У кафэ некалькі былых аднакурснікаў згадвалі юнацтва.
– Гэта цяпер мы можам дазволіць сабе любую страву, а памятаеце, як у інтэрнаце часцяком у нашых жыватах гучаў марш? – падхапіўшы відэльцам катлету, падміргнуў таварышам Сашка.
– А колькі было спалена патэльняў ды каструль? – падтрымаў размову Мікіта.
– Чаго толькі варты прыгатаваныя ў чайніку пельмені, – засмяяўся Максім.
– Але найбольш трывала ў маёй памяці застаўся першы прыгатаваны суп, – з настальгіяй прамовіў Сашка.
– Ніяк не ўцямлю, які?.. – сказаў Воўка.
– Ты ж на кватэры тады жыў, – згадаў Мікіта.
– І сапраўды! – пагадзіўся той.
– А што ў ім было цікавага?
– Хто ў інтэрнаце не жыў, таму не зразумець, – агучыў вядомую прымаўку Мікіта.
– Ну, слухай, як было. Наш корпус складаўся з дзвюх частак. У першай была кухня для дзяўчат, у другой – для юнакоў. Да канца першага месяца кулінарная фантазія нашага пакоя вычарпалася. На студэнцкім стале неаднаразова пабывала бульба вараная, смажаная, у мундзірах. Таксама пельмені, крупы і, вядома ж, яечня. А душу не падманеш! Яна патрабавала першых страў.
– Менавіта тады я прапанаваў прыгатаваць суп, – уставіў свае дзве капейкі Максім.
– Навык у такой далікатнай справе адсутнічаў. Але ў Мікіты мелася кніга кулінарных рэцэптаў, якую ў дарожную сумку паклала маці, – працягваў расказваць Сашка.
– Выбралі «Суп бульбяны», – падхапіў эстафету ўспамінаў Мікіта. – Акрамя «другога хлеба», патрабавалася яшчэ цыбуліна, зубчык часнаку, лаўровы ліст, кубікі булёну, кансерваваная фасоля, курыная вяндліна. На смак – прыправы і соль.
– Я тады абурацца пачаў, маўляў, суп бульбяны, а на інгрэдыенты стыпендыі не хопіць! – сказаў Максім.
– Таму мяса вырашылі выкрасліць, – прадоўжыў аповед Сашка. – Усяго ж астатняга – пакласці больш: не на аднаго гатавалі.
– Калі галоўны інгрэдыент аказаўся ў каструлі з вадой, панеслі ставіць на пліту, – працягнуў Мікіта. – Хлапечая кухня была занятая. А вось у дзяўчат амаль нікога не было. Таму пачалі гатаваць там.
– Каб суп атрымаўся сыцейшым, да бульбы дадалі грэчку, – згадаў Сашка. – Ну і, канечне, іншае па рэцэпце. Пасля чарговай праверкі варыва ў пакой забег Мікіта.
– Пэўна, з крупамі перабаршчылі. Яна ўжо займае палову каструлі! – успомніў свае словы Мікіта.
– А я кажу: «Нічога, быў суп бульбяны, стане крупяны. Ды і фасоля не спатрэбіцца. Усе роўна яе ў нас як кот наплакаў». Ды тут сваё важкае слова выказаў Максім: «Як хочаце, але ад рэцэпта адыходзіць не варта». Так у бульбу з грэчкай дадалі жменю фасолі, – сказаў Сашка.
– А вось цыбулі ў нас не аказалася, – згадаў Максім. – Таму пайшлі па суседзях. Толькі ў чацвёртым або пятым пакоі пашанцавала, і мы займелі жаданую гародніну, – уздыхнуў Сашка.
– Дадалі ў суп цыбулю, часнок, кубікі булёну, – працягнуў Мікіта. – Памешваем, бачым, вады зусім мала. Скіпяцілі яе ў чайніку, паволі падліваем. Надышла чарга спецый.
– Тут узнікла праблема са смакам, – падміргнуў Воўку Сашка. – Кожны хацеў дадаць нешта сваё. А дзве і больш гаспадыні на адной кухні, вядома, – бяда.
– Пачалі з солі, – прыгадаў Максім. – Крышку сыпнулі, быццам не хапае. Дадалі яшчэ. Настала чарга перцу. Зноў кожны паспрабаваў і насыпаў сваю дозу, у выніку ў супе апынулася каля паловы пачка прыправы.
– Вырашылі чакаць, пакуль згатуецца доўгачаканая вячэра, у пакоі, – усміхнуўся Мікіта. – І вось усе разам пайшлі на кухню. Выключаем пліту, заглядваем у пасудзіну, а там… усяго трэць супу засталася. Думаем, хто? Няўжо дзяўчаты?
– І што далей? – зацікавіўся такім ходам аповеду Воўка.
– А нічога! – ледзь не ўскрыкнуў Сашка. – Думаем, добра, што хоць столькі пакінулі!
– Прынеслі варыва да сябе, дасталі лыжкі, сабраліся кружком каля стала. Першым лыжку зачарпнуў Сашка, – Максім зірнуў на сябрука. – Падзьмухаў старанна – і ў рот. А мы аж сцішыліся. Глядзім на яго з асцярогай і адначасова з надзеяй. Ён праглынуў і… на яго вачах з’явіліся слёзы! Можа, толькі праз паўхвіліны да дэгустатара вярнуўся дар мовы…
– Дрэнь, сябры, і не пытайце! – засмяяўся з успамінаў Сашка.
– Не паверылі мы, – падняў угору палец Максім. – Свае лыжкі ў варыва запусцілі! А на смак яно нібы салёнае, нібы пякучае. Не зразумела, што гэта: ці суп, ці каша.
– «Па рэцэпце, па рэцэпце», – утаропіліся мы пагрозліва на Максіма, – засмяяўся Сашка. – І на Мікіту зірнулі дакорліва. Кажам: «Выкінь ты, браце, сваю кніжку на сметнік».
– Не ведаем, што было б далей, – загадкава ўсміхнуўся Мікіта. – Але тут пачулі праз фортку размову нашых суседзяў: «Як гэта можна есці? Ні кавалка мяса! Вось і бяры такіх замуж!» А следам за абурэннем раздаўся грукат місак. Тут мы і пырснулі ад смеху.
– Засталіся галоднымі? – спытаў Воўка.
– Не, – адказаў Сашка. – Дасталі апошні кавалак сала. Елі і з усмешкай паглядалі на каструлю з першым звараным супам.
– Пасля па рэцэптах мы не гатавалі, а соль і прыправы дадаваў толькі адзін чалавек, – скончыў аповед Мікіта.
– А ўсё ж такі студэнцкая пара – самы цікавы і пазнавальны перыяд жыцця! Заўсёды ёсць што згадаць, – уздыхнуў Максім.
Яшчэ доўга цешылі сябе сябры рознымі вясёлымі гісторыямі. Толькі познім вечарам з добрым настроем пакрочылі дадому. Але яны дамовіліся, што калі-небудзь збяруцца разам і паспрабуюць згатаваць той самы бульбяны суп. Толькі на гэты раз без эксперыментаў з інгрэдыентамі.
31 снежня. Час падвесці вынікі года. Што планавалася, жадалася і што з гэтага атрымалася. Мой дзённік – мая споведзь.
Запіс № 1.
1 студзеня. З першага панядзелка года пачаць весці здаровы лад жыцця. Набыць лыжы, спартыўны касцюм.
Паколькі зіма выдалася не снежнай, катацца можна было на роліках, але яны ў планы не ўваходзілі. Снег быў 1 студзеня, 13 студзеня, 23 лютага і 8 сакавіка. Але ў гэтыя дні дух здаровага ладу жыцця ўва мне спрэс адсутнічаў.
Планы на будучыню. З першага панядзелка новага года купіць ролікі, спартыўны касцюм. Не забыць пра кефір і расол.
Запіс № 2.
14 лютага. Зрабіць Каці рамантычную прапанову. Калі адмовіць, то прапанаваць Аліне.
Каця адмовіла, Аліна паехала на Мальдзівы. Словам, Дзень закаханых не атрымаўся.
Планы на будучыню. Каханне наперад не планаваць. Само неспадзявана прыйдзе, калі яго зусім не чакаеш.
Запіс № 3.
23 лютага. Незаўважна знікнуць з дому або не вяртацца туды з працы. Адзначыць свята ў мужчынскай кампаніі.
Не пашанцавала: свята выпала на выхадныя. Атрымаў у падарунак новыя шкарпэткі, цэлы дзень прасядзеў дома, глядзеў канцэрт па тэлебачанні.
Планы на будучыню. Пры планаванні карыстацца календаром. Калі свята прыпадзе на выхадныя, не з’яўляцца дадому з пятніцы.
Запіс № 4.
8 Сакавіка. Павіншаваць жанчын з Міжнародным жаночым днём.
Гэтаму нічога не перашкодзіла, бо на працы і па тэлевізары пра жаночае свята пачалі нагадваць адразу пасля 23 лютага.
Планы на будучыню. Больш такіх свят. І жанчын павіншаваў, і сам адзначыў. Традыцыю не парушаць.
Запіс № 5.
7 красавіка. У Сусветны дзень здароўя пачаць займацца бодзібілдынгам. Для гэтага на балконе ёсць гантэлі.
У выніку ні раніцай, ні вечарам зайсці на балкон так і не змог. Заўсёды знаходзілася нейкая іншая тэрміновая справа.
Планы на будучыню. У першы тыдзень наступнага года перанесці гантэлі з балкона на кухню.
Запіс № 6.
1 Мая. З’ездзіць на дачу. Пасадзіць бульбу, моркву, цыбулю…
Пад пільным наглядам любімай цешчы ўсё задуманае спраўдзілася.
Планы на будучыню. На Першамай купіць цешчы пуцёўку ў санаторый, з’ездзіць на рыбалку.
Запіс № 7.
Схадзіць у бібліятэку, узяць раман Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт». Калегі і знаёмыя адзначаюць, што твор пра мяне.
Бібліятэка знаходзіцца за некалькі прыпынкаў ад дому. На жаль, даехаць туды ўсё не выпадае. Ніяк не шанцуе.
Планы на будучыню. Паехаць з працы дадому іншым маршрутам, пажадана з іншага канца горада. Не прапусціць прыпынак «Бібліятэка».
Запіс № 8.
16 лістапада. У Сусветны дзень барацьбы з курэннем кінуць курыць.
Перад тым, як здзейсніць мару, выкурыў напаследак два пачкі цыгарэт. І зразумеў, што з гэтай ідэяй я пагарачыўся.
Планы на будучыню. У наступным годзе не згадваць пра гэтую дату.
Запіс № 9.
Пачаць вывучаць замежную мову, каб паехаць адпачыць на мора.
Схадзіў у краму, набыў атлас. Вывучаю, дзе лепш адпачыць. На мову часу пакуль няма.
Планы на будучыню. Вызначыцца з месцам адпачынку, пачаць вывучаць мову абарыгенаў.
Запіс № 10.
Сябар падарыў кнігу Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт». Сказаў, што жонка дала яму некалькі экзэмпляраў з наказам: «Табе і тваім сябрам».
Прыемна атрымліваць нечаканыя падарункі.
Планы на будучыню. 1 студзеня прачытаць першую старонку рамана. Затым – наступную. У кнізе ўсяго 365 старонак. За год спраўлюся.
Запіс № 11.
Прадаць атлас. Такім чынам, вызначыцца з адпачынкам будзе прасцей.
Атлас ніхто не набывае. Усе карыстаюцца інтэрнэтам.
Планы на будучыню. Крочыць у нагу разам з усімі. Але спачатку прачытаць раман «Ідыёт».
Запіс № 12.
З’ездзіць на зімовую рыбалку 1 снежня, бо на традыцыйную, летнюю, не паспеў.
Цэлы дзень прасядзеў на льдзіне. Нічога не злавіў. А сусед насупраць выцягнуў пяць шчупакоў. Сказаў, што трэба верыць у прыкметы. Напрыклад, да 1 снежня ўставаць з левай нагі. Другая парада: браць з сабой «сагравік».
Планы на будучыню. Да наступнага 1 снежня падымацца з ложка толькі з левай нагі. Паглядзець у энцыклапедыі, што азначае тэрмін «сагравік».
Запіс № 13.
31 снежня наступнага года. Не забыць прааналізаваць планы мінулага года, спрагназаваць планы на год новы.
P. S. Не забыць пра раман «Ідыёт».
P. S. S. Калі атлас ніхто не набудзе, падарыць яго на Новы год сябру. Ён і жонка даўно ўжо планавалі адпачынак на моры.
P. S. S. S. Прыдумаць нешта арыгінальнае. Каб усе родныя, сябры і знаёмыя зноў сказалі: «А гэтага мы ніяк ад цябе не чакалі!..»
О проекте
О подписке
Другие проекты