– Аб’явiўся лётчык-верталётчык! – ускрыкнуў Вiктар Трухан, калi пачуў праўду пра бацьку, i, не хаваючы знявагi да нечакана ўваскрэслага, доўга, пагардлiва рагатаў.
Ванда Мiкалаеўна цярплiва чакала, калi ў сына скончыцца iстэрычны смех, трымалася, не паказвала свайго хвалявання, толькi на жоўтым, хваравiтым твары праступiлi чырвоныя плямы. Яна нiчога не магла сказаць у сваё апраўданне дый не хацела. Схлусiўшы сыну раз, Ванда Мiкалаеўна была вымушана трымацца прыдуманай легенды. Версiя пра трагiчна загiнуўшага бацьку, лётчыка-выпрабавальнiка, вырашала шмат якiя турботы. Пакуль сын быў малы, ён ганарыўся бацькам-героем, а калi падрос, пытанняў кшталту «Хто мой бацька?» ужо не задаваў.
– Старасць прыйшла, няма каму шклянкi вады падаць? – нiяк не мог супакоiцца Трухан. – Толькi я не падыходжу на ролю брата мiласэрнасцi.
– Гэта табе патрэбна дапамога, – незласлiва ўпiкнула сына Ванда Мiкалаеўна. – Вiктар Пятровiч жыў, не ведаючы цябе, i будзе жыць далей, а вось ты…
Трухан быццам пракаўтнуў свой сутаргаваты смех, насцярожыўся. Каго-каго, а мацi ён ведаў, i калi яна так сказала, значыць, i сапраўды бацька – не просты чалавек. Трухан любiў мацi, ведаў, што яна цяжка хварэе, i, канечне, нi ў чым не мог ёй адмовiць, тым больш, што клапацiлася яна ў першую чаргу аб iм.
– Ён багаты? – зляцела з языка Трухана.
Мацi з дакорам паглядзела сыну ў вочы:
– У цябе толькi грошы ў галаве.
– Добра, канечне, каб яны былi ў кiшэнях цi яшчэ лепш – у швейцарскiм банку, – выскалiў няроўныя жоўтыя зубы Трухан. – Але я паеду ў Маскву, пагляджу на свайго продка. Толькi май на ўвазе: для цябе зраблю ўсё, для яго – нiчога.
Яны сустрэлiся так, быццам бачылiся толькi ўчора.
– Я прыехала i прывезла Вiктара, твайго сына, – не вiтаючыся, ультыматыўна заявiла Ванда Мiкалаеўна, як толькi Аляксандраў адчынiў дзверы.
Вiктар Пятровiч разгублена залыпаў вачыма, адступiў некалькi крокаў у прыцемнены калiдор.
– Ванда?! – вырваўся з ягоных грудзей прыглушаны стогн.
– Абыдземся без сантыментаў, – рэзкавата, але ўсё ж з хваляваннем прамовiла Ванда Мiкалаеўна i адразу ўпiхнула ў калiдор сына.
Потым увайшла сама, цiха, бясшумна зачынiла дзверы, пашарыла рукой па сцяне, шчоўкнула выключальнiкам. Знiякавелы Вiктар Пятровiч, апрануты ў спартыўны гарнiтур i тапачкi на босую нагу, выглядаў зусiм па-хатняму, нiчым не нагадваў таго грознага i непрыступнага Аляксандрава.
– Паклiч жонку, няхай паслухае, пра што гаварыць буду, – загадала Ванда Мiкалаеўна.
Яна рыхтавалася да сустрэчы, у думках рэпетыравала кожнае слова, баялася, што нехта перахопiць iнiцыятыву, i, канечне, гэтым «нехта» магла быць толькi жонка Аляксандрава.
Вiктар Пятровiч, не адводзячы вачэй ад Трухана, вяла ўсмiхнуўся:
– Адзiн я…
– Дзе ж яна? У краме, на дачы? – наступала Ванда Мiкалаеўна.
Вiктар Пятровiч цяжка ўздыхнуў, ногi не трымалi, i ён паволi асунуўся на скураны зэдлiк, што карычневай шапкай, як грыб на тоўстай ножцы, высiўся каля трумо.
– Халасты я… – сказаў Аляксандраў, – i нiколi жанаты не быў.
Мацi з сынам перазiрнулiся. Вочы Ванды Мiкалаеўны пацяплелi, хваравiты твар прасвятлеў. Трухан перасмыкнуў плячыма, маўляў, рабi што хочаш, мяне твае справы не цiкавяць.
– Зрэшты, цяпер гэта не мае значэння, – хутка пазбавiўшыся ад хвiлiннай замiнкi, кiнула Ванда Мiкалаеўна i з высока ўзнятай галавой прашпацыравала ў прачыненыя дзверы залы. – Будзем гаварыць тут… Калi ў цябе, Вiктар Пятровiч, нешта з сэрцам, у мяне ёсць i валакардзiн, i нiтраглiцэрын, але выслухаць мяне ты абавязаны.
– Не-не, – падхапiўся на ногi Аляксандраў. – Гэта я так, ад нечаканасцi… i радасцi…
– Ад радасцi?! – iранiчна перапытала Ванда Мiкалаеўна i холадна, як адрэзала: – Не варушы старое, перасмылела… Балела, смылела, забылася… А вось сын у нас з табой, Вiктар Пятровiч, застаўся, думаю, на ДНК настойваць не будзеш, i без экспертызы вiдаць, чыя копiя… А дзе ж твая кiтаянка? – нечакана для самой сябе спыталася Ванда Мiкалаеўна i адчула, як здрыганулася сэрца.
Яна ўбачыла былога каханка i, насуперак усяму, зразумела, што гады не выкраслiлi Аляксандрава з памяцi, больш таго, яшчэ хвiлiна-другая, i яна не зможа супрацьстаяць жаданню дакрануцца да чалавека, якога калiсьцi кахала. У яе ўзнiкла амаль непераадольнае жаданне пагладзiць сiвыя, пастрыжаныя пад вожык валасы.
– Мая кiтаянка? – таропка перапытаў Аляксандраў. – Тут нiколi не было кiтайцаў.
Упэўненасць, з якой Вiктар Пятровiч запярэчыў, абурыла Ванду Мiкалаеўну, памяць была супраць гэтай вiдавочнай хлуснi. Душу зноў раздзiрала несправядлiвасць i злосць.
– І дзяцей ад яе няма?
– Няма, бо не ведаю, пра што ты гаворыш, – адказаў Аляксандраў, але не так упэўнена, бо ў гэтую хвiлiну здагадаўся, пра каго гаворыць Ванда.
– Што ж, няхай так i будзе… Зрэшты, мы тут па iншай справе.
Нечакана закружылася галава, Ванду Мiкалаеўну хiстанула, яна ўхапiлася за спiнку крэсла. Трухан перасцярожлiва падтрымаў мацi за руку, усадзiў у крэсла.
– Табе кепска? Можа, вады?
Вiктар Пятровiч ужо трымаў у руках сiфон з газiроўкай i шклянку. Ванда Мiкалаеўна кiнула ўдзячны позiрк на сына i, не зважаючы на гаспадара кватэры, быццам яго тут i не было, пацягнулася да сумачкi, расшпiлiла замочак i выцягнула з бакавога кiшэньчыка бутэлечку з лекамi.
– Мо дзве таблеткi зашмат? – перапытаў заклапочаны Трухан, калi ўбачыў у мацiнай далонi дзве жоўтыя кропачкi.
– Самы раз, – кiўнула Ванда Мiкалаеўна i ссiнелымi вуснамi ўзяла бязважкiя таблеткi з далонi. Потым выпiла газiроўкi, але на Вiктара Пятровiча так i не паглядзела.
– Можа, выклiкаць хуткую дапамогу? – разгублена прамармытаў Аляксандраў i ўхапiў слухаўку тэлефоннага апарата, якi вiсеў на сцяне.
– Не трэба, само пройдзе, – страсянула галавой, быццам скiнула нейкi цяжар Ванда Мiкалаеўна i стомлена заплюшчыла вочы.
Вiктар Пятровiч павесiў трубку на месца i ў чаканнi прытулiўся спiнай да дзвярнога вушака, паспрабаваў лагiчна асэнсаваць падзеi, што так нечакана звалiлiся на ягоную галаву. Яшчэ паўгадзiны таму ён нават у сне не мог убачыць таго, што цяпер перажываў. Дарослы сын стаяў побач i выклiкаў пачуццё няўпэўненасцi, ён мiжвольна параўноўваў сябе з iм, шукаў падабенства. Той, быццам адчуўшы, што яго вывучаюць, пагардлiва скрывiў вусны i адвярнуўся. Дый што было параўноўваць, яны былi, як дзве кроплi, падобныя адзiн да аднаго, толькi з рознiцай у дваццаць гадоў. Тыя ж раскосыя вочы, аднолькава непаслухмяныя вожыкi валасоў, тоўстыя насы…
«Сын, мой сын!» – узнёсла падумаў Аляксандраў, вочы пацяплелi, i ён перавёў удзячны позiрк на Ванду.
У грудзях шырылася, iрвалася вонкi даўно забытае пачуццё пяшчоты i любасцi. Саленаваты камяк падкацiў пад самае горла, было цяжка стрымлiвацца, каб не заплакаць.
Гэтая стомленая хваравiтая жанчына нiчым не нагадвала тую далёкую гарэзу Ванду, але Вiктара Пятровiча цягнула да яе нейкая непераадольная сiла, у душы зацеплiлася надзея, што нарэшце ў яго можа ўтварыцца сям’я, i будзе ўсё, як у людзей… Ад хвалявання нервова ўздрыгвалi кончыкi пальцаў, ён не ведаў, куды дзець рукi, адчуваў, што неадкладна павiнен нешта зрабiць. Толькi – што?..
«Мо прапанаваць шампанскага? – мiльганула ў думках. – За сустрэчу…»
Вiктар Пятровiч ужо набраў поўныя грудзi паветра, каб сказаць гэта, але Ванда Мiкалаеўна перапынiла. Яна нечакана расплюшчыла вочы, цяжка, пакутлiва паглядзела на Аляксандрава, прашаптала:
– Памятаеш, як добра ўсё пачыналася?
Вiктар Пятровiч не адказаў, цяжка праглынуў даўкi камяк, згодна кiўнуў.
– Я кахала цябе, – зноў заплюшчыла вочы Ванда Мiкалаеўна.
– Я таксама, – выдыхнуў Вiктар Пятровiч.
– Роўна месяц… І што ты знайшоў у той кiтаянцы?
– Адкуль ты яе ведаеш? – насцярожыўся Аляксандраў. Ён даўно ўзгадаў Мэй Лi – сваё першае заданне, трывожна зашчымiла сэрца. – Я не памятаю, каб вы сустракалiся.
– А я была тут, – Ванда Мiкалаеўна выпiла газiроўкi, абвяла позiркам пакой. – Бачу, нiчога не змянiлася, толькi партрэты кудысь падзелiся…
– Мама, табе нельга хвалявацца, – Трухан паспрабаваў змянiць тэму гаворкi, але мацi адмахнулася:
– Мне ўжо добра.
I сапраўды, лекi пачалi дзейнiчаць, мiльгаценне ў вачах знiкла, твар трошкi паружавеў, але зрабiўся нейкi скамянелы.
– Была я ў гэтай кватэры, была! – цвёрда заявiла Ванда Мiкалаеўна. – Ты не прыехаў, i прыйшлося мне, дурнiцы, клэпаць зноў у Маскву. Шукала бедненькага, гаротнага студэнцiка ў iнтэрнаце, а знайшла ў гэтай шыкоўнай, па тым часе, кватэры. Ды не аднаго, а з жонкай-кiтаянкай…
Нечакана Аляксандраву стала цяжка стаяць, нядобрае прадчуванне, быццам абцугамi, сцiснула скронi.
– Хто цябе сюды прыводзiў? – выцiснуў Вiктар Пятровiч i сеў у крэсла. Ён ужо ведаў, што скажа Ванда Мiкалаеўна.
– Тыя, для каго ты быў «дзяржаўным» чалавекам, – iранiчна ўсмiхнулася Ванда Мiкалаеўна i строга паглядзела на сына. – Вiктар, пакiнь нас адных.
Размова бацькоў нечакана зацiкавiла сына, ён умольна зiрнуў на мацi, але яна настойлiва i цвёрда паўтарыла:
– Пачакай на вулiцы.
Калi за сынам зачынiлiся дзверы, Ванда Мiкалаеўна больш не стрымлiвалася, выплеснула ўсё, што было на душы, усё, чым балела сэрца.
– Мяне прывяло сюды тваё начальства, а калi дакладней, спярша тваё, а потым i маё…
– Што? – ускрыкнуў Аляксандраў. – Ты працавала ў КДБ?
– Палкоўнiк Iваноў расказаў, хто ты, – прапускаючы мiма вушэй пытанне Вiктара Пятровiча, працягвала Ванда Мiкалаеўна. – Мне паказалi шлюбныя здымкi з кiтаянкай i «параiлi» не ўмешвацца ў тваё жыццё. Добра, што хапiла розуму не сказаць пра сына, iнакш…
О проекте
О подписке