У цэнтры горада, сярод разбураных дамоў, стаяў адзіночны, некрануты, двухпавярховы будынак. Дробныя кроплі дажджу працягвалі біць па яго чырвонаму даху. Вецер злёгку заганяў дождж у незашклёныя вокны пабудовы. А малюсенькія пырскі мачылі апошнія каляваконныя пыльныя куткі паверхаў.
Сцены першага паверха цвёрда трымалі на сабе ўвесь будынак, нягледзячы на часткова абсыпаную, расколатую белую тынкоўку. На пыльнай падлозе ляжала мноства разламаных і ацалелых драўляных рам выставачных карцін. Саміх жа палотнаў на першым паверсе відаць не было. Адно металічнае крэсла, перавернутае ножкамі ўверх, тырчала з кучы рознакаляровага смецця. Паўсюль былі раскіданыя гільзы. Некалькі кавалкаў чырвонай цэглы валялася каля сцен. Вельмі шмат дробных аскепкаў ад пабітага шкла і люстэркаў. Жалезабетонная лесвіца, якая злучала два паверхі, знаходзілася ў паўразбураным стане. У ёй не хапала некалькі цэлых прыступак. Уваходных дзвярэй таксама не было і холад вольна гуляў па ўсіх памяшканнях. Каля шырокага дзвярнога праёма ляжала пара мёртвых салдат, іх яшчэ мінулым днём зацягнулі сюды, падчас выбухаў ад бомбаў і мінамётаў. Целы былі накрытыя цёмна-зялёнай тканінай, якая хавала халодныя твары салдат.
Капітан Катляроў, які кіраваў усёй дэсантна-штурмавой групай салдат, набліжаўся да будынка. За яго спінай, услед за ім, ішлі двое салдат. Камандзір быў упэўнены ў тым, што ён першым убяжыць у ацалелы будынак з двума салдатамі. Але тут, у закінутай карціннай галерэі, ужо знаходзіўся радавы Агуркоў. Каравокі, высокі хлопец з выцягнутым тварам, злёгку падрыгваў ад халоднага патоку паветра, што цягнуўся з усіх вокнаў. Салдацік не здымаў з сябе ўжо высахлы чорны плашч з цела, ён ахутаўся ім, спрабаваў, як мага больш, сагрэцца. Сцяўся ў сухім куце, Агуркоў сваімі тонкімі пальцамі піяніста, трымаў перад сабой аўтамат. Пры гэтым напружана ўслухоўваўся ва ўсе навакольныя гукі.
У момант, калі ў будынак увайшоў устрывожаны камандзір з двума салдатамі, юны Іван Агуркоў хутка падняўся з падлогі, выпрастаўся і прыбраў з бледнага твару разгублены выгляд. Плашч раскрыўся і Агуркоў усім сваім целам імгненна адчуў і прыняў увесь холад вясновай раніцы. Ён задрыжаў яшчэ мацней.
Круглатвары Катляроў, ступаючы на дробныя аскепкі шкла, падышоў да Івана.
– Ты тут адзін? – спытаў з сур'ёзным выглядам капітан, апусціўшы шырокія бровы.
– Так! – адказаў Агуркоў, і сціснуў усе свае цягліцы тонкага цела, каб пазбегнуць дрыжыкаў перад капітанам.
Затым, калі Катляроў адышоў, радавы расслабіўся і зноў задрыжаў.
Упэўнены ў сабе камандзір не давяраў Агуркову з-за яго юнага ўзросту, лічыў, што Іван не абыходзіў усе памяшканні, а проста сядзеў тут у чаканні прыходу яго таварышаў па службе. І каб пераканацца ў словах Агуркова, Катляроў моўчкі паказаў рухам рукі і пальцаў радавому Зуйко агледзець памяшканні першага паверха.
У гэты час да Агуркова падышоў саракапяцігадовы салдат Мельнік.
– Не бойся ты, вайна заўтра скончыцца. – аптымістычна вымавіў мужчына.
– Я не баюся. Гэта ўсё ад холаду. Я ж паўднёвец. – скрозь дрыгаценне шырокіх вуснаў адказаў Агуркоў.
Затым камандзір Катляроў звярнуўся да іх дваіх:
– Хопіць балбатаць! За працу. На пазіцыі! – загадаў Катляроў, паказваючы рукамі на пасты радавых.
Будынак, у якім знаходзіліся салдаты, меў асаблівую канструкцыю: франтальная частка была з ваконнымі праёмамі на ўсіх паверхах, бакавыя сцены былі цалкам забудаваны, задняя частка мела вокны толькі на другім паверсе і адны дзверы на першым. Таму тут было зручна хавацца да пачатку ваеннай аперацыі.
Для камандзіра Катлярова сённяшняя раніца была змрочная і сырая, чым мінулая. Шыракаплечы камандзір зняў з сябе чорны плашч і павесіў яго на тоўсты цвік, які тырчыў у сцяне. Кінуў убок каску і надзеў на лысую галаву шэрую, з жоўтымі палосамі, фуражку. Непрыемныя пачуцці кранулі яго душу.
Радавы Зуйко хутка вярнуўся і ўстаў перад ім.
– Капітан? Усё чыста! Запасны выхад завалены, усе памяшканні пустыя і не маюць пагрозы. Чакаю далейшых указанняў.
– Бачыш паўразбітую лесвіцу? Збудуй што-небудзь, выпраў яе і забярыся на другі паверх. Агледзься там, пасля далажы мне. – упэўнена, цвёрдым голасам прамовіў Катляроў.
Светлавалосы, схуднеўшы за апошнія дні вайны, дваццаціпяцігадовы хлопец Зуйко быў сапраўдным салдатам. Яго жоўта-зялёныя вочы на авальным твары не ведалі стомленасці і заўсёды накіравана глядзелі наперад. Невысокага росту хлопец адказна выконваў усе загады камандзіра. Зуйко зняў з галавы капюшон і пару кропель упалі на яго завостраны нос і на ружовыя шчокі, і хутка сцяклі на тонкія, сухія вусны.
– Ёсць, капітан! – глухім голасам адказаў радавы.
Ён ірвануў з месца да паўразбураных шэрых прыступак, што вялі наверх. Салдат горда перасунуў зброю за спіну, схаваў яе пад плашчом і старанна стаў шукаць прыдатны матэрыял.
Катляроў падышоў да цэнтральнага дзвярнога праёма, прыпадняў сырое палатно, паглядзеў на варожыя мёртвыя целы і незадаволена скрывіў свой твар. Выразныя маршчыны акружылі яго халодныя вочы. На падлозе ляжалі два бяззбройных салдата: мужчына і жанчына. Мабыць, пасля іх смерці, хтосьці скраў іх вінтоўкі. Целы былі ў чорна-белай камуфляжнай экіпіроўцы, на грудзях былі зялёныя лічбы. У аднаго з мёртвых людзей галава чамусьці знаходзілася без ахоўнага шлема. На жаночай зялёнай скуры твару былі дробныя раны і застылая цёмна-чырвоная кроў. Яе зялёныя вусны злёгку збялелі, а кароткія, чорныя валасы запэцканыя пылам. Капітан пераканаўся ў тым, што пад плашчом ляжалі салдаты праціўніка. Затым, вярнуўшы палатно, ён адышоў і трывожна падумаў пра сваіх салдат, як жа хутка парадзела яго невялікая і не гэтак навучаная група, што двое салдат, да світання, па-ранейшаму не дабраліся ў гэта месца. Магчыма, іх мёртвыя целы ўжо ляжаць дзесьці ў гразі, забітыя зялёнымі людзьмі. Камандзір адпусціў цяжкія думкі, адкінуў балючы погляд і паспяшыў разабрацца з варожымі, мёртвымі, целамі.
– Агуркоў, Мельнік, да мяне! – ціхім голасам заклікаў камандзір.
Радавыя знаходзіліся непадалёк ад яго, дзяжурылі каля вокнаў. Па іх чорных плашчах сцякалі празрыстыя кроплі вады. Рукі злёгку прамерзлі ад халоднай непагадзі, прасілі цяплыні. Салдаты хутка кінулі погляд на камандзіра і разам паспяшаліся да яго. Знялі капюшоны, пад якімі хаваліся шэрыя каскі.
– Трэба прыбраць забітых з прахода. Адцягнуць іх у той бок. – паказаў Катляроў на вузкую сцяну, у цэнтры якой праглядалася чырвоная цэгла ад абваленай тынкоўкі.
Сам жа Катляроў заняў пазіцыю Мельніка, прадоўжыў сачыць за гарадскім разбураным наваколлем.
Худы, як трасцінка, Іван Агуркоў палахліва глядзеў на мёртвых салдат і неахвотна выконваў загад камандзіра. Ён усё часцей папраўляў каску, якая павольна спаўзала яму на вочы. Агуркоў меў нястрыманае жаданне пакінуць службу, але не меў уяўленне, куды дзявацца пасля. Хлопец і паўгода не праслужыў у войску, як яго кінулі на вайну. Яму было цяжка ўспрымаць ваенны час: глядзець на загінуўшых, чуць выбухі і стрэлы.
Кінуўшы апошняе цела да сырой сцяны, з вусн Агуркова пачуліся ўздыхі, а затым словы.
– Я ж магу гэтак жа ляжаць, мёртвым… – прашаптаў юнак, ды так, што яго пачуў Мельнік.
– Трэба думаць аб іншым, што мы вернемся дадому да сваіх блізкіх. Што чакаюць нас… Хутка скончыцца вайна… Вось завершым заданне і перамога наша. Так што, збярыся, хлопец, і давай закрыем гэтую змрочную тэму. – упэўнена сказаў Мельнік, папраўляючы сваю шэрую ўніформу.
Яшчэ за тыдзень перад адпраўкай на гэтае заданне моцны духам мужчына Леанід Мельнік не раз чуў ад Агуркова падобныя словы на трэніроўках і пасля іх. У тыя дні Мельніку не было да канца вядома, што ж на самай справе адчуваў хлопец. Ён толькі прадбачыў і падтрымліваў радавога ў цяжкія ваенныя хвіліны. Мужчына глядзеў на хлапчука Івана, як на сына. Перажываў за яго. Думаў аб тым, што ж будзе з ім, там, на лініі фронту? Як павядзе сябе гэты хлопчык у сапраўдным баі?
У адрозненне ад юнага Івана, Леанід у свае маладыя гады праслужыў два гады ў разведцы, а пасля, вярнуўся дадому, завёў сям'ю. Мірна жыў да прыходу вайны. А калі пачуліся першыя выбухі бомбаў, яго двое сыноў першымі сышлі на фронт, а праз тыдзень, следам, быў прызваны сам ён. Да сустрэчы з Агурковым, мужчына ўжо прайшоў некалькі ваенных заданняў, яму не раз даводзілася змагацца за сваё жыццё. Нямала ён пабачыў смерцяў у апошні ваенны час. І за гэты перыяд бітваў Леанід не пераставаў думаць пра дзяцей, аб каханай жонцы Наталлі, што засталася чакаць сваіх мужчын у маленькай вёсачцы.
Агуркоў ужо перастаў дрыжаць, але цяжкія думкі не давалі яму спакою. Імі ён працягваў палохаць сябе, не адводзячы вачэй ад мёртвых цел.
Мельнік, бачачы насупраць страшны погляд салдата, хутка закрыў трупы палатном. Затым павярнуў юнака да сябе, маючы намер яго адцягнуць. Але не паспеў сказаць ні слова, бо яго апярэдзіў сам Агуркоў.
– Чаму ты ўпэўнены, што мы паспяхова завершым ваенную аперацыю? Ёсць жа варыянт, што хтосьці памрэ з нас! – песімістычна сказаў Іван і моцна сціснуў сківіцы.
– Хопіць, Іван! Перастань так думаць. Хіба ў цябе няма чалавека, для якога трэба жыць? – раздражнёна спытаў Мельнік.
– Ёсць такі… Але я не хачу ваяваць. Я не хачу забіваць. Я хачу дадому!.. Добра, я паспрабую знайсці ў сабе сілы, буду думаць пра маму. – хлапчук працягнуў халодную руку Леаніду для поціску, імкнучыся адкінуць дрэнныя думкі.
– Ты справішся. – адказаў мужчына і, па звычцы, моцна сціснуў руку калегу. – Усё будзе добра. Ты, галоўнае, трымайся за мяне. Зразумеў? – погляд у Мельніка быў незалежны і дужы.
– Так. – не разважаючы, адказаў Іван, пляскаючы чорнымі вейкамі.
Размова хутка сціхла, трэба было вяртацца да вокнаў. Радавы Мельнік паспяшаўся змяніць камандзіра, які ўжо стаяў каля ўваходу і пільна сачыў за сітуацыяй па-за будынкам.
Пасля, капітан Катляроў паправіў чорныя пальчаткі і адышоў ад салдат, шырокімі крокамі падышоў да свайго пакінутага плашчу, страсянуў з яго апошнія кроплі. Затым сваімі буйнымі пальцамі ён выцягнуў з кішэні шэрай уніформы рацыю. Уключыў яе. Акрамя шуму перашкод і перыядычнай цішыні, рацыя нічога не перадавала. З вялікім засмучэннем, ён кінуў бескарысную сувязь і злосна прагаварыў пра сябе некалькі лаянкавых слоў. Паглядзеў на радавых салдат, засмучаючы сябе няпоўным атрадам замацаваных да яго байцоў.
Аб радавым Зуйко быццам бы зусім забыліся. А ён ужо збудаваў паміж прыступкамі, над абрывам, масток з драўляных рэштак і правадоў, і падняўся на другі паверх. Салдат узяў пісталет у рукі і павольна ішоў па калідоры другога паверха, ступаючы на захламлёную падлогу. Пад падэшвамі, нібы дробкі, хрусцелі трэскі ад разарваных дзвярэй. Калідор, дзе злева толькі ваконныя праёмы, а справа кабінеты, быў жудасным. Чорныя плямы ад выбухаў і рэдкія сляды ад куль маляваліся на сценах. Зуйко непахісна выконваў задачу: пільна ішоў наперад, з асцярожнасцю, па чарзе зазіраў у кожнае памяшканне, размахваў зброяй. Лётала мёртвая цішыня. Ляжала мноства забітых цел у цывільным, як кучамі, так і паасобку, як раскіданыя лялькі. Невялікія вочы маладога салдата не палохаліся мерцвякоў, Зуйко быў толькі здзіўлены жудаснай крывавай расправай над невінаватымі людзьмі.
На першым паверсе ўсе насцярожыліся, калі праз нейкі час з другога паверха пачуўся грукат, быццам нешта ўпала, разбілася на кавалкі. Гэта была адзіная ваза, якая цудам змагла ацалець у бітвах і пасля бамбаванняў. Але, радавы Зуйко, які спешна вяртаўся назад да камандзіра, зачапіў яе сваім цяжкім чорным абуткам. Ён хутка перабіраў ногі, спускаўся па лесвіцы.
– Камандзір! – адчуваючы холад, сказаў ён. – Чалавек…там…чалавек! – крыху заікаючыся, таропка паведаміў малады салдат.
Агуркоў і Мельнік адразу павярнуліся на голас, адкінуўшы загад сачыць за сумным архітэктурным краявідам. Тады камандзір рэзка павярнуў галаву і зірнуў сярдзітымі вачамі ў іх бок, прымусіў салдат вярнуцца да сваіх абавязкаў. Затым павярнуў галаву на занепакоенага Зуйко.
– Вораг? – падхапіўшы аўтамат і звесіўшы бровы, спытаў Катляроў.
– Цывільны.
Камандзір здзівіўся, затым зноў адвёў свой погляд ад схуднелага твару радавога Зуйко і аслабла звярнуўся да астатніх:
– Вы, двое, заставайцеся тут. Глядзіце ўважліва.
А пасля, не губляючы часу, хутка пакрочыў да лесвіцы.
– Зуйко?! За мной! – злосна, быццам адчуваючы нейкую здраду, сказаў Катляроў.
Яны разам акуратна падняліся па паўразбуранай лесвіцы на другі паверх. Пакінуўшы Агуркова і Мельніка на першым.
Тым часам, за сценамі карціннай галерэі, сціхла змрочнае надвор'е. Ужо не было відаць халодных кропель дажджу. Стаяла цішыня і выразна праглядалася разбітая архітэктура горада. Іван Агуркоў, крыху схаваўшыся, стаяў каля ўвахода. Ён адчуваў усю тую ж лянівасць і трапятанне, не жадаючы звязвацца з праціўнікам. Яго хударлявае цела не дрыжала ад страха і холада, расслаблена абапіралася а сцяну. Цяпер Іван млява глядзеў на шэрыя разваліны і думаў пра дом. Свежае ранішняе паветра, якім дыхаў Іван, нагадвала пра свабоду.
А ціхі і спакойны чалавек Мельнік, усё гэтак жа маячыў каля ваконных праёмаў. Ён добра аглядаў усе падыходы да будынка, сачыў, ці няма побач варожых салдат. У той момант мужчына ўяўляў сабе, як паспяхова завершыць гэтае апошняе ваеннае заданне, якое пакончыць з вайной, і ён вернецца дадому. Вернуцца жывымі яго сыны і ўся сям'я збярэцца за адным сталом. Леаніду вельмі хацелася дачакацца міру. І цяпер, гледзячы на ўсе наступствы вайны з-за сцен, яму хацелася ўзяць цыгарэту і нетаропка выпусціць дым.
З другога паверха ні гуку…
Гэтай светлай раніцай па шырокай дарозе да будынка з вялікай асцярогай ішлі два салдаты. Яны, то хаваліся за руінамі, то спрытна рухаліся па мокрым асфальце, то цяжка ішлі па гразі. Першым іх заўважыў Агуркоў.
– Нашы! – закрычаў ён.
У гэты час Мельнік знаходзіўся на дыстанцыі ад юнага салдата і ад нечаканага крыку на секунду спыніў дыханне, затым падбег да Агуркова.
– Цішэй ты. Ціха… – шэптам грозна вымавіў Леанід і адвёў свой сталёвы погляд у бок руін. – Ага, бачу.
Там, удалечыні, па шэраму пейзажу маячылі чорныя плашчы. Салдаты ў будынку сачылі за тым, як пара невядомых набліжалася да іх, перабягала з адной тоўшчы куч бетонных агародж да іншай. Менавіта з-за чорных плашчоў Агуркоў адразу выказаў здагадку, што да яго беглі не ворагі. Бо такую цёмную расфарбоўку плашчоў меў і ён сам.
Маўчыць Мельнік, маўчыць Агуркоў. Ціха назіраюць за таямнічымі людзьмі. А калі тыя падышлі бліжэй, Мельнік ціха звярнуўся да Івана.
– Моўчкі, схіліўшы галаву, жвава бяжы да таго акна. Як мыш. А я застануся тут, сустрэну "нашых"… – сказаў ён.
– Добра. – глуха, ахвотна пагадзіўся Агуркоў.
О проекте
О подписке
Другие проекты