Читать книгу «На дняпроўскім лузе» онлайн полностью📖 — Міхась Сліва — MyBook.
image

Творчыя пакуты
(З дзённіка аднаго пісьменніка)

21 студзеня

Учора быў на сустрэчы з чытачамі гарадской бібліятэкі. У асноўным гэта былі рабочыя мясцовага завода. Я выступаў разам з паэтам Яўгенам Сінякрылавым. Ён быў у настроі, парадаваў усіх новымі вершамі. Я таксама не падвёў – расказаў пра свае творчыя планы. Не ўтрымаўся, каб не пахваліцца, што працую над апавяданнямі, адначасова думаю пра аповесць аб жыцці сучаснага рабочага класа.

8 лютага

На гэты раз сустрэча адбылася ў гімназіі. Малайцы, гімназісты! Задавалі шмат пытанняў аб маім жыцці і творчасці, цікавіліся, над чым я працую зараз.

Распавёў ім, што планую напісаць аповесць аб жыцці сучаснай моладзі.

16 лютага

Выдатна прайшла творчая сустрэча ў жаночым інтэрнаце. Дзяўчаты і маладыя жанчыны расказалі пра сваё жыццё-быццё, дапытваліся, ці жанаты я. Выказалі просьбу, каб я напісаў раман пра сямейныя адносіны ў наш няпросты час. Я не змог адмовіць у такой шчырай просьбе, паабяцаў напісаць, парадаваць чытачоў.

18 лютага

Сёння зноў будзе сустрэча з чытачамі. На гэты раз у домакіраўніцтве. Прыйдуць ветэраны. Безумоўна, будуць прасіць напісаць пра іх слаўныя справы.

Давядзецца, як заўсёды, абяцаць…

Песня без канца

– Іншыя мужчыны, як мужчыны: усё для дому стараюцца. А ты, целяпень, нават дачу не пабудуеш!..

Пабудаваў.

– Ну і жыццё! Іншыя жанчыны не жывуць, а красуюцца. А тут на дачу даводзіцца дабірацца спадарожнымі машынамі ды пехатой…

Купіў «Запарожца».

– Ну й гаспадар, ну й гаспадар! Машына пад адкрытым небам іржавее, а ён гараж не пабудуе!..

Купіў зборны металічны гараж.

– Кожны, хто паважае сябе, на «Жыгулях» ездзіць, а ў гэтую бляшанку і садзіцца брыдка!..

Купіў «Жыгулі» дзевятай мадэлі.

– Трэба такому ёлупню быць: машыну прыстойную набылі, а гараж, як куратнік…

Пабудаваў новы, цагляны.

– Табе не здаецца, што на нашу дачу сорамна ўжо гасцей запрашаць! У людзей – двухпавярховыя!..

Паехаў па будаўнічыя матэрыялы і… не вярнуўся.

Новае жыццё

– Хопіць! – рашуча сказаў Максім Бярозка, вяртаючы буфетчыцы талерку з жаўтлявым рысам пад назвай «плоў». – Ешце яго самі!

– Нагі маёй тут не будзе! – казаў Бярозка праз некаторы час у пральні, забіраючы пакамечаную кашулю з плямамі, як на геаграфічнай карце.

– Усё, хлопцы, па піва я ўжо бегаць не буду! – сказаў неўзабаве Бярозка аднакашнікам у інтэрнаце.

– Ну, даеш?! – не паверылі тыя.

– Святая праўда! На Каляды жанюся!..

Тонкі разлік

У двары стаяла старая альтанка, якую трэба было тэрмінова знесці. Старшыня жыллёвага кааператыву некалькі разоў прасіў жыльцоў разабраць яе, але ніхто не хацеў і пальцам паварушыць. Тады старшыня павесіў на альтанцы запіску: «Ахоўваецца дзяржавай!»

За адну ноч альтанка была разабрана.

Будзе ведаць

Не кожны нават і ва ўмовах публічнасці адважыцца на свайго начальніка бочку каціць, крытыкаваць, значыцца. Асабліва на такога, як наш. Іван Калістратавіч злы, як чорт. Яго і падначаленыя баяцца, і жонка дома па адной масніцы ходзіць.

Адзін толькі я рэжу яму праўду-матку прама ў вочы. Пра тое, што падначаленым сваім за дысцыпліну ледзь карак не праеў, а сам ранкам прыходзіць, калі ўсе ўжо на працы. Што падхалімаў вакол сябе напладзіў. Што пах ад яго ў рабочы час, як ад бочкі з півам.

Словам, ні аб адным ягоным недахопе не прамаўчу. Зарок сабе такі даў. Няхай ведае, што… аб ім гавораць у нашым калектыве.

На прыёме да ўрача

– Парфен Ягоравіч! – увайшла ў кабінет медсястра. – Там да вас просіцца на прыём начальнік Глаўка…

– Вось бюракраты, дык бюракраты! Чаму б не пастаяць, як людзі, у чарзе, не ўзяць талончык да ўрача? Дык не ж, абавязкова яму трэба без чаргі! Хопіць! Больш нікому ніякага патурання! Не прыму! Тым больш, што мой працоўны час даўно скончыўся і трэба бегчы на нараду да галоўнага ўрача.

– Прабачце, Парфен Ягоравіч, – заявіла медсястра, – але там яшчэ рубшчык мяса з нашага гастранома чакае!

– Вось як?! Чаму ж вы раней не сказалі? Запрасіце, калі ласка, у мяне яшчэ паўгадзіны знойдзецца…

Знайшоў выйсце

Што ні кажыце, а ёсць яшчэ ў нас бюракраты, грубіяны. Мяне ж у гэтым ніхто не папракне. Хоць кірую такой установай, што іншы даўно б з глузду з’ехаў.

Мяркуйце самі: аднаму тэлефон патрэбен без чаргі, хоць і нумароў свабодных няма, другі скардзіцца на дрэнную дастаўку карэспандэнцыі, у трэцяга радыё маўчыць. Карацей кажучы, працую начальнікам вузла сувязі.

Працу сваю я арганізаваў па-новаму, ніводнай скаргі не чую. Толькі зазвоніць тэлефон, як мая сакратарка Нэлачка падхоплівае трубку:

– Сідар Сідаравіч яшчэ не прыйшоў…

Праз некаторы час новы званок. Сакратарка ласкавым голасам у адказ:

– Сідара Сідаравіча пакуль што няма…

Зноў звоняць, зноў гучыць пяшчотны голас:

– Прабачце, калі ласка, але Сідар Сідаравіч выйшаў…

У тым, што менавіта так адказвае мая сакратарка, можаце не сумнявацца, бо я заўсёды пры гэтым прысутнічаю.

Дамафон – штука патрэбная

У нас на працы зайшла нядаўна размова, ці варта ўстанаўліваць у пад’ездах дамоў дзверы з кодавымі замкамі, а ў кватэрах – дамафоны. Меркаванні былі розныя, але ўсіх пераканаў малады электрык, адзіны халасцяк у нашай брыгадзе, Слава Падбярэжскі.

– Нават не сумнявайцеся! – горача даводзіў ён. – Калі б не гэтыя самыя дзверы і дамафон, то не ведаю, што было б са мною. Вось толькі паслухайце.

Пазнаёміўся гэта я з маладой і прыгожай кабетай, Аксанай. Муж яе – нейкі таленавіты інжынер, з камандзіровак не вылазіць. Ну, а я, зразумела, – ад Аксаны. І вось аднойчы толькі мы расслабіліся, чую званок у дзверы. А справа адбывалася на сёмым паверсе. Сунуў я свае трусы ды шкарпэткі ў кішэні, кулем вылецеў з кватэры і джыгануў на восьмы паверх. Ледзьве паспеў, бо ліфт ужо спыніўся на сёмым паверсе, дзверы расчыніліся, і выйшаў Аксанін муж. А калі б не было такіх дзвярэй і ён адразу дадому з’явіўся? Страшна ўявіць, што было б!..

Сапраўды, дамафон – штука карысная.

Свае стэрэатыпы

У краме жанчына ветліва гаворыць касіру:

– Прабачце, але вы няправільна далі мне здачы…

– Яшчэ чаго! – абурылася касірка. – Вечна вы, пакупнікі, што-небудзь прыдумаеце! У іншага дома непарадкі, тады тут пачынае прыдзірацца! Што, я не ведаю сябе? Як я магла памыліцца, калі машына лічыць!

– Справа ў тым, што…

– Гэта вы ўсё выдумляеце!

– Паслухайце…

– І слухаць нічога не хачу!

– Гэта ж вы далі мне на здачу лішнія грошы!

Ці многа трэба для шчасця?

Тамара радасна расказвае сяброўцы:

– Каб ты ведала, які цудоўны мужчына на мяне клюнуў! Сіла! Страсць! Сапраўдны джэнтльмен! Прыязжаў з іншага горада ў нашу кантору па справах сваёй фірмы. Пакуль я афармляла яму паперы, дык ён нагаварыў мне кучу кампліментаў. Маўляў, я – незвычайная дзяўчына, пра якую можна толькі марыць, а ён, калі быў бы свабодны, не раздумваючы ажаніўся б на мне… Толькі ў мяне такія незвычайныя валасы і грудзі, толькі ў мяне такі прывабны пагляд і ласкавы голас…

Слухаючы яго, я ледзь здолела правільна аформіць патрэбныя дакументы, бо ад шчасця ў мяне ажно закружылася галава. Ух, вось гэта мужчына!

– Тамара, а які ён з выгляду? – зацікавілася сяброўка.

– А ведаеш, я нават і не прыкмеціла…

Людзі-суседзі

Што нi кажыце, а добрыя суседзі – вялікае шчасце. Мне ў гэтым сэнсе надта пашанцавала.

На адной пляцоўцы са мной жыве Антось Гаўрылавіч – добры, сціплы чалавек. Працуе недзе на заводзе. Сям’я вялікая, дружная. У ix кватэры ёсць тэлефон. Таму мы часта там бываем. Асабліва мая цешча. Яе старая сяброўка атрымала кватэру на другім канцы горада, i асноўны сродак зносін паміж iмi – тэлефон. Па паўтары гадзіны праседжвае цешча з трубкай у руках. I нічога, Антось Гаўрылавіч i яго сям’я церпяць, нават i выгляду не падаюць, што мы ix турбуем.

Другі сусед – Сямён Данілавіч. Энергічны, дзелавы, любіць тэхнікy, а дакладней – уласныя «Жыгулі». Ну i мы, зразумела, не абыходзім яго бокам. То на базар цешча з’ездзіць з суседам, то жонка мая на працу пад’едзе, то мне з iм па дарозе…

Трэці сусед наогул золата. Максім Іванавіч выдатны рыбак, грыбнік, ягаднік. Haловіць рыбы – я ўжо тут як тут. I юшкі адведаю, і да юшкі нешта перападзе. Ну, а калі грыбоў ці ягад набярэ, то разам са мною ў Maксімa Іванавіча сядзяць i цешча, i жонка, i абедзве мае дачкі. Наядзімся i да дому яшчэ прынясем. Так што, можна сказаць, дарогу ў лес не ведаючы, мы дароў прыроды на зімy назапашваем нават больш, чым тыя, хто з лесу не вылазіць.

Вось толькі нядаўна пасяліўся ў нашым пад’ездзе Альберт Круцёлкін. Ну i тып, я вам скажу. Такі ўжо нахабны, што далей няма куды. То грошай прыйдзе пазычыць, то спытае колькі часу, бо ў яго, бачыце, гадзіннік сапсаваўся. Відаць, давядзецца мне кватэру мяняць.

Усмешка джаконды

Я сустракаўся з ёю амаль штодня. Ідучы ў гастраном па пакупкі, вяртаючыся дадому, заўсёды заглядваўся на яе. Прыгожы твар, прывабная, загадкавая, нават таямнічая, як у Джаконды, усмешка. Надзвычай зграбная постаць.

Я так прывык да яе, што пры кожным зручным вьпадку стараўся пайсці лішні раз у магазін, каб толькі ўбачыць знаёмае аблічча. Стаяў звычайна падоўгу, любаваўся. Настрой падымаўся, у грудзях як бы нешта пераварочвалася.

Так прайшло некалькі тыдняў. Нават на працы я стаў думаць толькі пра яе, з нецярплівасцю чакаў канца змены, каб хутчэй бегчы дадому, а потым – у магазін.

Сёння на сэрцы горка i цяжка… Чacoпic, на вокладцы якога быў змешчаны фотаздымак прыгожай артысткі кіно, у кіёску нехта купіў.

Камерцыя

– Скачы! – яшчэ з парога крыкнула жонка. – Мне далі турысцкую пуцёўку ў Румынію! На дваіх. Хоць ты i не заслугоўваеш, але так i быць, вазьму… Паедзем на чатырнаццаць дзён. А то Соня Андрэйчыкава надта выхвалялася, што ездзіла са cваім, дык добра пагандлявалi.

Пакуль я афармляў дакументы, жонка лётала па крамах, выбірала тавар, які можна прадаць за мяжой, а на выручаныя грошы купіць такое, каб i самім фарсіць, i капейчыну якую агораць.

I вось, нарэшце, мы ў Румыніі!

Я заікнуўся быў наконт таго, каб наведаць музей, дык жонка такога ляманту нарабіла, што мясцовыя ахоўнікі парадку нават устрывожыліся. Давялося ўслед за жонкай цягнуцца на базар. А там тавараў – свет не бачыў! А людзей – яшчэ больш. Ну, не раўнуючы, як у тым Бабруйску! Жонка адразу ж схапіла ў нейкай маладзіцы джынсы. Для мяне.

– Пачакай, – запярэчыў я. – Яны ж надта пацёртыя…

– Нічога ты не разумееш! Кладзі ўсё ў мех – дома разгледзім!

Адным словам, два тыдні правялі мы на базары. Награблі столькі розных трантаў, што на тры добрыя сям’і хапіла б.

– Навошта нам столькі, ды яшчэ паношанае?! – не сцярпеў я, ледзь цягнучы cyмкi да цягніка.

– Купілі – не згубілі! – павучальна сказала жонка.

…Праз некалькі дзён я выйшаў на працу ў джынсах i кашулі, якія купіў у Румыніі. У канцы дня, загадкава ўсміхаючыся, да мяне падышоў наш вадзіцель Васіль Андрэйчыкаў:

1
...