Мікола Адам — отзывы о творчестве автора и мнения читателей
  1. Главная
  2. Библиотека
  3. ⭐️Мікола Адам
  4. Отзывы на книги автора

Отзывы на книги автора «Мікола Адам»

4 
отзыва

BoreenCantlet

Оценил книгу

СПАКУСА ЯДВАБУ

Беларускія празаікі нячаста засяроджваюцца на тэме кахання. Але Мікола Адам у сваёй творчасці нібыта кампенсуе няўвагу да адвечнай тэмы. Шчаслівыя сустрэчы, расстанні, здрады — усё гэта зноў і зноў адбываецца на старонках яго прозы. «Шоўк» — не толькі назва кнігі і другой па ліку аповесці, але і лейтматыў чатырох змешчаных тут твораў. Шоўк — фетыш і сімвал жарсці, спакусы шалёнага кахання ў паяднанні з крывавымі момантамі. У рамане «Мыла» (2000) белы шоўкавы халацік выпадкова расхінаецца на грудзях цудоўнай актрысы Веранікі Берднік, у першай аповесці «Насця» (1999) з шоўку пашыта начная сарочка. Яго Высокасць Шоўк раскрывае ўсю сваю веліч і магутнасць у другой аповесці і сціхае ў трэцяй — «Антыгерой» (2010). Улюбёным у шоўк жанчынам творы прыйдуцца даспадобы, а вось байдужым да гэтай тканіны такое захапленне і нават часткова адухаўленне яе можа набіць аскоміну. Справа густу і толькі.
Імя галоўнага героя аповесці «Насця» — Мікола Адам. Аўтар называе героя сваім іменем, адорвае яго пісьменніцкім талентам, збліжаючы тым самым з уласнай асобай. З набыткаў Адама — тры курсы ўніверсітэта, тонкі сшытак вершаў, пусты кашалёк, кепскія звычкі (цыгарэты «Прыма» і мора кавы), безліч таварышаў і, мусіць, ніводнага сапраўданага сябра — джэнтльменскі набор беларускага пісьменніка 1990-х. Мае герой і адзнакі таленавітасці (нельга ж лічыць свайго літаратурнага двайніка неталенавітым). «Згубленая ноччу ў гарах авечка», як сказаў бы Ф. Кафка — адзін з улюбёных персанажаў пісьменніка. На першым плане ў аповесці не творчыя ўзлёты і падзенні — адносіны самотнага чалавека з варожым для яго светам. Расквеціць гэту самотнасць, зразумела, можа толькі дзяўчына-загадка, неспасцігальная і тым жа манкая — Анастасія Мажар, ці проста Насця. Сцэнарый іх адносін пабудаваны па тыповай усходнеславянскай мадэлі і ўскладнены меладраматызмам расійскіх серыялаў. Мікола кахае так, што ад рэўнасці здольны на фізічны гвалт над сваёй каханкай, а Насця не пакідае верыць у яго лепшыя якасці і, каб ён выправіўся, стварае эсктрэмальную сітуацыю са шчаслівай развязкай. Хто каго чубіць, той таго і любіць, альбо б’е — значыць кахае. У эмацыянальным парыве Мікола робіць Насці прапанову, абяцае змяніцца дзеля яе на лепшае, ператварыць іх сумеснае жыццё ў казку. Аднак эмоцыі цішэюць, і першая хваля саступае месца цвярозаму асэнсаванню рэчаіснасці. Адам разумее: мала што з абяцанага каханай і яе сям’і ён здольны ажыццявіць. Такая сітуацыя знаёмая многім жанчынам і дзяўчынам, хіба не так? Можна толькі здагадвацца, што кіруе дзяўчынай: вялікае каханне альбо шкадаванне (Мікола мае цяжкую траўму галавы, атрыманую ў гарачай кропцы). Сам жа герой так і не вызначыўся, кім была для яго Насця…
Аповесць «Шоўк» — найлепшы твор для жаночай аўдыторыі. Каханню падуладны ўсе ўзросты; няма халодных, неспакушальных жанчын — ёсць мужчыны-няўмекі; пасля сарака жыццё толькі пачынаецца нават у такім правінцыйным гарадку, як Слуцк, — аксіёмы аповесці. Саракашасцігадовая настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана — жанчына-развядзёнка, прыгожая, але недакаханая. Ніводзін мужчына (а было іх не так шмат) не здолеў раскрыць яе сутнасць і рэалізаваць закладзены прыродай патэнцыял. Але сустрэча з маладым (удвая маладзейшым за яе) рэжысёрам мясцовага ДК зменіць жыццё Святланы кардынальным чынам. Іх цукерачна-букетны перыяд не падобны да серыяльных заляцанняў: сустрэчы ў дарагіх рэстаранах, мора кветак, вытанчаныя стравы і дарагое віно. Не, у выпадку нашых герояў усё значна прасцей: гарэлачка пад агароднінку ды бульбачка з каўбасой на сняданак. Аўтар не імкнецца сканцэнтраваць увагу чытача на знешнім флёры адносін і змушвае чытачак употайкі зайздросціць фантомнай Святлане, нібы жывой суперніцы ў барацьбе за асабістае шчасце. Паступовае раскрыццё ўнутранага свету гераіні, самапазнанне і рэалізацыя сябе як жанчыны ў стасунках з каханым мужчынам — вось што цікавіць пісьменніка. Інтрыга нараджаецца ў момант наведвання героямі занядбанай хрушчоўкі — фармальнай кватэры Міхала, — у падвале якой змешчаны адмыслова абсталяваны пакойчык для ажыццяўлення любых фантазій, навеяных Яго Высокасцю Шоўкам. «Што будзе далей? Чым скончацца для абодвух амурныя забаўкі? Каханне ці інстынкт?» — паўстаюць у галаве пытанні. Аднак развязка твора апынаецца нечаканай… Аповесць — гатовы сцэнарый для чатырохсерыйнага фільма. Добрая гульня акцёраў, мінімум штучных дэкарацый — і айчынны кінематограф можа атрымаць прадавальную меладраму з нацыянальным каларытам. І, мусіць, не адна глядачка пакіне сакаўную «буську» на вокладцы пад выявай аўтара.
Мікола Адам ва «ўласным грайндхаусе» (так называлі кінатэатры, дзе паказвалі эксплуатацыйнае кіно) прапануе і аповесць «Антыгерой». Плацінавыя бландзінкі ў латэксе, жанчыны-вычварэнкі, баі на смерць як спосаб выхаваць з баязліўца сапраўднага мужчыну. Ад папярэдняга твора засталася хрушчоўка, у падвале якой — жорсткасць і кровапраліццё. У аповесці дзве рэальнасці — верхні свет, дзе жывуць героі і пачынаюцца падзеі, і ніжні, дзе людзі даюць волю любым вычварным жаданням. Але і без кахання не абышлося. Істотна, што аповесці пазбаўлены пошласці і натуралістычнага апісання пікантных момантаў, і гэта дазваляе кнізе не ператварыцца ў нізка-пробны каляпарнаграфічны прадукт. Аўтар не засяроджваецца на палавых інстынктах чытача, не мадэліруе свой твор па прынцыпе літаратурнай цацкі для дарослых гульняў, а звяртае ўвагу на асобасную эвалюцыю героя. Яго персанаж заўсёды на мяжы рэальнага і выдуманага, чалавечага і жывёльнага, таннага і найдаражэйшага.

Віялета ВАШЧЫЛІНА

28 мая 2017
LiveLib

Поделиться

BoreenCantlet

Оценил книгу

МІКОЛА АДАМ "ВЯЗЕНЬ ЗАМКА АДЗІНОТЫ"

(пра апавяданне з кнігі)

Адзінае, што мяне засмуціла – няўдалая, прэсная назва апавядання. Зусім як які артыкул у раённай газеце.
А само апавяданне – смак.
І тэма – тэма выключная па нашым часе: адзінота чалавека мастацкага ў грамадстве спажыўцоў.
Ёмка і хораша. З лёгкай іранічнай усмешкай, з паглядам на самога сябе як ахвяру, але ў той жа час гэта самая ахвяра і вызначае свой ахвярны лёс.
Няма плаксівасці, няма сузірання свайго лёсу як на шлях крыжовы – ёсць філасафічная спроба разабрацца: чаму сярод людзей застаецца чалавек адзін.
Зразумела, што фармат апавядання, ды яшчэ такога кароткага – палова старонкі газетнай – не дасць аніяк адказаць з усёй глыбінёй на пытанне. Зрэшты, Мікола Адам і не імкнецца адказаць. Ён як быццам і ведае гэты адказ, яго герой ніколечкі не здзіўляецца, што застаецца адзін. І ў гэтым веданні раптам адчуваецца унутраная сіла “маленькага чалавека культуры”, які закінуты ў правінцыю нешта такое культурнае “несці ў масы”.

У апавяданні – толькі згадкі пра ўсе праблемы, а як добра акрэслены яны кароткімі штрыхамі-эпізодамі. Тут работы на добры раман...
Герой Міколы Адама асэнсоўвае сваю ролю “вязня адзіноты”. Ён бачыць і ўзнагароду за сваю ролю – такую, якую відно адно яму самому. І гэта ўзнагарода – пекная прыгажуня – вартая ўсіх яго пакутаў.

Здаецца, усё зразумела. Роля і мэта. Але апошнім сказам цалкам разбурае Мікола Адам гэтае сфарміраванае вякамі разуменне творчасці як абавязку перад грамадствам.
Божы дар раптам прадстае ў выглядзе Божае кары.

І бясконца слушна гучыць апошняе пытанне: за што?

Валеры Гапееў

28 мая 2017
LiveLib

Поделиться

Kavalaksala

Оценил книгу

Гэта было дзіўна.
Нешта ёсьць, але нехапіла для таго, каб спадабалася.
Сюжэт месцамі зусім дурны, але я можа не зразумела нечага.
Напісана лёгка, чытаецца хутка.

І не, на Міллера гэта не падобна. На Букоўскі - месцамі.

4 октября 2023
LiveLib

Поделиться

traj...@tut.by

Оценил книгу

ПРОЗА, ЯКУЮ ПІСАЎ ПАЭТ
(пра кнігу Міколы Адама "Гульня ўяўлення")
Проза, якую напісалі паэты, для мяне заўсёды была асаблівай. Не стала выключэннем і чарговая кніга Міколы Адама “Гульня ўяўлення”.
І справа тут не толькі ва ўласных вершаваных радках Адама-паэта, якія ўдала ўплятаюцца ў прозу, прамаўляючыся вуснамі герояў апавяданняў. Апісанні наваколля, знешнасці і псіхалагічнага стану герояў вызначаюцца асаблівай маляўнічасцю, свежасцю нязбітых вобразаў, паэтычнасцю.
“Малады снежань толькі-толькі паспеў апрануць белае паліто і адпусціць бародку, белую з карычневымі плямамі.”
Або “Вечар у снежным катуху паступова пераходзіў у ноч. Але ноч не мянялася вопраткай з вечарам.” - так пачынаецца трыпціх “Без святла”. Ці не з’яўляюцца такія радкі паэзіяй ў прозе?
Ды і сэнс згаданага твора нечым нагадаў Алеся Разанава: ёсць у яго такія пункціры, дзе паэт разважае, што адна і тая ж з’ява (тут – адключэнне святла) для адных можа быць трагедыяй, для іншых – ратункам.
За празаічнай творчасцю Міколы Адама сачу даўно. Дзесяцігоддзя паўтара – дакладна. Таму заўважыла, што ў кнігу ўвайшлі апавяданні розных гадоў. Некаторыя з іх мела шчасце чытаць яшчэ ў часопісе “Першацвет”, а некаторыя – адносна нядаўна “У ЛіМе”.
Што новага адкрыла для сябе? Зварот аўтара да драматычных падзей пачатку дваццатага стагоддзя (апавяданне “Ішоў дождж”).
Але нават звяртаючыся да амаль стогадовай гісторыі, аўтар не здраджвае свайму стылю. Ён не апранае жанчын у целагрэйкі з хусткамі і не ставіць іх ля печы.
Вікторыя ў “Рускай рулетцы” стыльная і жаданая ў сваіх строях. Ды і зеленавокая Аксана з апавядання “Ішоў дождж” па -жаноцку прывабная, калі перад трагічнай кульмінацыяй выскоквае на ганак у адной гімнасцёрцы.
Жанчыны у прозе Міколы Адама прыгожыя, здольныя да эксперыментаў. Мужчыны - рашучыя, брутальныя. Пачуцці – палкія, хэпіэнды – рэдкія.
Хто яны, героі апавяданняў? Часцей мужчына і жанчына. Мужчына – часам пісьменнік, часам не зусім паспяховы. І як значная частка гэтай “браціі” можа заліваць уласную непаспяховасць гарэлкай або зайздросціць больш паспяховым калегам, якім шанцуе ў літаратуры і асабістым жыцці (“Добры чалавек Мазахаў”, “Макулатура”).
Жанчына… Пра апісанне знешнасці гераінь варта сказаць асобна. Я проста недаравальна блытала аўтара з лірычным героем (хаця амаль упэўнена, што пэўная доля аўтабіяграфічнасці ў апавяданнях ёсць). І ў маім усведамленні не выпісаныя героі, а аўтар кахаў усіх сваіх гераінь.
А сапраўды, як не кахаць? Танклявую, няхай сабе і фантастычную Ніко з дзьмухаўцовымі валасамі; зелёнавокую цнатлівую дзяўчынку-выдатніцу Сашу са “Спёкі”, стыльную і дзелавую, але насамрэч такую пяшчотную Вераніку з “Рыцара”, анёлападобную з нялёгкім лёсам Аляксандру – студэнтку “кулька”.
І яшчэ да гэтай блытаніны. Усё ж чытаючы фразы кшталту “Каму цяпер чытаць тоўстыя кнігі?” або “П’яны тарыф дзейнічае баспамылкова, асабліва па тых, каго мы любім.”, я пагаджалася з аўтарам, а не з лірычным героем.
Яшчэ героі? На фоне эпізадычных сяброў-сябровак і стрыжаных “браткоў” я б вылучыла адзіноту і цішыню.
Не зусім звыклым быў для мяне і зварот да фантастычных матываў. Хоць на іх ёсць намёк у назве кнігі. Скажу шчыра, фантастыкай ніколі не захаплялася. Напэўна, таму пачвара з кулямётам у кукурузе мяне не кранула. А вось момант, дзе на каруселі павольна круцяцца партрэты забітых паэтаў вельмі зачапіў.
У творах Міколы Адама, як заўсёды, шмат каханя, гарэлкі, сэксу, смерці, цыгарэт. Усё, як у жыцці. І што б ні казалі нам пра высокую маральнасць, такія творы будуць чытацца. Не пабаюся абагульнення, большасць з нас у той ці іншай ступені цікавяць дадзеныя тэмы.
У некаторых апавяданнях мне проста не хапіла працягу. У Міколы ёсць паспяховы досвед напісання буйных твораў. Многія з апавяданняў, прадстаўленых у кнізе, маглі б стаць па меншай меры аповесцю.
19 октября 2017

Поделиться