Читать книгу «Вершнікі на дарозе» онлайн полностью📖 — Маргарыта Латышкевіч — MyBook.
cover
 

































































– Атрымаецца, – адказаў. – Прынамсі, да той пары, пакуль драпежнікі будуць занятыя лёгкай здабычай.

– Ну, давай верыць у шчаслівы выпадак, – падагульніў Лель, цяжка ўздыхнуўшы.

– Як апошнія дурні, – вельмі сур’ёзна паківаў лютніст. – І… на ўсялякі выпадак рыхтавацца да горшага.

Верачы і рыхтуючыся, бавілі час у траве пад дубамі: Йурай – сузіраючы мірнае возера ўнізе, Лель – трывожна прыглядаючыся да няспыннага, патаемнага руху ў зарасніках. Лелю думалася пра тое горшае, што можа прыдарыцца, і досыць жыва ўяўляліся незлічоныя пачвары, што выпаўзаюць з цёмных куткоў. Успыхнула, пакорлівае слову-без-гучання, пад рукою лютніста чароўнае полымя, і драпежныя цені з віскатам адхіснуліся, і злавесная цішыня раздалася ўбакі, зрабілася не такою густой.

Так, чакаючы, яны паспелі нават падсілкавацца, і травяны ўзвар з Йураевай біклагі разліваўся па ўсім целе пругкімі цёплымі хвалямі. Ад траваў у напоі ў стомленых руках і нагах ажывала прыхаваная сіла, марнеў люты голад – не чалавечы, а мядзведжы, – што патроху накатваў аднекуль знутры і настойліва прасіў выхаду. І ў Леля трохі святлела на сэрцы, нягледзячы на злавесную цішу, што душыла з усіх бакоў.

– Дык усё-такі, што – там? – спытаў Лель, ківаючы на возера.

– Прошча, – адказаў Йурай у сваёй звычайнай манеры.

– Гэта я разумею, – Лель пакасіўся на лютніста, які, выцягнуўшы лютню, цяпер важдаўся з ёю, нешта падкручваючы і спрабуючы галасы струн. – Што з тою прошчай?

– Знямела, – мовіў Йурай, і струны загулі неяк не так, як лютністу хацелася, бо ён незадаволена цыкнуў і зноў пачаў заклапочана нешта падкручваць.

– І гэта я разумею, – раздражнёна азваўся Лель. – Што… не пяе ды ўсё такое.

– То нашто пытаеш?

Лель толькі засоп, адкінуўся на спіну, у траву, і стаў змрочна глядзець у неба. Там паступова бляклі апошнія водбліскі захаду, і гусцела, становячыся бяздоннаю, сінь, і хмары плылі ў ёй, як чоўнікі па азёрнай гладзі. Лель заплюшчыў вочы – і раптам уявіў тое ж возера з трапяткімі белымі ветразямі над вадой. І ўскрыквалі чайкі, і скалы на востраве ў азёрным сэрцы падобныя былі да стромкіх вежаў над вадой.

Уздыхалі вечныя дубы на ўзгорку – быццам хвалі, а Лель слухаў шэпты лісця і плыў на хвалях дрымоты, далей і далей. Чоўнікам боўтаўся між Калісь і Цяпер.

– Яна атручана, – нараспеў гаварыў Йурай, і лютня тут жа паставіла на ягоных словах палымяны рабінавы росчырк. – Прошча атручана. Некалі тут грымела зброя, і кроў лілася на пясок, змешвалася з азёрнай вадой. Чалавечыя сыны біліся з народам курганоў, раз’юшана рыпела халоднае жалеза, рассякаючы ніці чараў, разбіваючы жывое срэбра.

Уздыхала сталь на дубовых пагорках, і рассыпаліся баявыя поклічы, і воі падалі, быццам каласы пад сярпом, і сыходзілі ў зямлю, і трава прарастала на іхніх костках.

– Срэбра чараў, – распавядаў Йурай, нанізваючы словы на ніць музыкі, – гэта наша кроў, што струменіць у каменных жылах. І адзін з чалавечых сыноў, зразумеўшы гэта, вырашыў ударыць у самае сэрца.

Чайкі ўскрыквалі над вадой – белыя, быццам карагод стаячых камянёў. Шэсць у коле, а адзін, меншы, з ямінкай, запоўненай дажджавою вадой, з наліплым сухім дубовым лістком, укленчыў пасярэдзіне. І Лель быў тым самым каменем і мог толькі глядзець. І бачыў: ішоў, кульгаючы, да яго чалавек. Ішоў, абапіраючыся на страшны чорны меч, пакідаючы за сабою барвовы след на скалах і травах. Чары цесна звіваліся тут, выпешчаныя доўгімі вякамі і песнямі, тут білася іх жывое сэрца, і тое сэрца было ўнутры Леля. А страшны чалавек, замахнуўшыся, з высілкам, апошнім, адчайным, поўным скрухі і помсты, поўным болю і нянавісці, ударыў белы камень мячом.

Лель задыхнуўся і прахапіўся са слязьмі ўваччу, падскочыў, схапіўшыся за грудзі. Бо халоднае жалеза прайшло скрозь яго, і пякло агнём, рассякаючы жывую плоць, і сеяла атруту і немач. Колькі імгненняў яшчэ падавалася: жалезнае церне ўсё яшчэ ўнутры, а сам ён можа толькі нема крычаць, захлынаючыся чужою скрухай, горкаю, як палын, як попел.

Дубраву вакол патроху паглынаў змрок, дрыжала полымя, крэслячы кола святла вакол іх дваіх. Йурай з лютняю на каленях сядзеў побач, і вочы ў яго цьмяна свяціліся зялёным агнём.

– Там… меч, – глуха выгукнуў Лель, усё яшчэ трымаючыся за грудзі, усё яшчэ адчуваючы водгаласы нясцерпнага болю. – У сэрцы… у камені!

Лютніст згодна нахіліў галаву.

– Зараз ты разумееш, чалавечае дзіця.

Пасля азірнуўся на цёмныя зараснікі ляшчыны, што туліліся да схілу ўзгорка, і дадаў гучней і трохі раздражнёна:

– А ты – выходзь. Зараз жа, ну.

Дзівячыся, Лель таксама глянуў на арэшнікі – і пабачыў, як на святло выбіраецца, пакрэхтваючы, тое ўпартае дзяўчо, што сустрэлася ім па дарозе на поўнач. Звузіла вочы, падазрона прыглядаючыся да зялёнага агню, скрывіла вусны – маўляў, ведаю-ведаю я вашыя нелюдскія штучкі. Рагавы лук спачываў у яе за спінаю, а на русай макаўцы замёр зжоўклы лісток ляшчыны.

– Хіба я не казаў табе ісці сваёй дарогай? – спытаў Йурай, хмурачыся. – Справы народу курганоў, – дадаў лютніст павучальна, – чалавечых дзяцей не тычацца.

– Можа, гэта і вашыя кургановыя справы, – адказала дзяўчо, падбачыніўшыся. – Але тут наша зямля. Наш дом. То – тычацца, нябось!

– «Ваша зямля», – абурана прагаварыў Йурай, варухнуўшы бровамі, але дзяўчо яго не слухала. Загаварыла горача, быццам даўно выношвала словы ўнутры сябе.

Гаварыла так:

– Яшчэ не так даўно ля возера жылі людзі. І прадзед, і дзед яе тут нарадзіліся і выраслі. А пасля з гэтым самым возерам нешта здарылася – упрост жудаснае насланнё. Кашмары душылі па начах і дарослых, і дзяцей, драпежнікі рэзалі скот, збожжа гніла ў палях, а немаўляты нараджаліся мёртвымі. Ліхаманкі папаўзлі ад вады, а ў ваколіцы сталі знікаць падарожныя, і на скрыжаваннях знаходзілі адно абгрызеныя косткі. І мясцовыя не вытрымалі, сталі збягаць, шукаць іншага прытулку, сяліцца падалей. І казалі між сабою, бяссільна разводзячы рукамі: напэўна, праклён.

– …або чары нелюдзяў, – заключыла дзяўчо, і голас у яе задрыжаў абвінаваўча.

– О, калі ў нас такія моцныя чары, – адказаў яўна задзеты за жывое Йурай, – дык чаму тады мы саступілі вам нашу зямлю і наш дом? Мы жылі тут раней за вас, дасюль жылі б, каб не… каб не чалавечыя сыны.

– Ён… – Лель кашлянуў і выправіўся: – Мы, то бок… хочам дапамагчы. Выправіць тое, што сталася з возерам, з краем. Праўда.

Дзяўчо заўважна задумалася, зноў з сумневам зірнула на зялёны агонь, на лютніста, пасля, ацэньваючы, на Леля і зноў на Йурая – з недаверам. Лютніст варухнуў цёмнымі бровамі.

– Выправіць тое, што здзейснілі тут чалавечыя сыны, – удакладніў ён, паставіўшы на струнах лютні пералівісты росчырк. – Што твае прадзеды здзейснілі тут. Так.

Лель зноў неспакойна пакруціўся на месцы. Йурай, падобна, не бачыў асаблівай розніцы паміж прашчурамі і нашчадкамі. Можа быць, у вачах насельнікаў Курганова Поля, жыцці якіх доўжацца стагоддзямі, гэтая розніца і незаўважная, і многія пакаленні чалавечых сыноў для іх, праз доўгажыхарства, зліваюцца ў адно.

Але ўсё-такі не дужа справядліва вінаваціць дзяцей за ўчынкі іх бацькоў. А тым больш асуджаць праўнукаў за правіны прадзедаў.

– Смелыя словы, – сказаў Йурай, насмешліва зірнуўшы на Леля, які паспрабаваў гэтую думку выказаць услых, прычым, як звычайна, няўклюдна. – Але цябе, прынамсі, асуджаюць за твае ўласныя ўчынкі.

«Зараза ты», – змрочна падумаў Лель, патаемна спадзеючыся, што з’едлівы лютніст зможа лёгка прачытаць ягоныя думкі. Але Йурай толькі трасянуў валасамі, дзынкнуўшы завушніцай, і твар у яго быў непранікальны.

– Я… чула, як ты спяваў, – гаварыла, між тым, дзяўчо, сціскаючы кулакі. – Пра меч з халоднага жалеза там, на востраве. Быццам бы праз гэта, праз нас усё пачалося. Але… тут жа не было бітваў, можа, век. То як жа…

– Прошчы паміраюць павольна, – нехаця патлумачыў Йурай. – Атрута ў іх збіраецца доўга, перш чым прарвацца, як гной у ранцы. І чары нашы адразу не згасаюць. Чапляюцца за аскепкі, за водгаласы. Пакуль не знямеюць канчаткова.

– Але… – дзяўчо зрабіла пару асцярожных крокаў да агню. – Ты можаш яе… ну, гэтую вашу прошчу, ажывіць? Каб усё было як раней?..

Яна з такім шчырым спадзяваннем углядалася ў лютніста яснымі шэрымі вачыма, нават, здаецца, дыханне затрымала, быццам чакала, што зараз, вось-вось чарадзей узмахне вострым рукавом – і адбудзецца цуд. Йурай толькі пакруціў галавою.

– Ніколі так не бывае, дзіця, – адказаў спакойна. – Каб стала ўсё, як было.

Адказ яе не дужа суцешыў: дзяўчо расчаравана ўздыхнула і апусціла пагляд.

– Я хачу памагчы, – мовіла яна і спадылба глянула на зялёны агонь. – Чуеце вы, нелюдзі? Я змалку ў ваколіцы палюю, сцежкі ведаю. Ну і страляю няблага, як што.

– Ну? І ў пачвару пацэліш? – спытаў, звузіўшы вочы, Йурай і скоса зірнуў на Леля, так што апошняму стала трохі ніякавата.

– А што, – дзяўчо паціснула плячыма. – І пацэлю. Як трэба будзе.

І дадала, прыпячатваючы адразу і навечна:

– Гэта – мой дом.

Яе звалі Ружанай – яна назвалася, асцярожна ўссеўшы побач з зялёным агнём, якога заўважна пабойвалася. Умацаванае селішча па дарозе на поўнач якраз-такі і пабудавалі людзі, што збеглі некалі ад заклятага возера, і бацька яе быў там князем. Як прадзед і дзед да яго, гаспадарыў у гэтым краі – адно навала злых чараў распаўзалася ад возера ўсё далей і далей, прымушаючы людзей адступаць, пакідаючы абжытыя мясціны.

– …але калі вы ўсё-такі здымеце праклён, – горача казала Ружана, звёўшы ўпартыя бровы. – То мы ўсе, значыць, зможам вярнуцца сюды. Дамоў.

І таропка патлумачыла:

– Людзей тут жыве многа, і з кожным годам толькі большае, а вось зямлі, прыдатнай для будоўлі або ворыва, нестае. Суседзі з поўдня, з Парэчча, ціснуць штогод усё мацней ды мацней, ураджаі меншаюць, бо глеба стамляецца, і прыходзіць нястача. Калі так далей пойдзе – дык, раней ці пазней, здарыцца вялікі голад, людзі будуць пакутаваць.

Йурай, пакуль яна гаварыла, асцярожна перабіраў струны. Пад ціхі голас лютні Лель глядзеў на русую касу, у якой варушыліся водбліскі ад чароўнага полымя, на белы шрам ля пульхных вуснаў, на тое, як Ружана нецярпліва адкідвала з твару неслухмяныя русыя пасмы. Чамусьці вярэдзіла сэрца жывая гарачнасць, з якой яна гаварыла пра гэтую зямлю. Як бы адгукаючыся, быццам абуджаная палкімі словамі, гарачыня ажывала і варушылася ўнутры. Можа быць, таму ад кожнай новай рысы, што заўважалася ў Ружане, таксама рабілася цяплей на сэрцы.

А ўсе заўважаныя драбочкі, спавітыя ціхай музыкай, – і нахіл галавы, і завіткі валасоў на скронях, і многае іншае, дзівоснае па-свойму – у надзвычайнай суладнасці збіраліся ў адзін – адзіны – вобраз. І Лель, забыўшы пра ўсё на свеце, нават пра нястачы і голад у ваколіцы, нават пра блізкіх пачвар, нават пра ўласны праклён і зарок-абяцанне, глядзеў на яе. І не мог не ўсміхацца, бо тая гарачыня ўнутры сама па сабе была – шчасце.

Прынамсі, да таго моманту глядзеў, пакуль Ружана не зірнула на Леля здзіўлена і трохі нават грэбліва і не пацікавілася, чаго гэта ён так па-дурному тарашчыцца.

– …і рот унь яшчэ разявіў.

Лель, сцяміўшы, што і сапраўды тарашчыцца, зніякавеў і ўтаропіўся ў агонь, дзівячыся самому сабе. Абуджаная гарачыня так і не сціхала, хвалямі праходзілася за рэбрамі, сарамліва праступала на шчоках чырванню.

– Дзіўныя, аднак, вы нелюдзі, – заўважыла Ружана стрымана. І дадала напаўголасу, пакасіўшыся на Леля: – Той хоць гожы, а гэты і ўвогуле быццам бы чалавек.

– А ён – чалавек, – сказаў Йурай вельмі сур’ёзна. – Быццам бы.

– Ну?.. – шчыра здзівілася Ружана.

Лель няўпэўнена пакруціў галавою, адчуваючы, як сонна варочаецца ў жылах звярыная сіла. Нечаму цёмнаму і касматаму было цесна ў ім, і косткі ламіла, быццам звер, заключаны ў Лелева цела, як у клетку, рваўся вонкі.

– Чалавек, – прагаварыў Лель упарта, нібыта сам сябе пераконваючы.

А змрок гусцеў, затапляючы навакольныя ўзгоркі і векавыя дубровы, ажно пакуль не выкацілася, рассыпаючы сярэбранае святло, бледная поўня.

І тады над возерам, па якім паплыла, гушкаючыся на хвалях, дарожка месяцовага святла, пранёсся крык, не звярыны і не чалавечы. Роспачны, вісклівы голас далёка раскатваўся над дубравамі, цяжэў, пераходзячы ледзь не ў хрып, і абрываўся. І ад гэтага вусцішнага, нечуванага зыку ажно кроў застывала ў жылах.

– Што гэта?.. – шэптам спытала Ружана, зірнуўшы на лютніста. Той толькі прыклаў палец да вуснаў – маўляў, сцішся.

А пагорак скалануўся – раз, другі, – як бы адгукаючыся на цяжкія крокі. Зялёны агонь задрыжаў і баязліва ачэз, прыпадаючы да зямлі. Йурай, бліскаючы вачыма, уважліва прыглядаўся да цемры ўнізе, засяроджаны, напяты. Ружана перарывіста выдыхнула і бязгучна сцягнула лук з-за плеч, паспрабавала пальцам цеціву, папляскала па калчане. Падміргнула зніякавеламу Лелю, які трывожна прыслухоўваўся да даўкай цішыні.

Далей ад возера чуваць было слабы, як бы прыдушаны цемраю крык казулі, і імклівы рагаты цень, кульгаючы, прамільгнуў унізе, на фоне светлай вады. Прамільгнуў – і знік дзесь убаку. І амаль адразу па азёрнай кромцы імкліва пранеслася нешта яшчэ, нешта вялізнае, падобнае да цёмнага стога, і зноў прагучаў такі самы крык, толькі куды як грамчэй. Ружана паморшчылася, прыкрываючы далонямі вушы, Йурай коратка кіўнуў Лелю над вогнішчам.

– Час, – прамовіў лютніст аднымі вуснамі.

Чароўны агонь тут жа цалкам сышоў у зямлю, быццам і не было яго тут. А Йурай пругка падхапіўся і пакрочыў уніз, у цемру, і Ружана з Лелем, пераглянуўшыся, рушылі следам, блытаючыся ў высокай траве. Спускаючыся па схіле, яны абачліва ўзялі трохі ўбок, каб абысці тое месца, дзе толькі што страшнае нешта заходзілася немым крыкам. Льсняныя драпежныя цені падымалі галовы, сычэлі па-змяінаму, заступалі шлях. І пелі – цяпер Лель нават мог разабраць гэты варожы спеў, поўны Голаду, падобнага да таго, што варушыўся і ў яго самога ўнутры.

Ружана, затрымаўшыся, злажылася і наўдачу стрэліла ў віраванне ценяў. Страла мільганула, прайшла наскрозь, не прыносячы ім асаблівай шкоды, і ўдарыла, выбіўшы трэскі, у дрэва. А тое разгневана загуло, быццам было выкавана з металу, і цені, большыя і меншыя, рвануліся скрозь зараснікі і травы, сюды, накінуліся, збілі Ружану з ног. Але тут жа ўспуджана адкаціліся: Йурай, азірнуўшыся, рэзка шпульнуў у драпежнікаў прыгаршчаю чароўных агеньчыкаў. Тыя паплылі, ціхутка пазвоньваючы і губляючы калючыя іскры, не дапускаючы драпежныя цені за колы святла. Лель дапамог Ружане падняцца, а тая круціла галавою і аддувалася, быццам толькі што вынырнула з-пад вады.

– Чаму… чаму іх зброя не бярэ? – спытала амаль з роспаччу.

– Бо яны не зусім тут і цяпер, – нягучна адказаў Йурай. Выкліканыя ім агеньчыкі, перагукаючыся ціхімі галасамі, танчылі вакол іх траіх, утваралі абарончае кола.

Цені віравалі і на азёрным беразе: пелі, сычэлі, хрыпелі. Шапталі пра жывую кроў, пра ахвяру, якая дастанецца ім сёння. У Леля ад тых шэптаў перасохла ў горле, і досыць ясна ўявіўся салоны смак на вуснах – ажно пацягнула на ваніты. Йурай нахіліўся над слядамі ў мокрым пяску – капытцамі казулі, сям-там пафарбаванымі барвай, і глыбокімі адбіткамі добрага тузіна агромністых лап. Вусцішны крык зноў разарваў змрок – але ў аддаленні, і рассыпаўся абрыўкамі рэха.

– Гэта не проста драпежнік, так? – прашаптала Ружана, крануўшы лютніста за рукаў. – Гэта…

– Пачвара, – працягнуў за яе Йурай. – Так. Стары Звер.

Ён падняўся на ногі, змешваючы на далонях акрываўлены пясок са следу казулі з азёрнаю вадой. Пасля, апусціўшы павекі і нахмурыўшыся, сціснуў рукі. Лелю, якому пах крыві туманіў галаву, ці то пабачылася, ці то здалася ўспышка зялёнага агню. А лютніст рэзка ўзмахнуў рукамі, як бы абтрасаючы вострыя рукавы – і з драбочкаў пяску і зялёных агеньчыкаў саткаліся паўпразрыстыя здані казуляў, якія з ціхім бляяннем сыпанулі ў розныя бакі.

– Гэтак мясцовым пачварам будзе чым заняцца, апроч нас.

Ружана толькі ахнула, праводзячы зданяў захопленымі вачыма. Льсняныя цені на беразе сапраўды рвануліся за паўпразрыстымі зданямі і болей не заміналі, не блыталіся пад нагамі. А Йурай выдыхнуў і зябка павёў плячыма. Аблічча ягонае ў святле поўні падалося Лелю хваравіта-бледным і стомленым.

– Час, – хрыпла каркнуў лютніст. Не стаў адказваць на Лелева няўпэўненае пытанне – «Ці добра ты?..» – і павярнуўся да вады. Месяцовая дарожка прабегла па хвалях упрост да іх, слалася па водным зыбанні. І па гэтай дарожцы, пакорлівыя ўладнаму ўзмаху Йураевай рукі, паплылі чароўныя агні. Святло поўні, змешваючыся з зялёным полымем, цяжэла, набывала формы, рэчыўнасці. Хутка па вадзе ад вострава працягваўся сатканы са святла, агню ды чараў мост.

Йурай першым на яго ступіў – і пахіснуўся, і Лель, не задумаўшыся, паспешліва падставіў яму плячо, падтрымаў за руку.

– Халоднае жалеза, – працадзіў лютніст скрозь сціснутыя зубы. – Яно ў вадзе і ў пяску, у паветры нават. Сачыцца атрутаю, выцягвае сілу, і я не магу…

Ён задыхнуўся ад болю. Нешта душыла і труціла яго, выварочвала саму прыроду, і Лель, па сабе ведаючы, як гэта пакутліва і страшна, не мог не паспачуваць.

– Нішто, братка, – казаў ён Йураю супакойліва, цягнучы яго за сабой. – Ты, галоўнае, пацярпі трохі. А там – выправім усё. Без жалеза-та будзе лягчэй?

– Будзе, – з высілкам вымавіў лютніст. І яны ўтраіх крочылі па хісткім мосце са святла да цёмнай кароны скалаў. Азёрны вецер налятаў на іх, трапаў адзенне і валасы, але патыхаў не сырымі трыснягамі ды начною свежасцю, а гніллю і мярцвячынай. І зноў пракатваўся над вадою вусцішны крык, то набліжаючыся, то аддаляючыся, і сэрца ў Леля штораз баязліва замірала ад гэтага голасу.

Між цёмных скалаў іх крокі абудзілі гулкае рэха. Зялёныя агеньчыкі, распадаючыся на меншыя драбочкі святла, цягнуліся ўздоўж ледзь прыкметнай сцежкі, якую нехта высек у камянях. Па сцежцы ў дрогкім святле чароўных агнёў узбіраліся ўверх, і Лель прыкусваў вусны, каб не ўслухоўвацца ў спеў звярынага Голаду, што панаваў тут, аплятаючы ўсё вакол, як ліпкае павуцінне.

Сцежка вывела іх уверх, на прасторную пляцоўку з латкай шапаткой травы сярод зубцоў скальнай кароны. Святло поўні лінула зверху, выхопліваючы кола з шасці белых камянёў, што цягнуліся ў неба. Сёмы камень, што спачываў у сярэдзіне каменнага кола, зеўраў адкрытаю ранаю. З раны той, пабліскваючы пад поўняю, цёмным крыжам падымалася дзяржальна старога мяча. Між плюшчу, што абвіваў і камяні, і зямлю, што караскаўся па скалах, прабіваліся то каліўцы шорсткай травы, то жоўты пясок, дзе перламутрава бліскалі раструшчаныя ракавінкі. Не было вакол няспыннага руху льсняных ценяў, не было шоргатаў, шэптаў і хрыпаў, але тым больш вусцішнымі падаваліся нямыя камяні, абкручаныя сухімі плецямі расліннасці.

Йурай, прыпыніўшыся па-за колам, кіўком паказаў на чорны крыж дзяржальна. Чароўныя агні, драбнеючы, абступілі знямелыя камяні яшчэ адным карагодам і ўсхвалявана мільгацелі, то ўспыхваючы ярчэй, то амаль гаснучы. Ружана, з напятым лукам у руках, трывожна аглядалася – мусіць, не дужа спакойна пачувала сябе тут, зусім побач з нелюдскімі чарамі. Пачвара віскліва ўскрыкнула бліжэй, адразу зайшлася дзікім рогатам, захрыпела – і скалы вакол дробна затрэсліся.

– Паспяшайся, – сіпла мовіў лютніст. Цень ад дзяржальна – чорны крыж – выцягнуўся, папоўз па пяску і траве да Лелевых ног.

1
...