Читать книгу «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» онлайн полностью📖 — Алег Грушэцкі — MyBook.

Падарожжа да мудрага Пугача. Каралеўскі замак

Вуж іх адразу папярэдзіў, што падарожжа будзе доўгім і цяжкім. Але ў той самы час яно абяцала быць і цікавым. Шлях пралягаў непадалёк каралеўскага замка, які Янку і Мілане надта карцела пабачыць. І яны паставіліся да гэтага падарожжа, як да вясёлай прыгоды, а не як да нечага цяжкага і небяспечнага.

Дзеці апошні раз зірнулі на дуб, праз які тут апынуліся, агледзелі наваколле, спрабуючы яго запомніць. І рушылі ў дарогу.

Вуж, нягледзячы на свае памеры, досыць спрытна плазаваў, і Янка з Міланай за ім ледзь паспявалі. Дуб заставаўся ўсё далей і далей, а неўзабаве і лес пачаў радчэць. Урэшце ён скончыўся, і кампанія апынулася на ўскрайку. Перад вачыма дзяцей паўстаў неаглядны абшар палёў сярод невысокіх узгоркаў. І бясконцы-бясконцы далягляд. І дзесьці амаль на даляглядзе ўзвышаўся Каралеўскі замак. Які ж ён быў вялізны! А таксама па-свойму прыгожы і непараўнальны з іншымі. Ад яго так і веяла моцай і веліччу. Страшна было падумаць, што ўсё гэтае хараство належыць ліхому чарадзею, якога язык не паварочваўся назваць каралём.

– Нішто сабе! Які ж ён прыгожы! – у адзін голас захоплена прамовілі брат з сястрой.

– Так, – пагадзіўся Вуж. – А быў бы прыгажэйшы, каб не ўсе гэтыя пачвары, якія цяпер у ім балююць на чале з Волхам.

Янка прыгледзеўся болей уважна і пабачыў, што недзе непадалёк замка, у полі, шмат людзей нечым займаюцца.

– А што гэта там робяць? – запытаўся ён.

– А, гэта? – угледзеўся Вуж. – Гэта, хутчэй за ўсё, зняволеныя апрацоўваюць палеткі нашага караля, так бы мовіць.

– Зняволеныя?

– Так. Вунь бачыце, наўзбоч замка яшчэ адна такая спаруда, таксама замак, толькі меншы. Досыць далёка ад каралеўскага, але ж абрысы разгледзець можна. Гэта вязніца, – цяжка ўздыхнуў Вуж.

– Вязніца? Такая вялікая?

– Так, на жаль. За колішнім каралём столькі зняволеных не было, ды і вязніца знаходзілася ў іншым месцы, значна меншая. Сядзелі там сапраўды вінаватыя.

– А цяпер?

– Цяпер у вязніцу можна трапіць нават за тое, што кепскае сказаў пра новага караля ці яшчэ нешта такога кшталту.

– Як жа вы тут жывяце, калі нават нельга тое, што думаеш, казаць? – здзівіліся Янка і Мілана ад такога дзікунства.

– Так, вельмі цяжка цяпер стала.

– Ды няўжо няма ў вас рыцараў, якія б маглі адужаць гэтага злоснага караля?..

– Рыцары? Ха! Вядома ж, ёсць!

– Дык дзе ж яны?

– Дзе-дзе?! Вунь там яны і ёсць, – кіўнуў Вуж у бок вязніцы. – У турме, у самых жорсткіх варунках. Волх усё робіць, каб зламаць іх дух. Каго з іх вынішчыў, а каго не, дык робіць усё, каб яны зайздросцілі тым, хто загінуў.

– Ну і парадкі тут у вас.

– Яшчэ тыя, – ізноў цяжка выдыхнуў Вуж.

– А няўжо яны не могуць учыніць бунт ды вызваліцца з-за кратаў?

– Ды не ўсё так проста. Іх адмыслова пасадзілі ў розныя камеры, каб не мець магчымасці размаўляць міжсобку. Апрача ваўкалакаў і іншых пачвар, іх пільнуе і Цмок. Таму ўцячы адтуль да смерці падобна.

– Ну не ведаю, што лепей: памерці вольным ці жыць пад прыгнётам?

– На жаль, дух жыхароў нашага некалі славутага каралеўства амаль зламаны. Усе супраць новага караля, але ў іх не стае духу, каб сабрацца разам, даць адпор яму ды ягоным пачварам і ўрэшце зрынуць яго. Магчыма, няма таго, хто аб’яднаў бы ўсіх ды павёў на змаганне пад сваім камандаваннем. А пакуль усе запалоханыя, моўчкі сядзяць па закутках.

– А хто асноўныя яго паслугачы?

– Не ведаю. Але… Вунь бачыце ў полі зняволеных? Прыглядзьцеся. Наўзбоч іх такія адметныя буйныя чорныя фігуры.

– Так, бачу, – прамовіў Янка.

– Гэта яго верныя ваўкалакі. Адзін такі можа раскідаць адразу з дзясятак звычайных людзей.

– Сапраўды, з такім сам-насам не дасі рады.

– Ха! Не тое слова.

– Яны не толькі моцныя. Яшчэ і хуткія, і спрытныя. Таму гэтыя зняволеныя, што працуюць на палетках, нават і не спрабуюць уцячы. Гэта проста бессэнсоўна.

– Гэх, каб ведаць, чым, – махнуў рукой раззлаваны такой несправядлівасцю Янка, – з радасцю дапамог бы.

– Мы дапамаглі б, – выправіла яго сястра, – мы!

– Дзякуй і на добрым слове, ужо прыемна, – лагодна ўсміхнуўся Вуж.

Яны яшчэ крыху пастаялі, са шкадаваннем і абуранасцю назіраючы за працай зняволеных жыхароў каралеўства, пакуль Вуж не нагадаў:

– Ну што, хадзем да Пугача?

– Так! – рашуча выказаўся Янка, якога пачалі захлістваць эмоцыі. – Цяпер я дакладна адчуваю, што трэба да яго ісці.

– Не паспрачаешся. Тады рушым у дарогу! А шлях некароткі, Пугач далёка забраўся ад усіх.

– А што так?

– Ды хто ж яго ведае. Можа, каб не назалялі. Я ж казаў, не дужа ён ахвочы да размоў.

– Зразумела.

– Толькі крочым пакуль узлескам. Хавайцеся крыху за дрэвамі, каб вас гэтыя вартаўнікі не пабачылі. Бо ад іх уцячы амаль немагчыма.

– Дзякуй за параду. Не хацелася б адразу трапіць да іх, так і не пабачыўшы вашага каралеўства.

Яны крочылі сцярожка, хаваючыся за стаўбурамі дрэў, імкнучыся ісці ціха, неўпрыцям, каб ніводная галінка не трэснула пад нагамі. І ўсцяж яны паглядалі на поле, пільнуючыся, каб ваўкалакі іх не заўважылі.

Праточвацца праз лес было нялёгка. На ўскрайку ён быў вельмі зарослы, багаты на разгалістыя дрэвы з густымі хмызнякамі. Хмызнякі штораз даводзілася абыходзіць, і гэта забірала не толькі моц, але і час. Не хацелася б трапіць да Пугача ў цемры. Тут і так было досыць страшна, а прабірацца скрозь начны цёмны лес ніхто не марыў. Ды і затрымлівацца ў гэтым каралеўстве непажадана. Што падумаюць іх бацькі? Да цемры варта б вярнуцца дадому.

Урэшце небяспечныя палеткі засталіся далёка за спінай, лес скончыўся, і непадалёк паўстала невялікая вёска.

– Ну ўсё, – наказаў Вуж, – далей ісці пакуль не раю. Трэба тут пачакаць.

– Чаму? – не зразумелі яго падарожнікі.

– А вы зірніце на сябе.

Брат з сястрой перазірнуліся.

– За вярсту відаць, што вы нетутэйшыя і да таго ж не звычайныя вандроўнікі.

– А-а-а, – зразумелі яны, што мае на ўвазе Вуж. – І што вы прапануеце?

– У гэтай вёсцы жыве мой стары сябра. Я завітаю да яго, можа, атрымаецца нешта ўзяць вам з адзежы, каб вы не так прыцягвалі да сябе ўвагу. Лепей, калі прыпадобніцеся да тутэйшых. Вельмі ж вылучаецеся ўва ўсіх гэтых даспехах і каралеўскіх строях.

– Так, маеце рацыю. Няварта прыцягваць да сябе ўвагу.

– Я паспрабую як мага хутчэй, а вы схавайцеся, каб вас ніхто не пабачыў.

– Добра, мы стоімся і паспрабуем быць не заўважнымі.

І Вуж, спрытна выгінаючыся, хутка папоўз да хаты свайго знаёмага. А Янка з Міланай схаваліся за разгалістым хмызняком і, прысеўшы, пачалі разглядаць вёску.

Яна выглядала як сапраўднае сяло: драўляныя хаты, падворкі з курамі ды каровамі. Але ўсё ж яна нечым рознілася ад іх роднай вёскі, нагадвала сярэднявечную…

Толькі некаторыя хаты былі з каменнымі падмуркамі. Пэўна, яны належалі заможным жыхарам, бо выглядалі досыць багата, мелі вялікія падворкі. Асноўная ж частка складалася са звычайных зрубаў, многія былі з саламяным дахам. Складалася ўражанне, што ў гэтай мясцовасці лютых і марозных зім не бывае, бо ў такіх халупах людзі папросту не вытрымалі б маразоў.

Неўзабаве недзе ззаду пачулася храбусценне галіны. Было чуваць, як нешта хутка набліжаецца. Дзеці адсунуліся амаль у глыб хмызняку і азірнуліся. Нейкі сабака, магчыма, бадзяжны, высалапіўшы язык, бег у іх бок. Але, на шчасце, ён пабег далей да вёскі, не звярнуўшы на іх аніякай увагі.

– Фу-ух, – уздыхнула, спалоханая Мілана. – Так і завалу сэрца можна атрымаць.

– Ага, – пагадзіўся з ёй братка, – я сам спужаўся.

І яны, усміхнуўшыся адно аднаму, павярнулі ў бок вёскі і працягнулі чакаць Вужа.

Мінула яшчэ колькі часу. Дзеці пабачылі, як нейкі мужчына з ладным скруткам набліжаецца да іх, а побач паўзе Вуж.

Дайшоўшы да ўскрайку вёскі, незнаёмец прыпыніўся і агледзеўся. Напэўна, правяраў, бачыць яго хто-небудзь ці не. Пераканаўшыся, што яго не заўважылі, ён рушыў далей ужо значна хутчэй.

Незнаёмы з Вужом наблізіліся да хмызняку, спыніліся каля Янкі і Міланы.

– О, рады вітаць у нашых землях, юная каралеўна і высакародны рыцар, – прамовіў незнаёмец.

– Дзякуй, шаноўны, але мы не… – нешта захацеў адказаць ці патлумачыць Янка, ды Мілана неўпрыцям пхнула яго ў бок.

– Мы так удзячныя за вашы прывітанні і пашану, – дагаварыла замест брата дзяўчына.

– Мне Вуж апавёў, што вы жадаеце застацца незаўважанымі. Я тут сабраў некаторыя рэчы. Спадзяюся, яны вам нададуцца. А яшчэ прыхапіў крыху ежы і пітва. Як я разумею, вы доўгі час былі ў дарозе і, напэўна, згаладаліся.

– О, як тое дарэчы. Гэта так з вашага боку… – хацеў падзякаваць Янка за адзежу і за пачастунак, але незнаёмец яго перапыніў.

– Ды што вы, што вы, не варта падзяк. Для мяне вялікі гонар дапамагчы вам.

– Але ўсё адно шчыры вам дзякуй. Ваша дапамога нам цяпер дарэчы.

Незнаёмец схіліў галаву.

Юныя падарожнікі развязалі вузельчык і разгарнулі скрутак. Адразу смачна запахла едзівам. Дзеці ўдыхнулі, але пакуль адклалі харчы ў бок. Іх болей цікавіла прынесеная адзежа, ад якой залежала іх небяспека. Хто ведае, каго яны яшчэ тут сустрэнуць? І быць падобнымі да мясцовых жыхароў было вельмі істотна, бо адрознівацца – значыць, звяртаць на сябе ўвагу.

У скрутку дзеці знайшлі ёмістую торбу, некалькі простых кашуляў з бавоўны і – найгалоўнейшае – плашчы-накідкі. Тое, што трэба.

Мілана з Янкам хуценька пераапрануліся, а свае строі паклалі ў торбу. Дыядэму дзяўчына ахайна загарнула ды схавала на дно, каб яе ніхто не пабачыў.

Вуж агледзеў іх з ног да галавы і задаволена прамовіў:

– Во! Іншы выгляд. Цяпер вас ужо ніхто не пазнае і не зверне ўвагі. Цяпер варта падмацавацца, а тады можна і рушыць у дарогу.

– Вы чытаеце нашы думкі, – усміхнуўся Янка. – Я ад усіх гэтых прыгодаў і свежага паветра ўжо галодны, як воўк.

– Ну, гэта яшчэ не так страшна, – падбадзёрыў мужчына. – Абы не як ваўкалак. Вось гэтыя пачвары сапраўды ненажэрныя.

– Што вы, ратуй, Божа! – адмахнуўся Янка. – Бачылі мы ўжо гэтых драпежнікаў. Не найлепшыя ўражанні.

– Так, няма нам ратунку ад паслугачоў новага караля. Ай, ды і які ён кароль, – з непавагай да ўладара адмахнуўся мужчына. – Лічы, сам сябе і абвясціў ды пасадзіў на сталец. Мінулі часы добрых і высакародных каралёў. І, на жаль, канца-краю гэтаму не відаць, – падагульніў ён засмучана.

– Не адчайвайцеся, – паспрабавала падняць яго дух Мілана. – Трэба верыць у лепшае. Дабро заўжды ўрэшце перамагае ды святкуе.

– Вашы б словы, юная каралеўна… – уздыхнуў ён. – У глыбіні душы я таксама ў гэта веру. Не можа ж так быць, каб увесь час ліха кіравала. Павінен жа і яму некалі прыйсці канец?! Павінен жа нехта яго спыніць і пакараць?! Так, высакародны рыцар? – звярнуўся мужчына да Янкі.

– Бясспрэчна. Справядлівасць заўсёды перамагае, бо сіла ў праўдзе! – цвёрда і рашуча выгукнуў Янка.

У ім ужо віравала нянавісць да гэтага злоснага караля-самазванца, расло жаданне расправіцца з гэтым прыгнятальнікам.

– Чую голас і словы сапраўднага рыцара, – захапіўся такім адказам мужчына. – Вам бы яшчэ гэтай рашучасці перадаць нашым жыхарам і вярнуць яе нашым зняволеным рыцарам – ніякі злы вядзьмак нам бы не быў страшны. Наадварот, усе яго падлізнікі і паслугачы ў страху разбегліся б.

– Паверце, каб я мог, зрабіў бы ўсё, што ў маёй моцы, каб зрынуць ды пакараць яго.

– Веру, высакародны рыцар, шчыра веру, – ад усяго сэрца прамовіў мужчына. – Ну што ж, – працягнуў ён пасля невялікай паўзы, – разумею, што ў вас яшчэ шмат сур’ёзных планаў, не магу вас затрымліваць.

– Што вы! – усміхнулася Мілана.

– Насамрэч у мяне багата спраў. Маю ж працу ніхто за мяне не зробіць. Прашу прабачэння, – схіліў ізноў галаву незнаёмец, – але змушаны вас пакінуць. Не хачу лішніх пытанняў.

– Трэба – значыцца, трэба, – з разуменнем адказаў Янка. – Яшчэ раз шчыры дзякуй за вашую шчодрую паслугу.

– Як яшчэ чым змагу вам дапамагчы, звяртайцеся. Бывайце.

– Усяго вам найлепшага, да пабачэння, – ветліва развіталіся з ім Янка з Міланай.

І незнаёмец хуценька заспяшаўся дадому.

– Падумаць толькі, – выказалася Мілана, – якія шчырыя і зычлівая людзі тут жывуць.

– Гэта насамрэч так, – азваўся Вуж. – Жыхары нашага каралеўства вельмі добрыя. Але яны дужа запалоханыя за апошнія гады, усяго пільнуюцца. Таму, як заўважыце косыя позіркі ў свой бок, не перажывайце. Хутчэй за ўсё, гэтыя людзі ці істоты проста вас перасцерагаюцца. Адно таму і глядзяць на вас недаверліва.

Добра пад’еўшы, яны прыбраліся і рушылі ізноў у дарогу праз вёску, ля якой спыніліся. Сяло прыкметна рознілася ад тых, што яны бачылі. Рознілася не толькі хатамі, але і дарогай. Што такое асфальт, тут, падаецца, і не ведалі. Нідзе не было электрычных слупоў, а ўжо казаць пра аўтамабілі ў дварах ці тыя ж ровары нават і не даводзілася. Адным словам, аніякіх прыкмет сучаснай цывілізацыі. Сапраўднае Сярэднявечча.

Пакуль яны разглядалі наваколле, звярталі ўвагу на юных вандроўнікаў і тутэйшыя жыхары. Але людзі глядзелі на іх скоса, нібы баючыся сустрэцца з імі вочы ў вочы. І ў гэтых позірках адчуваўся нейкі недавер, а можа, і запужанасць. Запужанасць невядомым. Што яны, хлопец і юная паненка, могуць з сабою несці. Добрае ці ліхое? Ды яшчэ і Вуж нейкі з імі паўзе. Хоць менавіта на яго глядзелі менш за ўсё.

– Ты гэта адчуваеш? – сцярожка запытаўся Янка ў сястры.

– Як нас разглядаюць?

– Так.

– Ветласці я нешта не заўважаю.

– Няўжо людзі ў вас настолькі запужаныя? – запыталася Мілана.

– На жаль, так, – сумна прамовіў Вуж.

– Небаракі, – уздыхнуў Янка і са шкадаваннем пахітаў галавой. – Гэта ж трэба так усяго лякацца, каб нават галавы баяцца падняць. Вось каб яны аб’ядналіся ды пачалі змагацца разам.

– Каб так! Можа, жыхары і ўзбунтаваліся б, ды хто ж іх падыме? Хто павядзе за сабой? Нашы рыцары, вунь, спрабавалі падняць бунт. Вынік – усе пакутуюць за кратамі. Не тыя суадносіны моцы.

– Несалодка вам тут даводзіцца, – паспачуваў Янка.

– Не тое слова. Сам часам здзіўляюся, як усе могуць так жыць. Мяркую, выжываюць хіба таму, што не страцілі яшчэ пачуццё гумару і веру ў лепшае. Павінна ж гэта ўсё калі-небудзь скончыцца? Не вечны ж ён. Зрэшты, хто яго там ведае? Вядзьмак жа, як-ніяк.

– А няўжо ваш мудры Пугач нікому не даваў аніякай падказкі ці парады?

– Мяркую, ён досыць мудры, каб не лезці ў гэтыя справы.

– Не хоча наклікаць на сябе бяду?

– Так. Як кажуць: язык мой – вораг мой. Ды і ўвагі не жадае ён да сябе залішняй прыцягваць. Ведае ён багата, але самі разумееце…

– Багата ведаеш – мала жывеш, – выказаў Янка тое, што, падаецца, не хацеў прамовіць Вуж. – Але і дурнем заставацца нельга, трэба ўвесь час вучыцца і ўдасканальвацца.

– Ну вось, вы самі ўсё разумееце.

…Невясёлымі яны выйшлі з вёскі і скіравалі далей – праз поле ў нетры. Яны прабіраліся ў глыб лесу, які станавіўся ўсё болей густыя і непралазныя. Падавалася, што сюды ніхто і ніколі не забіраўся. У такім гушчары самае месца хавацца ад усіх. Урэшце, яны выбраліся на паляну, сярод якой стаяў стары магутны разложысты дуб. Не меншы за той, праз які яны тут апынуліся ў каралеўстве Сварга.

– Ну, вось мы і прыйшлі, – сказаў Вуж.

– Нішто сабе! – здзівілася зачараваная такім відовішчам Мілана.

– Ізноў дуб, – азваўся Янка, намякаючы сястры на тое, што пачалі свае прыгоды яны праз такі ж самы.

– Ага, – паківаў Вуж. – Будзем спадзявацца, што шаноўны Пугач сёння ў гуморы і згодзіцца вас прыняць.

1
...