Читать книгу «Вершнікі на дарозе» онлайн полностью📖 — Маргарыта Латышкевіч — MyBook.
cover
 

































































Даўняя пушча, дарма што падавалася бясконцай, урэшце адступіла-такі. Спачатку рассеяўся зеленаваты паўзмрок, тады радзейшымі сталі дрэвы, пасля замест векавых волатаў дарогу абступілі іх унукі і праўнукі, таксама моцныя, але без той спрадвечнай велічнасці ды магутнасці. З узлеску, дзе густой сцяной стаялі, цягнучыся з кустоўя да сонца, тонкія сеянцы, было добра відаць рэдкія пагоркі, зарослыя дубровамі, а між імі – адваяваную ў пушчы зямлю, лугі і палеткі. Пасвіліся авечкі, перарывіста звінела жалейка, і рэдкія разложыстыя дубы ды хвоі, пакінутыя пасярод поля, глядзелі самотна, сіратліва.

Тут, сярод гэтых прыручаных, змененых працоўнымі рукамі абшараў у лепшую долю для людзей, у будучыню, толькі для іх прызначаную, верылася. Прынамсі, верылася значна болей, чым на дзікіх пустках, дзе з верасовых суквеццяў вырастаюць чароўныя коні, або ў вячыстай пушчы, чалавеку не падуладнай.

Над дубровамі пачынаў патроху налівацца барваю захад, а таму, крыху перавёўшы дыханне на ўзлессі, зрабіўшы па глытку з біклагі з травяным напоем, яны рушылі далей, несліся нястомна, быццам дзве верасовыя віхуры. Каляіны ацяжэлі, паглыбіліся, сама дарога заўважна раздалася ўшыркі і часта давала адгалінаванні. Тыя разыходзіліся то ўправа, то ўлева, беглі, кружляючы, цераз палі і лугі, цераз дубровы, і было бачна, як у аддаленні падымаюцца ў неба дымы ачагоў. Гэта быў абжыты чалавекам, досыць густа заселены кут, і Лелю тым больш дзіўным падавалася, што чары не-людзей могуць мець тут сілу, ды і ўвогуле – існаваць.

– О, нашыя чары паўсюль, – адказаў Йурай на Лелева нясмелае пытанне, калі яны прыпыніліся на адным з раздарожжаў. – Мы жывём тут вельмі даўно, чалавечае дзіця. І нашыя чары, і мы – частка гэтай зямлі.

– А як жа тыя «часы людзей»? – Лель перадаў лютністу яго біклагу і ацёр даланёю вусны. – Што ж тады будзе… з чарамі?

Ён хацеў спытаць – «з вамі», але язык неяк не павярнуўся.

– Аднойчы ўсё заканчваецца, – адгукнуўся Йурай, памаўчаўшы. – Старое мусіць сысці, каб прыйшло новае. Такі лад рэчаў у свеце пад месяцам, чалавечае дзіця.

– І… – Лель зябка павёў плячыма. Яму чамусьці да болю шкада стала чараў, нязвыклых і прыўкрасных, і змяіных звіваў ліній на камянях, і верасовага мора на дзікіх пустках. – Няўжо нічога нельга зрабіць?

Йурай усміхнуўся.

– Часам я задаю сабе такое ж пытанне, – адказаў ціха. – Але не ведаю адказу.

Верасовыя скакуны неслі іх далей і далей. У засені дубоў па пагорках часта бялелі стаячыя камяні, і тады ў вецер, апроч перашэптвання лісця, упляталіся ледзь заўважныя чалавечаму слыху зыкі. Лель, заплюшчваючы вочы, засяроджана прыслухоўваўся – і чуў, адрозніваў, як цягнуцца і трымцяць даўнім глыбінным спевам сярэбраныя ніці чараў, што сыходзілі з самой зямлі.

Што былі голасам гэтай зямлі.

Прошчы пелі і гаварылі – можа быць, між сабою, можа быць, гукаючыся з цёмнаю пушчай, што ўсё аддалялася, аддзеленая апрацаванай зямлёй. І гэты спеў незаўважна быў паўсюль, дамешваўся да дробату капытоў і бразгання збруі, да крокаў ветру ў прыдарожных зарасніках, да перазвону вады ў соннай рачулцы, што давала нырца пад гулкі масток цераз глыбокі яр.

За ярам Йурай пусціў каня ступою. Лелеў скакун без аніякай указкі вершніка сцішыў хаду таксама, і зараз яны ехалі куды павольней, прыглядаючыся да ваколіцы. Магутныя дубы, у якіх дзе-нідзе пачынала ўжо залаціцца лісце, непарушна стаялі на пагорках, а часам і спускаліся ніжэй, ледзь не да самой дарогі. Мясцовыя, падобна, часцяком вырубалі тут векавыя дрэвы для ўласных патрэб, і Лель не без шкадавання глядзеў на разарэнне дуброваў: дубы яму падабаліся. І ўвогуле тутэйшы край падаваўся да дзіўнага блізкім, нечакана сваім, быццам Лель пасля доўгага падарожжа, нарэшце, вяртаўся дамоў.

– То мы едзем да прошчы? – спытаў Лель, асабліва не спадзеючыся на ўцямны адказ. Проста надакучыла маўчаць, ды і сама імклівая шматгадзінная скачка адзывалася і ў целе, і ў душы стомленасцю.

– Менавіта, – спакойна пацвердзіў Йурай.

– Бо там вашыя камяні… як гэта… болей не пяюць?

– Менавіта так, дзіця.

– І таму ты… вырашыў дапамагчы мне?

– О, – Йурай пакруціў галавой, і падала голас завушніца. – Не падманвайся. Я не дапамагаю табе. Мне, чалавечае дзіця, насамрэч мала справы да твайго праклёну.

– Але ж ты выправіўся разам са мной…

– Таму што так трэба, – перапыніў Леля лютніст. – Таму што гэта Яе воля. Таму што ўсё, што сустрэну на гэтым шляху, пасля наніжацца на ніці слоў і гукаў, стане музыкай для Курганова Поля. Ну, або таму, што чалавечых дзяцей трэба скіроўваць на шляху, іначай яны папросту не здолеюць дабрацца да месца. Выбірай, што болей падабаецца.

Лель пачухаў патыліцу, збіраючыся з думкамі.

– Таму што… ты нешта там такое пабачыў, – ціха мовіў ён, прыгадаўшы начную размову, і Йурай варухнуў цёмнымі бровамі і падціснуў вусны. Што б ён ні ўбачыў, распавядаць пра гэта лютніст не спяшаўся.

Коні мерна мясілі капытамі дарожны пыл, а Лель тым часам разважаў, зводзячы ў адно ўсе нітачкі здагадак. У яго хапіла клёку звязаць спеў камянёў у прошчах з чарамі не-людзей, і абрыў таго спеву, з якой-кольвек прычыны, мусіць, азначаў разарваныя закляцці, разбітыя чары. Ясна, што не-людзям тое зусім не даспадобы, адно Лель трохі сумняваўся, ці будзе вяртанне кургановых чараў на карысць чалавеку. Дакладней, пра карысць ці шкоду чалавеку кургановы народ наўрад ці стане задумвацца.

З іншага боку, і людзі не дужа заклапочаныя лёсам тых, з Курганова Поля.

Пра халоднае жалеза Лель таксама прыгадаў тое-сёе, пакорпаўшыся ў памяці, успомніўшы вусцішныя бабуліны казкі. Быццам бы некалі самыя адважныя і ўмелыя ваяры сярод людзей выкоўвалі адмысловую зброю для бітваў з народам курганоў. Звычайная сталь аднаго з вагнявокіх не заб’е, і нават звычайны жалезны нож проста параніць. А вось загаворанае халоднае жалеза, нават яшчэ і не ўдарыўшы, цягне з не-людзей сілу, раз’ядае, як іржа, спляценні іхніх чараў, ломіць волю і рушыць сілу.

«То, можа быць, – Лель унутрана пахаладзеў, але ўсё-такі не мог пра гэта не падумаць, – можа быць, і добра, што даўняе загаворанае жалеза адабрала ў каменнага кола мову, разарвала ніці наведзеных чар?»

– Спеў камянёў, – загаварыў Йурай, быццам прачытаў у зацягнутым маўчанні Леля гэтае пытанне. – Важны не толькі для нас, чалавечае дзіця. Як думаеш, чаму каменныя чары ўкрываюць усю гэтую зямлю? Чаму прошчы раскіданыя па самых глухіх кутках?

– Я не… – прамармытаў Лель, прысаромлены, адчуваючы, што яму і насамрэч зазірнулі ў не самыя годныя думкі. – Не, не ведаю. Чаму?

– Таму што, – адчаканіў лютніст, – гэтыя чары аддзяляюць нас ад нечага, што страшнейшае за «не-людзей». Або нават за чалавечых дзяцей.

– І што гэта? – Лель зацікаўлена прыўзняў бровы. – Тое страшнейшае?

У перачутых ім бабуліных казках нічога такога не было, ды і Лелю цяжкавата было ўявіць штосьці болей жудаснае, чым Дзікі Гон. Ці чары, здольныя пераўтварыць чалавека ў звера. Ці… Тут Лель прыгадаў чорныя бездані ў зрэнках Той, у сне, які не быў сном, і скалануўся, быццам ад халоднага ветру.

– Можа быць, – нядобра ўхмыльнуўся лютніст, – гэта пачвары, што паглынаюць тых, хто задае зашмат пытанняў!

Лель змрочна засоп. «А можа быць, – працягнуў ён пра сябе, перадражніваючы, – можа быць, ты проста не хочаш адказваць». Праўда, выпрабоўваць цярплівасць Йурая або нават і тых уяўных пачвар Лель не рашыўся і палічыў за лепшае замаўчаць.

Ваколіца, падобна, сапраўды была добра абжытая, бо чым далей, тым болей сустракалася ім людзей. Хтосьці працаваў у полі і паварочваўся на конскі тупат, прыглядаючыся да вершнікаў. Хтосьці прамінаў пратаптанымі сцежкамі да сяліб, несучы мяхі ці кошыкі, а то і вязанкі дроў. Раз-пораз і вазы паўзлі па дарозе, насустрач ці ў той жа бок, і суровыя барадатыя вознікі падазрона касіліся на нябачаных верасовых скакуноў.

Хутка за бліжняй дубровай паказалася ўмацаванае селішча, і на драўляных вежах за ўтравелымі равамі танчылі пад ветрам барвовыя сцягі. Стуль несліся чалавечыя галасы, пах дыму і голас металу пад кавальскім молатам. Туды, да дыму і металу, паўзло некалькі цяжка нагружаных вазоў, грукаталі коламі па пад’ёмным мосце. Лель пытальна зірнуў на Йурая, але той адмоўна пахітаў галавой: іх дарога ішла далей на поўнач.

І чым далей яна ішла, тым больш занядбанымі, здзічэлымі станавіліся мясціны. За наступным жа раздарожжам пазнікалі дымы раскіданых па дубовых узгорках селішчаў. Не бялелі на схілах авечыя чароды, не падавала голасу жалейка. Хутка стала відавочна, што шлях сюды быў закінуты: каляіны зарасталі травою. Вакол раптоўна раскінулася бязлюддзе – зусім як на верасовых пустках, – і расцякалася цішыня, даўкая, цяжкая, як бы пераднавальнічная. Зыкі каменных колаў, што ўпляталіся ў вецер, тут не гучалі, і нават птушыная драбяза ў прыдарожных зарасніках не ўсчынала вясёлага перазвону.

Край быў безгалосы. Мёртвы.

– Адчуваеш, пэўна? – мовіў Йурай нягучна, і Лель часта паківаў. Ён сам не здолеў бы ўцямна патлумачыў, што іменна расцякалася вакол, але гэтае нядобрае адчуванне было самым рэчыўным і толькі мацнела, аблягаючы дваіх вершнікаў шчыльней.

– Мы блізка, – сказаў лютніст. – Будзь напагатове.

Верасовыя скакуны пафырквалі, трывожна стрыглі вушамі. Падобна, нядобрая ціша, якая затапіла ўсё вакол, ім таксама была не пад густ. Лель, шкадуючы, пагладзіў свайго каня па шаўковай шыі – і са здзіўленнем зразумеў, што нястомны звер, створаны чарамі, успуджана дрыжыць.

Можа, трывога ад каня перадалася і Лелю, бо праз пэўны час страх быў паўсюль, у самым паветры. Страх пранізваў і дубовае вецце, што спляталася над дарогай, і трапяткія галіны зараснікаў. Страх гучаў у голасе ракі, амаль цалкам укрытай, быццам схаванай за альхоўнікам. Страх варушыўся ў ценях ад вершнікаў, што клаліся на сухую траву, на багун і дурнап’ян. Між звівастых каранёў і зблытаных сцяблін варушыліся, быццам клубок, іншыя цені, якія слізгалі, сачыліся і сачылі пільнымі позіркамі. Лель заўважаў ламаныя рухі краем вока, паварочваў галаву – ды бачыў толькі старыя дубы і шапаткія травы. Але неспакой рос у ім, і пальцы мацней сціскаліся на аброці.

Напэўна, з той прычыны, знянацку згледзеўшы на ўзбочыне цёмную постаць, Лель ледзьве не ўскрыкнуў. А тая вусцішная постаць махнула рукою, просячы іх прыпыніцца, і адразу ж ступіла на дарогу, ледзь не пад капыты верасовых скакуноў.

Зрэшты, цёмнаю ды вусцішнай яна была толькі таму, што насіла плашч. Цяпер, калі Йурай і Лель спынілі коней, капюшон упаў, адкрываючы растрапаную русую касу і жывы твар з яснымі шэрымі вачыма пад упартымі бровамі, з белаю паласою шрама ля пульхных вуснаў. Твар быў жаночы, ці, дакладней, дзявочы, досыць юны, і Лель падумаў быў, што беднае дзяўчо згубілася і шукае дапамогі.

Адно толькі ў руках у яе быў рагавы лук, а на сцягне калчан са стрэламі. Таму ані згубленай, ані безабароннай дзяўчына не выглядала, ды і загаварыла зусім без боязі, упэўнена, нават строга:

– Вы на поўнач едзеце? Дарма. За дубровай дарога зусім дзічэе, а далей заклятае возера з нелюдскімі камянямі. То лепей паварочвайце.

«З нелюдскімі камянямі», – паўтарыў Лель шэптам, і яго ажно перасмыкнула. Занадта ярка прыгадаўся човен, што вёз іх з маленькай сястрою цераз начную раку, ікол маладзіка ў цёмным небе, і шлях па мокрым пяску, і ў грозным каменным коле – вычварная здань, хіжая да дзіцячай крыві.

– …а калі, – адказваў тым часам дзяўчыне Йурай. – Калі менавіта тое заклятае возера ды нелюдскія камяні нам і патрэбныя, чалавечае дзіця?

Яна звузіла вочы, разглядаючы лютніста і верасовага скакуна пад ім, пасля кінула ўважлівы пагляд на Леля, які міжволі ўнутрана сцяўся. Апошнім часам яму падавалася, быццам, гледзячы на яго, людзі лёгка могуць заўважыць заключанага ўнутры звера – і, як звера, пагоняць ад сябе.

– …то вы нелюдзі? – працягнула дзяўчо трохі расчаравана. – А і ўсё роўна: кажу, на возеры нядобра. Здані там. Паварочвайце, кургановыя, да душы. Нават і вас – шкада.

Йурай насмешліва чмыхнуў.

– О, гэтае чалавечае спачуванне, – сказаў, пахітаўшы галавою.

– А сама? – не стрываў Лель. – Сама нашто тут цягаешся, калі побач здані і страхі?

Яна паціснула плячыма.

– Палюю, – патлумачыла проста. – Сцежкі-та ведаю. Казулю, бач, няўдала падстрэліла, а яе ад спуду сюды панесла. Ішла па слядах, а тут вы. Ну, думаю, дай папярэджу, а то…

– Казулю, значыць, падстрэліла? – паспешліва перарваў яе Йурай. Дзяўчо паківала.

– Ну так, – адказала. – Блізка паўдня якраз, на сцежцы з вадапою. Схібіла трохі – слізганулі пальцы. Дык падранак і збег. Праз уласную дурасць давялося паўдня высочваць, вышукваць крывавы след на зямлі ды апалым лісці.

Лютніст, пакуль дзяўчо распавядала, стрымана ківаў і яўна нешта абдумваў, паціраючы падбароддзе. Пасля спешыўся – і са скуранога чахла ад рэзкага руху сонна падала голас лютня. Дзяўчо, нахіліўшы галаву трохі набок, з бессаромнай цікаўнасцю яго разглядала – і франтаваты камзол, што паказваўся з-пад дарожнага плашча, і завушніцу, што знічкай мільгала ў светлых валасах.

– Сам-та не паляўнічы, нелюдзь, – сказала дзяўчо задуменна. – І нашто табе туды?

– То як там след падранка ты знайшла? – трохі раздражнёна кінуў Йурай, быццам і не пачуў пытання. – Далёка ён быў?

– Ды побач, – дзяўчо махнула рукой кудысь убок. – След да возера якраз спускаўся. Казуля нядоўга, мусіць, яшчэ пабегае: шмат крыві страціла.

– Неба бачыць, пабегае нядоўга, – пагадзіўся Йурай, усміхнуўшыся востра, па-ваўчынаму, і павярнуўся да Леля: – Хадзем. Цяпер асцярожна.

Лель нехаця саскочыў на зямлю. Лютніст, верагодна, меркаваў адсюль ісці пехатою, а набліжацца да жывых ценяў, што варушыліся вакол, адчайна не хацелася, ажно дрыжыкі беглі па скуры. Не столькі ад страху нават, колькі ад гідлівасці да вычварнага віравання ды сіплага перашэптвання.

– То ты што, нелюдзь, – дзяўчо прыўзняла брыво. – Хочаш па следзе ісці? Кажу ж, занадта блізка ад возера. Я хоць ваколіцу сяк-так ведаю, а ўсё роўна туды не сунулася б.

– Мне ведаць не трэба, – адгукнуўся Йурай трохі звысоку. – Я бачу.

– А я бачу, – адказала дзяўчо, назнарок падладжваючыся пад ягоны тон. – Што азёрныя крывасмокі ды відмы пакінуць ад дваіх нелюдскіх дурняў рожкі ды ножкі.

Йурай нахмурыўся: мабыць, не звык, каб з яго збівалі пыху, ды яшчэ і хтосьці з чалавечых дзяцей.

– Нелюдскія справы, – мовіў ён, чаканячы словы, – не для смяротных вачэй. То вяртайся да сваіх ачагоў, дзіця людзей, як хутчэй вяртайся, бо змрок хутка прыпадзе і здані выйдуць са сваіх сховаў. А ўвогуле, тое, што тут адбываецца, як і шляхі народу курганоў, не твайго розуму справа.

– Не так вас нават, як вашых коней шкада, – мовіла ўпартае дзяўчо, хмурачыся не горш за лютніста. – Жывёла-та чым вінаватая?

У адказ Йурай працягнуў руку ў бок верасовых скакуноў ды зноў вымавіў тое слова без гуку. Прайшла рабізна па паветры, узвіўся дарожны пыл – і коні, якія толькі што білі капытамі па дарозе, развеяліся, як мроя. Засталіся адно падсохлыя суквецці верасу на зарослых шорсткай травой каляінах.

– Не табе шкадаваць нас, – сказаў лютніст. – Ідзі сваёю дарогай.

А дзяўчо ўражана глядзела туды, дзе толькі што стаялі верасовыя скакуны, і вусны ў яе былі дрогкія, быццам хацеў сарвацца выгук – ды не мог. Йурай адным нядбайным кіўком прыспешыў Леля, і збочыў з дарогі – упэўненым, пругкім крокам. Лелю нічога не заставалася, як паспяшацца за лютністам. Зрэшты, ён дазволіў сабе азірнуцца на дзяўчо – і пабачыў, як тая нахінулася і асцярожна, двума пальцамі падабрала з дарогі кветкі верасу.

Лютніст ішоў хутка і лёгка, ступаючы па-ваўчынаму бязгучна. Побач з ім Лелю падавалася, быццам сам тупае аглушальна, штохвіліны натыркаецца на сухое вецце, спатыкаецца аб карані ды купіны. Драпежныя цені ўсё варушыліся ў цёмных кутках, паўзлі следам, і Лель адчуваў хіжыя пагляды на спіне – яны калолі, як атрутныя іглы.

Ці то дзяўчо правільна ўказала накірунак, ці то Йураева ваўчынае чуццё не падвяло, але і гадзіны не мінула, як яны выйшлі на след падстрэленай казулі. Йурай апусціўся на адно калена побач з зыркімі плямінамі пад тонкімі рабінкамі, вывучаючы сляды бліжэй. А Лель выразна пачуў, як узрыкваюць галодныя цені, як сквапна цягнуцца яны да яшчэ не астылай жывой крыві. І сам пачуваў сябе стомленым падранкам, за якім спяшаецца драпежнік. І думаў: «А ці сапраўды варта ім ісці за той параненаю казуляй, калі тыя, галодныя, прагныя, неадступна крочаць па тым следзе таксама?»

Лель нават паспрабаваў – шэптам – задаць гэтае пытанне лютністу. Той, аціраючы пальцы аб лісце арэшніку, пакруціў галавой, дзынкаючы завушніцай.

– Гэтыя – драбяза, – спакойна адказаў Йурай. – На гэтых ты нават не зважай, чалавечае дзіця. Горшае чакае наперадзе, вер мне.

– І чаму наперадзе заўжды горшае, – забурчаў Лель сабе пад нос, стараючыся не заўважаць няспынны рух льсняных драпежных ценяў па баках. Лютніст, пачуўшы ягонае бурчанне, крывенька ўсміхнуўся.

– Дурны верыць у шчаслівы выпадак, – мовіў. – Мудры рыхтуецца да горшага.

– То лепей, значыць, быць дурнем, – буркліва адгукнуўся Лель. – Калі мудрацам усё роўна шчаслівых выпадкаў не свеціць.

На гэта лютніст адказаў прыдушаным смяшком.

– Паспрабуй, – параіў весела. – Раптам атрымаецца.

Неба паступова згасала над рабінамі, над зялёнымі шапкамі дубоў, і цені гусцелі, нахабна падкочваліся бліжэй і бліжэй. І цішыня гусцела таксама, налівалася варожасцю, ціснула на вушы, абляпляла твар, замінаючы дыхаць. Лель ледзь перастаўляў ногі, ідучы за Йураем, і часта аціраў пот з ілба, і ніяк не мог перавесці дыханне.

А пасля дубы расступіліся, і стала відаць светлыя хвалі возера, пафарбаваныя захадам. З узгорка, на якім яны прыпыніліся, ясна праступала ўнізе круглае азёрнае ложа, і скалісты астравок сярод хваляў, і пакатыя берагі ў касматай поўсці цёмнай травы. Далей паблісквала рака – тая самая, мусіць, што бегла, укрытая алешнікам, уздоўж закінутай дарогі. На дальнім беразе відаць было колькі счарнелых ад часу і сырасці, добра патрапаных непагаддзю будынкаў, верагодна, закінутых. Калі нехта і спрабаваў тут абжыцца, то досыць даўно сышоў.

Вецер прыносіў з азёрнай даліны шэпты трыснягоў і дробныя пырскі вады. Па чыстай вадзяной паверхні плылі адбіткі падсіненых хмараў, і ўсё вакол выглядала спакойным і заміраным. Толькі ад гэтай навакольнай заміранасці трывога разгаралася яшчэ мацней, і сэрца тахкала часта, быццам спрабавала выскачыць з грудзей.

На дубовым узгорку, гледзячы на возера, у якім згасала неба, яны прыселі адпачыць – ці, як удакладніў Йурай, прычакаць.

– Чаго прычакаць? – не ўцярпеў Лель.

Лютніст усміхнуўся. А пасля загаварыў.

– След параненай казулі цягнецца па пагорках, быццам зыркая барвовая ніць. Ваўчыным чуццём яе лёгка злавіць, і ясна: падранак, хістаючыся, ідзе да вады. Сонца сядзе, і на пах крыві пачнуць збірацца мясцовыя драпежнікі, меншыя і большыя. Не змогуць супрацьстаяць адвечнаму Голаду, выберуцца з берлагоў.

– І ты… збіраешся ўпаляваць іх? – у Леля перасохла ў горле, а сэрца ўпала ў гулкую пустку. Ён прыгадаў, што пры сабе не мае аніякай зброі, і пахаладзеў, і неспакойна закруціўся на месцы. Лелевы продкі не былі ваярамі, і змалку яго вучылі адно апрацоўваць зямлю ды вудзіць рыбу.

Йурай, аднак, пахітаў галавою.

– Я не паляўнічы, – мовіў. – Таму… лепш трымацца падалей ад драпежнікаў.

– Спадзяешся, што атрымаецца, каб падалей? – недаверліва звёў бровы Лель. Йурай паціснуў плячыма з зайздросным спакоем.