Читать книгу «Хабар» онлайн полностью📖 — Андрэй Сідарэйка — MyBook.

Сіла слова
Гумарэска

Сёння мы вывучалі крылатыя выразы. І так мне гэта тэма спадабалася, што я вырашыў як мага часцей іх ужываць. Тым больш адной такой фразай можна замяніць цэлы сказ! Да таго ж хацелася здзівіць бацькоў.

– Што ў школе новага? – запыталася дома мама.

– Рыжыкаў двойку па матэматыцы атрымаў, – адказаў я.

– Чаму?

– Дык ён увесь урок бібікі біў і лічыў варон. Словам, уся навука яму ў адно вуха залятала, а праз іншае вылятала.

Мама засмяялася, а я працягнуў:

– А Сямёнаў, як атрымаў «здавальняюча» па літаратуры, кіпеў нібы вада ў гаршку. Сідараў, якога выклікалі на ўроку гісторыі, стаў белым як папера.

– Вось як, – усміхнулася маці. – Добра, вастраслоў, ідзі на кухню, там цябе чакае абед.

Пасля перакусу, які сёння мне падаўся на адзін зуб, я паўгадзіны абрываў тэлефон лепшаму сябру Ягору. Потым забег да таварыша па лесвічнай пляцоўцы Колькі. З ім мы бітую гадзіну гулялі ў камп’ютарныя гульні. Потым, на ноч гледзячы, я вярнуўся дадому.

– Ты не забыўся, што ў цябе заўтра кантрольная па матэматыцы? – запыталася ў мяне маці.

– Я яе адной левай!

– Але вам задалі шмат, трэба ж рыхтавацца! – не адступала мама.

– Заданне не воўк, у лес не збяжыць, – парыраваў я.

– Але ўжо позна. Калі ты атрымаеш дрэнную адзнаку, то «выдатна» за чвэрць ніяк не выйдзе.

– І тады на выхадных мы ў цырк не пойдзем, – дадаў бацька. – Памятай: я сваіх слоў на вецер не кідаю. А вось зняць стружку, задаць перуноў, паказаць, дзе ракі зімуюць, я магу.

Калі пачуў такое ад бацькі, мяне як ветрам з кухні здзьмула. Я хутка сеў за стол і разгарнуў сшытак па матэматыцы.

Што ні кажы, а сіла слова ў бацькоў велізарная!

Недапісау…
Іранеска

Журналіст раённай газеты Пятроў прыехаў у калгас, дзе сустрэў механізатара Сідарава.

– Не ўсё вы, Мікалай Іванавіч, напісалі, – пачаў герой. – Не расказалі, чаму я перадавіком стаў. У той час у Яшкіным трактары матор сапсаваўся. Тры дні на рамонце стаяў. А мне старшыня загадаў працаваць за дваiх, больш не было каму. Вось пра такую маю адказнасць, прафесіяналізм і сумленне трэба напісаць! Каб усе ведалі, што Сідараў Уладзімір Пятровіч гатовы працаваць за некалькіх чалавек адразу!

У наступны раз Пятроў наведваў адно прадпрыемства горада. Там ён сустрэў знаёмага перадавіка Сёмачкіна.

– Я ваш артыкул захоўваю, – прамовіў перадавік. – Над ложкам у рамцы вісіць. Усім матэрыял падабаецца. Але чаму вы не распавялі маю гісторыю больш падрабязна?

Пятроў папярхнуўся ад такой заявы.

– Ведаеце, чаму я перадавіком стаў? – таемна спытаў Сёмачкін. – Дырэктар на сходзе паабяцаў: «Хто перавыканае план, таму будзе прэмія – пуцёўка на Канары». Я і пастараўся, але адпачынак мне так і не далі. Вось пра такую даверлівую душу Сёмачкіна Паўла Аляксандравіча і трэба было напісаць!

Трэцім разам журналіст зазірнуў у раённы аддзел надзвычайных сітуацый. У калідоры яму сустрэўся выратавальнік Петушкоў – таксама адзін з герояў газеты.

– Цікавы матэрыял атрымаўся, – пахваліў Пятрова мужчына. – Але не ўсё вы напісалі. Ведаеце, чаму я выратавальнікам стаў? Ды таму, што ў дзяцінстве любіў усім дапамагаць. Ката з дрэва дастаць – калі ласка; залезці на самы вільчык даху, каб антэну замацаваць, – толькі пакліч. Вось і трэба было напісаць: з малых гадоў Петушкоў Артур Міканоравіч трэніраваў спрытнасць, вынослівасць, загартоўваў арганізм. А назву даць «Нялёгкае дзяцінства будучага героя».

«Усе мяне вучаць, як падаваць артыкулы! – ускіпеў у думках журналіст. – Што ж, добра, напішу ўсю праўду пра незадаволеных герояў!»

Вечарам ён сеў за стол і напісаў фельетон «Адваротны бок медаля». У ім згадвалася шмат чалавек. У тым ліку і перадавік-механізатар, якога перад пасяўной вазілі на чарговую кадзіроўку, бо дагэтуль ён усю зіму на працы не з’яўляўся. І абібок-токар, які працаваў за пуцёўку на Канары. І выратавальнік, які марыў толькі праславіцца, а не выконваць сумленна свой абавязак. Усім у фельетоне знайшлося месца. Бо дагэтуль у іншых жанрах публіцыстыкі шмат цікавых момантаў гублялася, не агучваліся некаторыя акалічнасці.


Фельетон выйшаў у свет. З таго часу сапраўдныя і будучыя героі не вучылі журналіста, пра што трэба пісаць. І расказвалі Пятрову толькі неабходныя факты.

Прэмія
Гумарэска

Міхасю пашчасціла: кіраўніцтва адзначыла яго прэміяй. Ды такой добрай, што за яе можна было ажыццявіць даўнія мары: набыць рыбалоўныя прынады, адрамантаваць машыну, абнавіць гардэроб і купіць новую парфуму.

Дома Міхась распавёў пра прэмію і свае планы жонцы. Тая нічога не сказала, але, як толькі насталі выхадныя, выцягнула Міхася на кірмаш.

Жанчына прымярала сукенкі, чаравічкі, майкі, блузкі, капялюшыкі, акуляры. А Міхась… даставаў грошы і разлічваўся. Калі прэмія раптоўна скончылася, жонка нарэшце спынілася.

– Пэўна, хопіць, – сказала яна задаволена. – Ну, хіба я не прыгажуня і разумніца ў цябе?

– Канешне, менавіта такая, – уздыхнуўшы, адказаў Міхась.

На гэтыя словы жонка толькі пасміхнулася.

Праз тыдзень за вячэрай Міхась з апетытам еў катлеты з пюрэ і салатай. Ён ужо і забыўся на свае мары, калі жонка раптоўна запытала:

– У цябе якія планы?

– Здаецца, няма ніякіх, – ажно спужаўся муж.

– Тады заўтра едзем на базар спраўджваць твае мары. Мне таксама далі прэмію, таму гэтым разам разлічваюся я, – адрэзала жонка.

– Добра! – абрадаваўся мужчына.

А сам падумаў: «Яна і сапраўды ў мяне самая прыгожая і разумная!»