Читать книгу «…І прыдбаў гэты дом» онлайн полностью📖 — Мікола Адам — MyBook.
cover

Яго звалі Тадэвуш Зімоўскі. Ён быў старэйшы за бацьку і Раю на дзесяць гадоў і працаваў разам з Раіным бацькам у лесабудаўнічай брыгадзе. Паходзіў са шляхецкага роду і з’яўляўся адзіным сынам у даволі заможнай сям’і, што Раінаму бацьку спадабалася больш за ўсё, таму ён вырашыў старэйшую сваю дачку пазнаёміць з заможным палякам, каб аддаць пасля за яго і замуж. Пра тое, што Раі падабаўся іншы, ён нічога не хацеў слухаць, тым больш пра майго бацьку-галадранца. Хутчэй за ўсё Раін бацька хацеў як лепш для дачкі. З Тадэвушам у яе будзе скварка і да скваркі, у шаўках паходзіць, на пярынах паспіць. З маім бацькам нічога добрага яе не чакала, толькі безнадзейная галеча, сама сябе пракляне, параненай ваўчыцай завые ад безвыходнасці і прыгажосці пазбавіцца заўчасна, пажоўкне, як фотаздымак.

Тадэвушу Рая спадабалася з першага позірку, што не дзіўна, аднак ён не спяшаўся з прапановай рукі і сэрца, разумеў разгубленасць дзяўчыны, няёмкаць у яго прысутнасці, пра бацьку майго таксама ведаў, але не лічыў яго за праблему. Да таго ж бацьку хутка забралі ў войска. Пару разоў ён пісаў Раі, яна не адказала на яго лісты. Баба Маруся напісала яму з цягам часу, што Рая пабралася шлюбам з Зімоўскім.

За два гады службы ў войску бацька ні разу не прыязджаў дамоў у адпачынак. Вярнуўся ў Вёску ўжо пасля дэмбеля. Першаю, каго сустрэў, была Рая. Ён курыў на аўтобусным прыпынку, толькі-толькі сышоўшы з прыступак на зямлю, яна ішла проста на яго з торбаю ў руках, з якой вызіралі два боханы белага хлеба і рыльца бутэлькі з кефірам у зялёным каптурыку. На колькі імгненняў абое аслупянелі, свідруючы адно аднаго вачыма. Быццам мастакі, занатоўвалі ў памяці партрэты яна – яго, ён – яе, прадчуваючы, мабыць, непазбежнасці лёсаў і часу. А вакол іх раптам таксама застыла Вёска, маючы свой інтарэс, свае вочы і вушы, нават на асфальце, каля якога стаялі бацька з Раяй. Дзяўчына ачуняла ад міжвольнага здранцвення першаю, зрабіла крок насустрач бацьку, параўнялася з ім і, не спыняючыся, не гледзячы ў яго бок, усё ж сказала аднаму яму і так, каб толькі ён і мог пачуць:

– Калі ласка, прыходзь сёння а восьмай да старога моста. Я буду чакаць.

Не азіраючыся, пайшла далей. Як ніколі прыгожая, у белай з чорнымі палосамі на плячах, на рукавах і пад грудзямі ядвабнай сукенцы і такіх жа белых туфельках-лодачках. Цёмныя доўгія валасы яе на жнівеньскім сонцы здаваліся рудымі. Бацька глядзеў ёй услед, дакурыў, потым сплюнуў і вырашыў, што нікуды не пойдзе, што не пачуў Раіных слоў.

Бацькі яго не чакалі. Дакладней, стаміліся чакаць, прагледзелі ўсе вочы ў расчыненыя насцеж вокны, бо бацька павінен быў вярнуцца дамоў яшчэ месяц таму. Той затрымаўся, падарожнічаючы па сябрах-саслужыўцах. Аднаго паспеў пажаніць, другога памірыць з процьмай сваякоў, з трэцім загрымець на суткі ў міліцыю, з чацвёртым згубіцца ў незнаёмым горадзе і блукаць па амаль безжыццёвых вуліцах, пры гэтым пабыў у чатырох розных рэспубліках Савецкага Саюза – Украіне, дзе гуляў на вяселлі; Арменіі, дзе пасля замірэння сваякоў два дні не выходзіў з-за святочнага стала; Расіі (недзе на перыферыі), дзе саслужывец бацькаў сарваў пагоны з міліцыянта, які быў пры выкананні службовых абавязкаў, прыраўнаваўшы таго да сваёй дзяўчыны, а бацька разрульваў сітуацыю; Эстоніі, дзе займеў афіцэрскі рэмень, які падараваў старэйшы брат таго саслужыўца, з якім заблукаў у незнаёмай мясцовасці. Той рэмень затрымаў бацьку яшчэ на колькі дзён, бо ён ім перапаясаўся і здымаць адмаўляўся, хоць вайсковыя патрулі за гэты рэмень яго і супынялі ўвесь час, пасля доўга разбіраліся і дапытваліся, адкуль у малодшага сяржанта рэч, якая належыць афіцэру. Бацька рашуча адказваў, што гэта не іх справа, што ён сваё адслужыў і мае права насіць які заўгодна рэмень.

Ну неяк дабраўся да Вёскі.

Кульнуў адну чарку з бацькам (дзедам Іванам), другую, трэцюю, пачаў пазіраць на гадзіннік. Алкаголь зрабіў сваё: захацелася да Раі. Маці (баба Маруся) заўважыла, што сын нейкі неспакойны зрабіўся, хутка здагадалася, адкуль ногі растуць у гэтага неспакою. Лагодна, гэтак, як умеюць толькі маці, папярэдзіла, што не трэба яму совацца ў чужое жыццё, ламаць сям’ю, тым больш што ў Раі з Зімоўскім дзіця нарадзілася з год таму. Што ён, уломак які, свайго не зробіць з іншай якой дзяўчынай? Вунь іх колькі! Не сышоўся ж свет клінам на адной!..

Пра дзіця бацька нічога не ведаў. Ён увогуле не хацеў ведаць Раю пасля мацярынага ліста, намагаўся забыць яе, таму яму ніхто і не пісаў пра дзяўчыну. Навіна не агаломшыла, развярэдзіла душу яшчэ больш, і чамусьці захацелася выйсці на двор, задраць дагары галаву і завыць па-ваўчынаму на поўню ад скрухі і адзіноты, што і было зроблена.

Ён не памятаў яе вачэй, хоць яшчэ ўдзень на аўтобусным прыпынку глядзеў у іх. Не мог прыгадаць ні формы, ні колеру. Больш за ўсё гэта і засмучала яго, калі ішоў да старога драўлянага моста праз Нёман, пабудаванага ў тым месцы, дзе некалі вельмі даўно стаяла судовая верф, а крыху воддаль, бліжэй да першых дамоў, з якіх пачыналася Вёска, размяшчалася карчма, ад якой застаўся толькі пограб, які цяпер належаў Лукашкам.

Некалькі дваровых сабак на ланцугу аблаялі бацьку па дарозе проста за тое, што праходзіў міма. Ці пачулі, што ад яго патыхае алкаголем, пах якога не пераносілі. Бацька не звярнуў на іх увагі, працягваючы шлях. Ён не ведаў, чаго ішоў і навошта. Рая згублена назаўсёды, яна замужняя жанчына, да таго ж з дзіцем. Яму нічога не свеціць. Дзеля чаго яна паклікала яго? Самой жа сабе горш робіць.

Яна ўжо была там, калі бацька дайшоў да моста. Тая ж сукенка, на плячах шэрая вязаная кофта, павязаная на шыі піянерскім гальштукам, валасы, сабраныя ў хвост, перацягнуты гумкай.

Рая кінулася да бацькі, як толькі пабачыла, прытулілася, абняла. Ён яе не абняў, узяў аберуч твар дзяўчыны і ўгледзеўся ў вочы.

– Я так рада бачыць цябе! – паспяшалася прызнацца Рая.

– А я не, – прабурчаў бацька, пазіраючы проста ў вочы дзяўчыны.

Хоць было яшчэ досыць светла, ён ніяк не мог разгледзець колер Раіных вачэй.

– Што цябе непакоіць? – праглынула крыўду дзяўчына, палічыўшы, мабыць, што заслужыла падобныя словы.

– Твае вочы, – вымавіў бацька.

– Што? – не зразумела яна.

– Якога колеру твае вочы? – патлумачыў ён.

– Ты піў? – адчула пах алкаголю дзяўчына, і ёй стала непрыемна.

– Канечне, піў! – гучна прамовіў бацька. – А ты думала, што я хвіліны лічыў у чаканні сустрэчы з табой?..

– Хацелася б, – ледзь чутна прашаптала Рая.

– Нічога сабе заявачкі! – адпусціў яе твар бацька і зрабіў крок назад, палез па цыгарэты.

– Я рызыкавала, ідучы да цябе, – у адчаі Рая заламіла рукі.

– А на што ты спадзявалася? – закурыў бацька. – Ты здрадзіла мне! Ты! Не я табе! Выйшла замуж ды яшчэ дзіця нарадзіла!..

– У мяне не было выбару, – ціха прамовіла дзяўчына. – Я была вымушана, – дадала, абняўшы сябе за плечы.

– Угу, – сплюнуў бацька. – Дык якога колеру твае вочы? – дапытваўся.

– Ты сур’ёзна? – ледзь не плакала Рая ад роспачы.

– Як ніколі. – Навязлівая бацькава ідэя разрасталася, пагражаючы хуткім заканчэннем усяму, што паміж ім і Раяй было і магло быць.

– Зялёныя, – стомлена сказала яна.

– Вядзьмарскія, – удакладніў бацька. – Я думаў ты мой рай, Рая, а ты твань, – жорстка, без жалю дадаў, – багна.

– Ды як ты можаш! – абурана, але неяк асуджана і вінавата пралепятала дзяўчына, павярнулася да яго спінай, села на вялікі камень каля самай вады, заплакала. Плечы яе затрэсліся.

Бацька дакурыў, адшпурнуў недакурак пстрычкай у ваду, прысеў на кукішкі спінай да яе спіны, абхапіў галаву рукамі. Ён не ведаў, што рабіць і што будзе з імі далей. Разумеў, што пакрыўдзіў Раю і што неабходна, каб яна даравала. Адчуваў, што тое, што паміж імі адбывалася, няправільна. Ён намагаўся яе забыць – не выйшла.

Бацька падняўся з кукішак, падняў на ногі за плечы Раю, абняў яе і пацалаваў.

– Калі хочаш, я зараз жа ўцяку ад Зімоўскага да цябе, – абпаліла яго шчаку шэптам дзяўчына.

Ён не адказаў. Туліў да сябе, цалаваў яе шыю ў залатых мяккіх завітках.

Адмыслова бацька не шукаў з Раяй сустрэч, не прызначаў спатканняў, хутчэй пазбягаў. Яна сама прыходзіла да яго. Начамі. Стукалася ў акно пакоя, дзе той спаў, дакладней, драпала пазногцямі шкло, каб не пабудзіць бацькоў і малодшую сястру-школьніцу. Вокны хаты былі размешчаны блізка ад зямлі. Каб трапіць з вуліцы ў памяшканне (пры ўмове, што вокны будуць адчынены), патрабавалася адно высока падняць нагу і перакрочыць праз падаконнік. Пакой, які займаў бацька, выходзіў вокнамі ў сад і глядзеў на дарогу праз штакетнік плота, іншыя два пакоі і кухня пазіралі на двор. Сабакі, які б забрахаў, дзед Іван з бабай Марусяй ніколі не трымалі. Баба Маруся на дух не выносіла так званых хатніх жывёлін, асабліва сабак і кошак. Такім чынам Рая нікога не непакоіла, прыходзячы да бацькі. Незаўважанай з’яўлялася, незаўважанай і сыходзіла. Ён ніколі не пытаўся, чаго ёй каштавалі гэтыя спатканні з ім, як тлумачыла мужу свае адлучкі, на каго пакідала дзіця. Нават не задумваўся. Прыходзіла – і добра. Не прыходзіла – таксама нічога страшнага. Хутчэй за ўсё, проста шкадаваў яе, не кахаў. Рая, наадварот, напэўна, адчувала сябе шчаслівай, наталяючыся каханнем хоць похапкам, хоць невялічкімі прыгаршчамі, нягледзячы на тое, што пасля трэба бегчы назад да нялюбага мужа, і марыла аб тым, каб прачнуцца раніцай з маім бацькам разам хаця б аднойчы. Ён жа не адштурхнуў яе, не прагнаў, не забараніў бачыцца. Яна не напамінала яму пра тое, што кіне Зімоўскага адразу як бацька захоча. Ведала: не захоча. Ведала: не кіне. Бацька таксама не ўспамінаў Раін парыў пад старым мостам. Ён увогуле ні пра што не думаў і не хацеў думаць. Уладкаваўся на працу ў брыгаду электрарамонтнікаў (яна займалася заменай старых драўляных слупоў, па якіх цягнуліся правады электраперадачы, на бетонныя, дэмантажом мясцовай электрасеткі і мантажом высакавольтнай лініі электраперадач з падключэннем да Маладзечанскай сістэмы электразабеспячэння), каб не так часта бываць дома, як было б, калі б вярнуўся на цагельню, дзе працаваў перад тым, як пайсці ў войска, да таго ж на цагельню з будбрыгады перайшоў Зімоўскі.

Праца бацьку падабалася, хутка ён пачаў бегаць па слупах уверх-уніз, быццам па прыступках, налаўчыўся нацягваць правады без сумятні і з матэматычнай дакладнасцю. У брыгадзе яго цанілі, а ён рабіў усё, што ад яго патрабавалася і нават болей, каб забыцца. Работа ратавала бацьку ад Раі. Ён мучыўся сам, мучыў яе, а яна мучыла Зімоўскага. Доўга так працягвацца не магло. Таемныя бацькавы спатканні з Раяй неўзабаве сваю таемнасць страцілі, што не дзіва для вёскі. Вёска – як тая сарока: калі нешта цікавае ведае нехта адзін, абавязкова падзеліцца навінамі з астатнімі.

Зімоўскі прыходзіў да дзеда Івана (з бацькам сустракацца не схацеў), і яны ўдваіх вырашылі, што рабіць далей з Раяй і бацькам, дакладней, з бацькам.

Затым гэтае рашэнне дзед Іван пераказаў сыну, і той з ім пагадзіўся. Не адразу, зразумела, а пасля чацвёртай чаркі.

Рашэнне было такое: адправіць бацьку да малодшай бабінай сястры Груні ў Казахстан. Ён там супакоіцца, можа, застанецца, калі спадабаецца, назаўсёды, а Рая паплача-паплача, дый забудзе, і ўсё ў яе наладзіцца з Зімоўскім, які, дарэчы, вельмі кахаў жонку.

Бацькава цётка Груня была малодшай з дванаццаці дзяцей, якіх жыццё, калі тыя выраслі, разнесла, быццам пасеяла, па розных кутах былого Савецкага Саюза. Яна ж бацьку, лічы, і выняньчыла, бо дзед Іван з бабай Марусяй крыху пабылі ў Вёсцы пасля Карэлафінску і неўзабаве зноў туды з’ехалі. Пасля заканчэння школы цётка Груня з сястрой-пагодкай Соняй паступілі ў Мінскае медвучылішча. Маючы на дваіх адны туфлі і адну святочную сукенку, на танцы ў Дом культуры хадзілі па чарзе. Соня знайшла там сабе баяніста Толіка і засталася ў Мінску, працавала доўгі час медсястрой у дзіцячай паліклініцы на Сонечнай і здавала кроў на патрэбу людзям, за што атрымала званне Ганаровага Донара БССР. У Груню закахаўся салдат-срочнік з вайсковай часці, што размяшчалася ў Райцэнтры. Пазнаёміліся ж яны ў Вёсцы, падчас вайсковых вучэнняў. Праз Вёску часта праходзілі войскі ў тую пару: пехатура, танкавыя, мотастралковыя і нават дэсантныя. Паглядзець на баявую тэхніку і салдат з афіцэрамі мінакі выходзілі ўсім дваром, цікаўныя дзяўчаты выскоквалі бліжэй да дарогі, па якой пылілі вайскоўцы. Цётка Груня не была выключэннем. Яна якраз прыехала ў Вёску на летнія вакацыі паднабрацца сіл перад апошнім курсам вучобы. Вылучаючыся з усіх сясцёр непадробнай прыгажосцю, ёй бы ў артысткі кіно падацца. Не горш за Быстрыцкую справілася б з роляй Аксінні ці за Гурчанку ў «Карнавальнай ночы»: умела і спяваць так, што заслухоўваліся нават дрэвы і вецер, і танчыць гэтак, што сама Айседора Дункан пазайздросціла б. А выбрала прафесію фельдшара, больш патрэбную маладой савецкай краіне, чым артысткі. Да таго ж артысты – людзі недасяжныя, незямныя, куды цётцы Груні да іх – вельмі нават зямной, хоць і прыгажэйшай за будзь якую артыстку.

Дзядзька Жэня, калі пабачыў цётку Груню ўпершыню, – забыўся, што ён салдат і ідзе шараговым байцом у агульнай калоне. На мулкіх нагах ён выйшаў з калоны, нягледзячы на выкрыкі старшыны вярнуцца ў строй і пагрозы гаўптвахты. Цётка Груня стаяла пад разгалістай чаромхай, што расла каля двара і непадалёк ад дарогі, па якой праходзілі войскі, праводзячы позіркам ці не кожнага з тых, хто ішоў па дарозе, уяўляла, магчыма, сябе гераіняй ваеннага кінафільма, якая чакала пад чаромхай свайго каханага, героя-пераможца фашысцкай хеўры. Дзядзька Жэня падышоў да яе нячутна і бухнуўся каля яе ног на калені. Цётка Груня спалохалася спачатку, запатрабавала, каб ён зараз жа ўставаў. Аднак салдат не варушыўся і нічога не казаў, адно пазіраў ва ўсе вочы на яе. Ёй спадабаўся яго позірк, яна апусцілася на калені побач з ім, узяла за рукі. Так яны пазнаёміліся. Затым да іх падбеглі старшына і два салдаты і адцягнулі ад цёткі Груні дзядзьку Жэню. Але ён ужо ведаў яе імя і тое, што жыве яна ў двары за гэтай цудоўнай чаромхай.

Дзядзька Жэня з’явіўся праз некалькі тыдняў, прыехаў у Вёску на веласіпедзе. Дзе ён узяў транспарт, не прызнаваўся. Яны пачалі сустракацца. Пасля цётка Груня выйшла за яго замуж, іх распісалі ў мясцовым сельсавеце. У дзень вяселля дзядзьку Жэню давялося зняць вайсковую форму і апрануць штаны дзеда Івана, якія на нём выглядалі як шорты (дзед Іван быў такога ж росту, як і мой бацька, а дзядзька Жэня падпіраў галавою столь і нагадваў белабрысага Пятра Першага ў маладосці). Адслужыўшы, ён забраў маладую жонку з сабой і звёз у Тэнтэкскі стэп.

Тэнтэк – рабочы пасёлак, які ўзнік у 1955 годзе ў сувязі з асваеннем Тэнтэкскага месцанараджэння высакаякаснага каксуючагася вугаля, адкрыццё залежаў якога адбылося ў 1949 годзе геолагамі Фішманам і Думглерам у раёне рэчкі Тэнтэк на глыбіні 250 метраў. У 1961 годзе пасёлак перайменавалі ў горад і назвалі Шахцінскам, які паступова набыў статус райцэнтра. Акрамя чатырох шахт – Казахстанскай, Шахцінскай, Тэнтэкскай і імя Леніна, размешчаных вакол горада, у ім меліся Домабудаўнічы камбінат, Пасажырскае аўтатранспартнае прадпрыемства, два будаўнічых камбіната бытавога абслугоўвання, Электрамеханічны завод, Завод сінтэтычна-мыючых сродкаў (СМС), тэхналагічны і горна-індустрыяльны тэхнікумы, тры кінатэатры, тэатр, Дом культуры гарнякоў, зразумела, бібліятэкі, бальніца, паліклінікі, школы і дзіцячыя сады. Падзелены на кварталы і мікрараёны, Шахцінск ветліва ўсміхаўся кожнаму жыхару высокімі новабудоўлямі, гасціннымі крамамі, чыстымі тратуарамі, вялікімі і багатымі дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах. Ад Караганды Шахцінск аддзялялі пяцьдзясят кіламетраў па ўсходне-заходняму накірунку, ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі Карабас – дваццаць восем кіламетраў на захад. У склад горада ўваходзіла таксама чатыры населеных пункта: Шахан, Новадолінскі, Долінка і Паўночна-Заходні.

Бацьку тут спадабалася ўсё з першага позірку, асабліва шматнацыянальнае насельніцтва. Яму нават падалося, што Шахцінск – сэрца Савецкага Саюза, бо ў горадзе жылі прадстаўнікі ўсіх савецкіх рэспублік, больш за тое – народнасцей. Побач адзін з адным суіснавалі чачэнцы і рускія, абхазцы і грузіны, немцы і беларусы, казахі і карэйцы, яўрэі і арабы, армяне і таджыкі, казакі і татары, украінцы і малдаване, мардвіны і ненцы, дагестанцы і чувашы… І яны не варагавалі паміж сабой, не дзялілі тэрыторыю і не падстаўлялі, злараднічаючы за спінай. Гэты горад падаваўся адзіным згуртаваным калектывам дружбы і ўзаемаразумення. Усе дапамагалі адзін аднаму, кагалам спраўлялі вяселлі, дні нараджэння і дзяржаўныя святы, тым жа складам памерлых праводзілі ў апошні шлях. Незнаёмы хвіліну таму чалавек тут праз колькі секунд размовы рабіўся лепшым сябрам да канца жыцця.

Бацька адчуваў сябе нібы нанова народжаным. Да таго ж цётка Груня з дзядзькам Жэнем прынялі яго як роднага сына і шчыра паўдзельнічалі ў далейшым лёсе пляменніка. Дзядзька Жэня працаваў шафёрам на аўтабазе, ведаў патрэбных людзей, і тыя ведалі яго. Па пятніцах у ягоным гаражы часта абмывалі ўдалы працоўны тыдзень бутэлечным, а калі-нікалі разліўным бачкавым півам. У адну з такіх пятніц ён пазнаёміў пляменніка з сябрам, які працаваў не апошнім чалавекам на Шахцінскай шахце, і той узяў бацьку да сябе ў брыгаду. Але спачатку адвучыўся тры месяцы на слесара-мантажніка. Ад шахты выдзелілі пакой у інтэрнаце, і ён перабраўся туды, хаця цётка Груня з дзядзькам Жэнем не супраць былі, каб пляменнік заставаўся ў іх. Бацька б застаўся, але адчуваў сябе няёмка ў двухпакаёвай кватэры, дзе жылі, акрамя цёткі з дзядзькам, яшчэ іх два сыны-старшакласнікі. Зразумела, яму ніхто нічога не шкадаваў і любілі яго не ў пазыку, а ўсё ж, атрымаўшы інтэрнат, уздыхнуў з палёгкай. Самастойна жыць – яно заўсёды лепш. Канечне, бацька не забываўся на сваякоў, наведваў часта, цётка Груня ж і накорміць, і напоіць, а сталоўская ежа не ішла на карысць і выклікала пякотку. Нярэдка цётка адмыслова запрашала бацьку ў госці і знаёміла з якой-небудзь абавязкова незвычайнай, разумнай і працавітай красуняй. То немку прапануе – перспектыўнага хірурга з млявым позіркам, то бібліятэкарку з раскосымі вачыма і безліччу доўгіх касічак да падлогі, то лейтэнанта з дзіцячага пакоя міліцыі – рыхтык здобную булачку, а то гімнастку-аматарку з мясцовага тэатра – гутаперчывую і рудавалосую. Бацьку ўвесь час здавалася, што канца-краю не будзе гэтым знаёмствам, а цётка Груня пёрла напрамкі, як танк, на рэкорд па перавыкананні плана зводніцтва. Неяк бацька не вытрымаў і запытаўся, навошта яна гэта робіць.

– Шчасця табе хачу, – не разгубілася тая. – Дзяўчаты ўсе правераныя…

– Кім правераныя? – удакладніў бацька.

– Часам правераныя, – зноў не разгубілася цётка. – Чалавек не павінен быць адзін…

– Я не адзін, – запярэчыў бацька.