяртаўся з працы маршрутным аўтобусам і стаяў каля акна, калі на адным з прыпынкаў пасажырскай хваляй да яго грудзей вынесла дзяўчыну, прыціснула, а выхад спрэсавала. Зарына апынулася ў пастцы, якая схапіла яе і трымала мёртвай хваткай. Дзяўчына адразу пазнала бацьку, убачыў па яе вачах, аднак не спалохалася, а калі спалохалася, то на імгненне. Адчайна, куражліва засмяялася яму ў твар. Бацька раптам узяў і пацалаваў яе ў вусны, што крыўляліся насупраць ягоных губ. Яны былі халоднымі з марозу і салодкімі, як марожанае.

– Дурак! – прашаптала яна пасля.

Яны не размаўлялі і больш не цалаваліся. Зарына ліхаманкава шукала выйсце з пасткі. Бацька бачыў гэта зноў жа па яе вачах. Яны ўвесь час бегалі, быццам вавёркі: шмыг у адзін бок, шмыг – у другі, уверх, уніз. Спадзявалася, мабыць, больш за ўсё, што яе вынесе з аўтобуса гэтак жа, як занесла. Але бацька сачыў за кожным яе рухам, і проста так ёй не ўцячы ад яго.

Нарэшце Зарына дачакалася патрэбнай хвалі. Яна падхапіла б дзяўчыну нават у тым выпадку, калі б тая супраціўлялася. Зарына пераможліва азірнулася на бацьку, але той таксама трапіў у паток, што выкульваўся з аўтобуса.

Яна пабегла, як толькі кранулася нагамі заснежанай зямлі, ды высокія абцасы зімовых ботаў перашкаджалі. Бацька лёгка дагнаў дзяўчыну, схапіў за пухнаты каўнер прыталенага футэрка. Ліхтары і вочы людзей, што праходзілі міма, памылкова прымалі іх за закаханую пару.

– Дзе ён?

– Хто?

– Ты ведаеш, хто!

– Не ведаю я нічога! Пусці! Ты робіш мне балюча!

– Яшчэ не тое будзе.

– Я закрычу! Паклічу міліцыянтаў!

– Крычы. Раскажаш ім, як абрабавалі мяне і кінулі паміраць.

– Ты нічога не дакажаш!

– А ты правер.

– Мне павераць больш.

– Добра. Тады хадзем проста зараз у міліцыю.

– Нікуды я з табой не пайду!

– Ты ж так ірвалася туды. Ужо не хочаш?

– Я перадумала.

– Што так?

– Ды хто ты такі, каб указваць мне?!

– Ніхто.

– Тады пусці і гуляй, Вася, пакуль цэлы!

– Ты мне пагражаеш?

– Папярэджваю.

– Агайдара нацкуеш на мяне?

– Ты не разумееш!

– Што я павінен зразумець?

– Што ты хочаш ад мяне?

– Адвядзі да Агайдара.

– Гэта дрэнная ідэя.

– Не, геніяльная. У мяне на марозе заўсёды ўзнікаюць геніяльныя ідэі.

– Яму не спадабаецца.

– Мне пляваць. Я за справядлівасць.

– У кожнага яна свая. Лоха абуць таксама справядліва для некага.

– Для цябе? Ці для Агайдара?

– Ты яму нічога не зробіш.

– Паглядзім.

– Тут і глядзець няма чаго.

– Тады я цябе заб’ю.

– Цябе пасадзяць.

– А цябе закапаюць. Каму з нас будзе лепей?

– Ты не здатны на злачынства, фраер.

– Гэта яшчэ чаму?

– Вочы добрыя.

– Памыляешся.

– Наадварот, разбіраюся ў людзях. Так што пусці і адчальвай! Лічы, што табе пашанцавала не сустрэцца другі раз з Агайдарам.

Бацька ніколі не біў жанчын. Удар, які ён нанёс Зарыне кулаком у жывот, быў першым у ягоным жыцці. Ён не бачыў іншага выйсця. Зарына павалілася ў сумёт, схапіўшыся за жывот рукамі. Яе твар перакрывіла сутарга болю. Вочы зашкліла здзіўленнем, як шыбы марозам.

– Падымайся! – пацягнуў бацька дзяўчыну за каўнер.

Яна паслухмяна ўстала на ногі.

– Грошы ёсць? – запытала раптам.

– З якой мэтай цікавішся? – адказаў пытаннем на пытанне бацька.

– Таксоўку трэба лавіць, – памуляла вуснамі Зарына, – каб даехаць да Паўночна-Заходняга, – дадала.

– Не перажывай, – прамовіў бацька. – У мяне грошы ёсць заўсёды.

– Шкада, – сумна адгукнулася Зарына.

Бацька нічога больш не сказаў, узяў дзяўчыну за руку, разам з ёй выйшаў да праезджай часткі, спыніўся на крайку тратуара і загадаў галасаваць. Зарына выцягнула руку, адтапырыўшы вялікі палец, каб спыніць машыну.

Неўзабаве каля іх прытармазіла жоўтая «Волга» з чашачкамі на даху, і яны селі ў салон на задняе сядзенне. Зарына назвала кіроўцу адрас і адвярнулася да акна. Бацька ўзяў яе руку і прасунуў пад сваю, для надзейнасці. Зарына павярнула твар да яго, узнагародзіла недарэчнай усмешкай і зноў утаропілася ў акно.

У Паўночна-Заходнім бацьку раней бываць не даводзілася. Ён ведаў, што там на ФАПе працавала цётка Груня, і ўсё на гэтым. Пройдуць гады, і яму прыйдзецца вазіць мяне, хворага трохлетку, у Паўночна-Заходні, дзе размешчаны абласны тубдыспансер, глытаць таблеткі, што лекавалі ад палачкі Коха, якую знойдуць у маім маленькім рахіцічным цельцы. Таблеткі тыя выдаваліся пад асабісты бацькаў подпіс. Я буду абавязаны піць іх у памяшканні тубдыспансера, і, пакуль не праглыну, нас не выпусцяць. Затое пасля атрымаю ў пачастунак вітамінку – маленечкі жоўценькі салодка-кіслы кругляшок. Медсястра, што будзе выдаваць таблеткі, прыкіпіць да мяне сэрцам (нашыя з бацькам паездкі ў тубдыспансер расцягнуцца на паўгода па два разы на тыдзень), пашкадуе, што бацька жанаты, усур’ёз ці жартам папросіць пакінуць мяне ёй, бо я такі прыгожы, паслухмяны, разумны, з вялікімі сінімі разумнымі вачыма і доўгімі, як у дзяўчынкі, павейкамі… Вочы пасля, быццам хамелеоны, зменяць сінь валошак на колеры джунгляў і мяча, якія паміж сабой наладзяць спаборніцтва за месца пад сонцам і з пераменным поспехам, у прыватнасці ад настрою, кожны паасобку адсвяткуе перамогу, пакуль ім не здрадзіць зрок. Тады яны паблякнуць і назаўжды згубяць цікавасць да змагання, збітыя, нібы птушкі на ізлёце, нечаканай і неспадзяванай здрадаю таго, хто без бою пакорыцца, быццам рыцар чароўнай даме, слепаце. А прыгажосць… Прыгажосць, мабыць, так і застанецца ў дзяцінстве, там, дзе ёй найбольш утульна жылося.

Зразумела, нічога гэтага бацька не ведаў, калі ехаў з Зарынай у Паўночна-Заходні, не планаваў і думаць не мог. Усе яго думкі былі заняты тым, што ён зробіць, калі апынецца сам-насам з Агайдарам. Міжнацыянальныя адносіны яго больш не цікавілі, затое кіпела кроў у жылах, патрабуючы рашучых дзеянняў. Бацька ўяўляў, як размажа Агайдара па сценцы, адно толькі дабярэцца да яго. Ён наяве бачыў шыю вераломнага казаха, якую зварочвае, як кураняці…

– Прыехалі, – парушыў бацькаў думкафільм кіроўца таксі і агучыў кошт за праезд. Бацька разлічыўся з ім і разам з Зарынай выйшаў з машыны. «Волга», буксануўшы пару разоў пры развароце ў сумёце, чмыхнула выхлапным дымам і павіхляла адгэтуль.

Тут ліхтароў не было. Іх нават не планавалі паставіць. Затое шчодрае на зоркі навісала залацістае неба, падобнае ўзорамі на нацыянальныя дываны. Ды снег бялеў навагодняй ватаю. Тым не менш шэрыя дамы за шэрымі платамі паабапал дарогі заставаліся такімі ж шэрымі. У іх гарэлі вокны, многія аздобленыя навагодняй мішурой і гірляндамі, але адчуванне свята пры позірку на іх не ўзнікала. Недзе здалёку пачуўся сабачы брэх. Яму ляніва пачалі адказваць з розных бакоў тым самым, нагадваючы нязладжаны аматарскі хор з нейкага мультфільма.

Зарына штурханула брамку, каля якой стаяла, і, не азіраючыся, пайшла ў двор. Ведала, што бацька не адстане.

Атынкаваны, але ўжо месцамі аблуплены, як варанае яйка, дом негасцінна зарыпеў уваходнымі жалезнымі дзвярыма. Адразу ж, як увайшлі ў памяшканне, абдала цяплом і пловам, шумнымі галасамі і тытунёвым дымам. Затрымаліся ў вітальні. Зарына паглядзелася ў люстэрка на сцяне, падмазала чырвонай памадай вусны.

У вітальню з агульнага пакоя вылецеў, хутка і злосна нешта балбочучы па-казахску, Агайдар. Валасы яго былі ўскудлачаныя, кашуля расшпіленая, на вузкай плоскай грудзіне ружавеў нажавы неглыбокі, але непрыгожы шнар, вочы чырванелі набухлымі крывёю сасудамі на бялках.

– Якія людзі ў Галівудзе! – зачапіўшыся аб задраны краёк пасланага на падлозе саламянага кілімка, выгукнуў ён і пазіраў то на Зарыну, то на бацьку. – Ну, праходзьце, калі прыйшлі! – запрасіў у агульны пакой неспадзяваных гасцей і, не чакаючы тых, вярнуўся туды, адкуль выскачыў.

Бацька разгубіўся. Яму раптам захацелася сысці адгэтуль і ніколі больш не вяртацца! Што і каму ён дакажа? Каго пакарае? Вінаваціць у першую чаргу трэба было сябе. Ведаў жа, што піць з незнаёмымі нельга, тым больш ехаць з імі кудысьці. Зарына скінула футэрка, узяла бацьку за руку і павяла за сабой, тым самым прагнала яго думкі, як зграю галодных, але нерашучых ваўкоў ці, хутчэй, сабак. Бацька паслухмяна пайшоў за ёю, дакладней, за завіткамі валасоў на шыі, такіх жа, як у Раі. Да іх карцела дакрануцца, а яшчэ – схапіць дзяўчыну ў ахапак і бегчы адсюль на злом галавы ў краіну шчасця, дзе б тая ні знаходзілася.

Ён затрымаўся ў дзвярным праёме. Пасярэдзіне пакоя стаяў вялікі стол (багата сервіраваны гароднінай, садавінай, мясам і алкаголем, асобна выдзяляўся казан з пловам), абсаджаны рознакалібернымі таварышамі Агайдара, таксама прадстаўнікамі казахскай нацыянальнасці, гундзеўшымі па-свойму. У левым куце працаваў каляровы тэлевізар, экран якога адлюстроўваў буднія дні савецкага ўгалоўнага вышуку ў асобе Яўгена Жарыкава. На канапах каля правай і левай сценак была паскідана гарой адна на адну верхняя вопратка прысутных. Да адной з канап наблізілася Зарына, ззяючы бліскучай сукенкай, падобнай на рыбную луску, села, закінула нага за нагу, утапіла локаць у горцы атласна-кветкавых падушак.

Агайдар наліў дзве шклянкі гарэлкі да краёў і падышоў да бацькі.

– Вып’ем міравую, брат! – працягнуў адну шклянку яму, прыязна ўсміхаючыся. – Мой дом – твой дом, – працягваў вяшчаць, калі бацька ўзяў шклянку. – Еш, пі, колькі хочаш! Плоў, бешбармак, Зарына, усё тваё. Забудзем крыўды, будзем сябрамі!..

Апошнюю фразу Агайдар вымавіў для сябрукоў за сталом, каб тыя яго падтрымалі ўпэўненай гамарнёй.

Бацька кіўнуў, згаджаючыся, зрабіў вялікі глыток, злавіў на сабе зацікаўлены позірк Зарыны, а потым узяў і выліў тое, што засталося ў шклянцы, Агайдару ў твар.

– Не брат ты мне ні разу, – працадзіў, – нават не мар.

(Бацькаў малодшы брат загінуў у чатырохгадовым узросце, падавіўшыся яблыкам).

Цішыня павісла, здавалася, мыльным пухіром, які вось-вось лопне.

Зарына закрыла вочы рукамі ў прадчуванні чагосьці дрэннага.

Агайдар паставіў сваю шклянку на стол і абцёр твар рукавом.

Бацька павярнуўся да яго спінай і рушыў да выхада.

Агайдар схапіў шклянку са стала, ірвануўся за бацькам, падскочыў малпай і апусціў шклянку з усёй сілы на бацькаву галаву.