Читать книгу «На дняпроўскім лузе» онлайн полностью📖 — Міхась Сліва — MyBook.
image

Бумеранг

Пераехаўшы жыць у іншы раён горада, Віктар стаў часта сустракаць там гэтага мужчыну. Той прыцягваў увагу сваёй знешнасцю: на лбе быў вялікі шрам, заўсёды падрапаны твар, а пад вачамі і на руках часта былі сінякі і раны. Увогуле выгляд быў замучанага чалавека, які ніколі не глядзеў сустрэчнаму ў вочы. І амаль заўсёды ён быў нецвярозы, у зашмальцаванай вопратцы, на якой не хапала гузікаў.

Віктар доўга прыглядаўся да мужчыны і ніяк не мог зразумець, адкуль ён яго ведае. Ён быў такім знаёмым – і не пазнавальным! Аднойчы Віктар не вытрымаў і, сустрэўшы на пустыннай вуліцы, спыніў мужчыну:

– Прабачце, калі ласка, вы не вучыліся ў Белабярэжскай школе?

– Вучыўся, – ахвотна адказаў мужчына. – І вас памятаю, – заблішчалі ў яго вочы. – Вы ж таксама там вучыліся…

– Вы мяне ведаеце? – здзівіўся Віктар.

– Так, я на тры класы ішоў пазней вас. Памятаю, як вы паказвалі рэкорды ў лёгкай атлетыцы, мы тады ўсе бралі з вас прыклад.

– Дык гэта ж прайшло амаль трыццаць гадоў!..

– Вас завуць Віктар Кандраценя.

– Так. А вас?

– А я Аркадзь, сын дырэктара школы Пятра Тарасавіча.

Віктар шырока раскрыў вочы ад здзіўлення. «Божа мой, няўжо гэта той сімпатычны хлапчук, які добра вучыўся і падабаўся настаўнікам і вучням?..»

– І чым ты зараз займаешся? – перайшоў на «ты» Віктар.

– Пасля заканчэння політэхнічнага працаваў на аўтазаводзе, а зараз пакуль што не працую, – Аркадзь крыху зніякавеў і стаў развітвацца.

– А жанаты на Веры? – не ўтрымаўся Віктар. Вера была дачкой завуча школы, да яе заляцаліся многія мясцовыя хлопцы, але яна аддавала перавагу сыну дырэктара. Аб гэтым Віктар даведаўся ад сваіх бацькоў, калі ў час вучобы ў сельскагаспадарчай акадэміі прыязджаў дадому на канікулы. Жыў ён у аддаленай вёсцы, таму з дырэктаравым сынам сустракацца не даводзілася.

– На Веры, – чамусьці ўсміхнуўся Аркадзь і пайшоў сваёй дарогай.

Віктара яшчэ больш заінтрыгавала тое, што сын дырэктара школы, па спецыяльнасці інжынер, мае такое аблічча. Але ж не будзеш лезці ў душу чалавека, дапытвацца, як жыве, чаму дакаціўся да такога стану…

І вось аднойчы Віктару пашанцавала – у магазіне нечакана ўбачыў Веру. Пазнаў яе адразу, бо і яму падабалася яна ў школьныя гады. Была яна па-ранейшаму прывабнай на выгляд, усё такімі ж былі прыгожыя ад прыроды рысы твару, невысокая зграбная постаць. А вось у вачах быў бязмежны сум.

– Віктар?!. – радасна ўсклікнула яна. – Цэлую вечнасць не бачыліся! Як ты жывеш?

– Нармальна. Вось памяняў кватэру, з большай на меншую, атрымаў даплату ды дапамог сыну кватэру пабудаваць. Я раней жыў у Чыжоўцы, а зараз вось у вашым мікрараёне…

– А-а-а… А я думаю, за столькі гадоў ні разу не сустрэліся…

– Раскажы пра сябе! – Віктар уважліва глядзеў у Верыны вочы, поўныя смутку. – Я сустрэў з месяц таму твайго мужа…

– Аркадзя? – неяк загадкава ўсміхнулася Вера. – Даўно ўжо ён мне не муж, хоць і жывём у адной кватэры. Прыватызавалі калісьці, а зараз вось пакутуем. Развяліся, а кватэру – двухпакаёвую «хрушчоўку» размяняць ніяк не можам.

Вера памаўчала. Відаць было, што сямейнае жыццё яе не песціла, хваліцца няма чым.

– А пачалося ўсё з-за дробязі, – працягвала Вера, цярэбячы гузікі на сваім старым паліто. – Стаў Аркадзь прыходзіць з працы крыху выпіўшым. Калі я ўшчувала яго, маўляў, лепш бы дзецям цукерак купіў, Аркадзь тлумачыў, што нельга было адмовіцца, дый наогул, што тут такога, зняў стрэс пасля работы… І вось такое зняцце стрэсаў працягвалася год, другі, трэці… А потым пачалася наогул катарга. З работы турнулі, а быў жа інжынерам! Стаў простым рабочым, а затым перабіваўся выпадковымі заробкамі. А дзеці – сын і дачка – падрасталі, трэба ж было карміць, апранаць, потым сын у тэхнікум паступіў, а дачка – у медвучылішча. А што я зраблю з адной сваёй зарплаты?

Аркадзь жа, замест таго, каб дамоў прыносіць грошы, стаў выносіць з дому, прычым не толькі грошы, але і рэчы. Ён і не заўважыў, як захварэў на алкагалізм. А потым спахапіўся, але было ўжо позна. Ён разумеў, што робіць няправільна, дрэнна, што ап’яненне – гэта добраахвотнае вар’яцтва чалавека. Аднойчы ў час прасвятлення ў яго нават верш нарадзіўся:

 
Начинается снова запой,
Начинаются снова страдания
Для меня и моей дорогой,
Что грозилась сказать «До свиданья…»
 

А як ён пакутваў! Спачатку тыдзень-два беспрабудна п’е, а потым – хварэе. Віно яму помсціла. Я настаяла, каб закадзіраваўся. Сябры дапамаглі, завялі да ўрача. Амаль год гэта быў зусім іншы чалавек: і з дзецьмі стаў займацца, і па гаспадарцы дапамагаць. Але аднойчы выпіў піва. Потым уцягнуўся – пойдзе ў летні павільён, надзене акуляры ад сонца і сядзіць з півам цэлы дзень. Калі станеш сарамаціць, ён пачынае лаяцца, кідацца з кулакамі да мяне і дзяцей. Як усё роўна падмянілі чалавека! Зрабіўся нейкім ненармальным. А потым звязаўся з такімі ж п’янтосамі з нашага двара і дапіўся да таго, што стаў начаваць пад плотам, галаву хтосьці разбіў яму… Неўзабаве ўчастковы інспектар аформіў дакументы – і загрымеў мой Аркадзь у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Мы ўжо к гэтаму часу былі разведзеныя. Мне сорамна было нават прызнацца, што гэта быў мой муж…

На вачах у Веры з’явіліся слёзы. Віктар бачыў, што ёй цяжка было гаварыць. Ён узяў яе за рукі, паціснуў іх і прамовіў:

– Не хвалюйся, Вера, у цябе ж цудоўныя дзеці, усё будзе добра.

Жанчына слаба ўсміхнулася, удзячнасцю засвяціліся яе прыгожыя вочы…

Віктар развітаўся і шпарка пакрочыў па вуліцы ў супрацьлеглы бок. Нечакана з’явілася нейкая думка – згадка пра школьныя гады. І раптам – як азарэнне: «Дык вось яно што! Хто б мог падумаць! Як кажуць: не судзіце іншага».

Віктар успомніў Аркадзевага бацьку, дырэктара школы Пятра Тарасавіча. Ён выкладаў гісторыю. Але ўрокі яго праходзілі незвычайна: адразу задаваў дамашняе заданне, маўляў, падрыхтуйцеся самастойна, а большую частку адведзенага часу прысвячаў… «натацыям» дзецям, чые бацькі вялі сябе недастаткова прыстойна. Асабліва даставалася тым вучням, бацькі якіх часта выпівалі, дрэнна паводзілі сябе ў людзях і дома. Віктар і яго аднакласнікі не ведалі і не маглі тады адказаць Пятру Тарасавічу знакамітымі словамі: «Дзеці за бацькоў не адказваюць».

Пятро Тарасавіч быў сакратаром мясцовай партячэйкі, народным дружыннікам, дэпутатам сельскага Савета і яшчэ немаведама кім. Адным словам, актывіст на ўсе сто. «Да ўсіх бочак шпунт», – казалі пра яго аднавяскоўцы. Але нічога не зробіш – дырэктар школы, настаўнік. Вучні, хоць у іх і сэрцы сціскаліся, а ў некаторых нават слёзы на вачах з’яўляліся, цярпліва слухалі яго «лекцыі» пра сваіх няўдалых бацькоў і ў нейкай меры зайздросцілі Аркадзю, сыну Пятра Тарасавіча. Бо Аркадзеў бацька выстаўляў сябе ўзорам для ўсіх вясковых мужчын. І сыну, як кажуць, было з каго прыклад браць…

Пятра Тарасавіча даўно ўжо няма на свеце. Застаўся адзіны яго сын, Аркадзь, які пераўзышоў самых няўдалых вясковых мужчын.

«Цікава, што зараз сказаў бы сваім вучням Пятро Тарасавіч?» – з горыччу падумаў Віктар.

Двое ў дарозе

Васіль любіць гэтую дарогу. Паабапал шляху стаіць густы задуменны, крыху нават таямнічы лес. Зіхацяць-пераліваюцца промні сонца ў вершалінах магутных соснаў. Як дзяўчынкі ў карункавых сукенках, расселіся маладыя елачкі.

Па гэтай дарозе Васіль ездзіць ужо больш як год. Дастаўляе малако з калгаса на маслазавод. Машына яму дасталася ад старога вопытнага шафёра Макаравіча. Той гадоў дваццаць працаваў на ёй, шанаваў надзвычай. Ідучы на пенсію, даверыў яе Васілю. Бачыў, што хлопец любіць тэхніку, і ў яго руках гэтая, як жартавалі таварышы, «старая калымага» яшчэ паслужыць.

Вось і знаёмы паварот з галоўнай магістралі на дарогу ў райцэнтр. Тут часта галасуюць пасажыры, якія прыходзяць сюды з лясной вёсачкі. Васіль заўсёды падвозіць. Асабліва цікава ехаць, калі цётка ці дзядзька трапяцца гаваркія. Якіх толькі гісторый не наслухаешся! Адно матай на вус.

На мінулым тыдні яго спыніла тут жанчына. Напрамілы Бог прасіла заехаць у вёску, забраць яе малога ў бальніцу.

Васіль на момант задумаўся: часу затраціць шмат, а сонца пячэ – малако можа сагрэцца. Але жанчына ледзь не плакала. І Васіль згадзіўся.

Як на бяду, на вузкай лясной дарозе машына загрузла ў вялізнай лужыне. Добра-такі павазіўся Васіль, пакуль выбраўся. Хворае дзіця ён завёз у бальніцу, і жанчына адразу кінулася шукаць урача.

Калі Васіль прыехаў на завод, малако сапраўды сагрэлася. І вось учора на агульным заводскім прафсаюзным сходзе пасля вырашэння розных пытанняў зачапілі і яго, Васіля. Асабліва гарачыўся шафёр Аўраменка Пятро.

– Едзе іншы, варон ловіць, а нам гэта бокам вылазіць! З-за розных недацёп квартальная прэмія накрыецца! – чым больш гаварыў Пятро, тым больш гнеўным рабіўся яго голас. Пятра не перабівалі, многія згодна ківалі галовамі.

Яго падтрымаў галоўны інжынер:

– Можа, яшчэ да дзяўчат куды заехаў! Бяры прыклад з Аўраменкі: ні разу за пяць гадоў не спазніўся.

Ад крыўды ў Васіля да горла падкаціў камяк. Памкнуўся ўстаць, расказаць усё, але не паспеў: паклікалі да тэлефона. Званіў брат з суседняга горада, дзяліўся радасцю: нарадзіўся сын. Пасля размовы на сход вяртацца Васіль не захацеў.

…Сёння на павароце пасажыраў не было. Яно і зразумела: самы разгар лета, усе ў полі ды на агародзе, раз’язджаць асабліва няма калі.

Да гарадка заставалася тры кіламетры, калі Васілю не пашанцавала. Заклініла матор. «Вось і зноў будзе Аўраменку нагода палаяць мяне, – у роспачы падумаў Васіль. – Цяпер ужо малако скісне, факт». Толькі падумаў гэтак Васіль, як паказалася машына Пятра Аўраменкі.

Хоць і думаў Васіль пра яго няпрыязна, але ўзрадаваўся. Свой чалавек не пакіне на дарозе, возьме на буксір. З вінаватай усмешкай ён выйшаў з-за паднятага капота насустрач Аўраменку. Той крыху пацішыў ход, памахаў рукой, маўляў, спяшаюся і…паехаў.

– Стой! – закрычаў Васіль. – Пачакай!

Але Аўраменка ўсё больш аддаляўся.

«У такога малако не скісне» – са злосцю падумаў Васіль. На яго шчасце неўзабаве пад’ехаў малады хлопец з аўтабазы, амаль равеснік.

– Не бядуй, браток, – супакоіў ён узрушанага Васіля, – свет не без добрых людзей. Зараз паімчым!

І палез па трос.

Некалі

Максім вяртаўся з роднай вёскі. Не наведваўся туды больш як пяць гадоў. За гэты час разрасліся прысады, а хаты як быццам сталі меншымі, некаторыя нават і не пазнаць. Ні родных, ні сваякоў у Максіма там ужо няма. Але ёсць выдатныя суседзі, гасцінныя аднавяскоўцы. Хто ні сустракаў на вуліцы, усе настойліва запрашалі да сябе.

Спыніўся Максім у былога суседа, брыгадзіра Данілы Антонавіча. Малады яшчэ мужчына, энергічна і ўдала гаспадарыць у роднай вёсцы Каменка. Ён і яго жонка Ніна, якая працуе ў паляводчай брыгадзе, расказалі госцю ўсе навіны…

Ад хвалявання, уражанняў ад сустрэчы з аднавяскоўцамі ў галаве быў сапраўдны калейдаскоп. І ўвесь час не давала спакою, свідравала адна думка: нешта забыў, не споўніў, не зрабіў…

...
6