Читать книгу «Хабар» онлайн полностью📖 — Андрэй Сідарэйка — MyBook.
image

Андрэй Сідарэйка
Хабар

© Сідарэйка А. П., 2023

© Каршакевіч А. П., ілюстрацыі, 2023

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2023

Да чытача

«І няўжо аўтар не змог знайсці больш арыгінальнай назвы для кнігі?» – здзівіцеся вы.

Не, адкажу я вам. За столькі гадоў, што існуюць гумар і сатыра, больш трапныя назвы разабралі калегі па пяры. А мне пакінулі вось гэтую – «немілагучную». Я напачатку вагаўся, браць не браць, – хабар усё ж. А потым рашыўся на такі адчайны ўчынак. Бо як у кнігах, так і ў жыцці заўсёды ёсць нечаканы паварот.

«Пра што гэта?» – зноў запытаецеся вы.

А вось пра што.

З такім «хабарам» можна ўпэўнена адчыняць дзверы любых устаноў. І гэтак жа смела пакідаць яго на стале гаспадароў пакоя. Так вы заб’яце адным стрэлам некалькі зайцоў: вырашыце набалелае пытанне, выклічаце сапраўдную ўсмешку ў чалавека, а таксама, што немалаважна ў наш час, павысіце ўзровень папулярызацыі кнігі, чытання, гумару і сатыры.

Калі ж у мяне не атрымалася вас пераканаць, то пакіньце «Хабар» у кніжнай краме.

Упэўнены, гандляры кнігамі за сваё жыццё не атрымлівалі такога арыгінальнага падарунка.

Ад рэдактара

Перагарнуўшы апошнюю старонку кнігі, не адразу, але раю: калі вы сур’ёзны чалавек, то не трацьце марна часу… Не чытайце, бо, хутчэй за ўсё, адчуеце, што не так жылі і жывяце. А яшчэ горш: перастанеце быць сур’ёзным чалавекам. Знаёмыя не пазнаюць вас, а незнаёмыя падумаюць, што з вамі не ўсё ў парадку. А прычынай стане ваша заўсёдная ўсмешка і нават нечаканы рогат, бо, прачытаўшы кнігу, будзеце пастаянна згадваць незвычайныя сюжэты і, дзе трэба ці не трэба, усміхацца або рагатаць. А самыя блізкія, крый Божа, увогуле спалохаюцца…

А калі вы багаты і паспяховы чалавек, тым больш не чытайце. Пакіньце гэты занятак тым, хто перабіваецца з хлеба на квас.

Не раю чытаць таксама тым, у каго выдатная цешча, каханая жонка, дзівосны начальнік, непаўторная каханка. Чаму? А навошта ім пра гэта ведаць?!

Не чытайце і вы, хто не хоча ведаць, колькі гузікаў на сукенцы самай сімпатычнай супрацоўніцы ці ў якія дні можна спазняцца на працу, не выконваць абяцанага, не рэагаваць на звароты, даручэнні і пытанні…

Асабліва шкодна чытаць таму, у каго заўсёды выдатны настрой, бо ён пасля прачытання пачне блытаць кабінеты, імёны, даты… А блазенская ўсмешка будзе ўспрымацца зусім не ўсмешкай.

Адным словам, вам пашанцавала! А чаму – лепш і не пытайцеся, а…

Міхась Пазнякоў

Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі

Адведзіны
Гісторыйка

Марылю запрасіла да сябе дачка. Ды не абы-куды, а ажно ў абласны цэнтр. З аднаго боку, ехаць каля трохсот кіламетраў, а з другога – чаму б не наведацца да родных? Апошні раз у іх была дзесяць гадоў таму, на дні нараджэння малодшай унучкі. Дагэтуль дачка з сям’ёй заўсёды самі прыязджалі.

«Хоць вокам зірну, як яны там абжыліся», – падумала жанчына.

Даверыўшы суседцы гаспадарку, Марыля адправілася ў дарогу. Доўгачаканую госцю на вакзале сустрэлі дачка і зяць, прывезлі ў кватэру, дзе яе з радасцю пачалі абдымаць унучкі Даша і Ксюша.

Дачка хуценька накрыла стол і запрасіла ўсіх на абед. Марыля паспрабавала першую страву і ледзь не папярхнулася. Нібы камяк, ежа стала ўпоперак горла.

– Што гэта? – ледзь праглынуўшы, пацікавілася жанчына.

– Гарбузовая каша, – адказала дачка.

– У ёй шмат вітамінаў і карысных элементаў, – дадаў зяць, са смакам уплятаючы страву за абедзве шчакі.

– Дыетычная, – дадала малодшая ўнучка Ксюша.

«Відаць, з грашыма ў іх зусім дрэнна», – падумала старая і пашкадавала, што не захапіла з сабой з вёскі сала.

З-за стала Марыля выйшла паўгалоднай. Але нічога не сказала і села адпачыць у зале на канапу. Унучкі пачалі збірацца на вуліцу і апранулі джынсы з дзіркамі.

– Божачкі! – усклікнула Марыля. – Няўжо ў вас іншага адзення няма? Хіба прыстойна хадзіць у абдзіртусах?!

– Гэта ж апошні піск моды, бабуля, – засмяяліся дзяўчынкі.

«Трэба будзе грошай з пенсіі адкласці ўнучкам на новае адзенне», – зазначыла сабе Марыля.

Ёй было некамфортна ў даччыным доме. Кватэра на дванаццатым паверсе! Зірнеш у акно – галава кругам ідзе. Вада нясмачная, паветра бруднае і цяжкае…



Ноччу Марыля адчувала сябе дрэнна. Жывот бурчэў ад нязвыклай ежы, ложак з навамодным матрацам быў нейкі мулкі. Вельмі захацелася дадому.

Таму на наступны дзень яна пачала збірацца назад. Дачка і зяць угаворвалі Марылю застацца, але старая апраўдвалася:

– Гаспадарка чакае. Лепш вы да мяне прыязджайце.

– Дык хоць паснедайце, – запрасіў зяць.

– У нас на сняданак мюслі з малаком, мёд з марцыпанамі, – сказала старэйшая ўнучка Даша.

Пра такія стравы Марыля ніколі нават не чула, таму схлусіла:

– Неяк з раніцы не прывыкла есці. Страваванне на старасці не тое.

Рабіць няма чаго, зяць сабраўся, адвёз цешчу на вакзал і пасадзіў на аўтобус. Дарога падалася вельмі кароткай.

Увайшоўшы нарэшце ў родную хату, жанчына дастала сала, цыбулю, пасмажыла яечню. Неўзабаве аб’явілася суседка Ганна і пацікавілася:

– Ну, як з’ездзіла?

– І не пытай, суседачка, – махнула сяброўка рукой. – Зусім дрэнныя справы ў маіх. Дзеці ў падраных штанах ходзяць, гарбузы ядуць, якія я свінням скормліваю. Вось зараз пасылку збяру: сала, яек, гародніны. Ды яшчэ грошай перавяду.

– Няўжо?! – завойкала суседка. – Мае там таксама, мабыць, зубы на паліцу паклалі. Трэба ратаваць дзяцей.

Яна хуценька пабегла да сябе. А Марыля прынялася збіраць усё неабходнае, каб дзеці былі сытыя і на звычайныя гарбузы нават не глядзелі.

...
8

На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Хабар», автора Андрэй Сідарэйка. Данная книга имеет возрастное ограничение 12+, относится к жанрам: «Современная зарубежная литература», «Зарубежный юмор». Произведение затрагивает такие темы, как «ироничная проза», «житейские истории». Книга «Хабар» была издана в 2023 году. Приятного чтения!