Читать книгу «Жанаты халасцяк» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.

Зінаіда Дудзюк
Жанаты халасцяк
гумар і сатыра


Серыя «Несур’ёзна пра сур’ёзнае» заснавана ў 2014 годзе


Рэдакцыйны савет:

А. М. Зэкаў, К. В. Камейша, Л. Ф. Анцух, В. А. Губараў


© Дудзюк З. І., 2025

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2025

* * *

Здаровы дух пералiваецца ў душу
Пародыі

На лецiшчы

Колькі росных букетаў ламаў,

перш чым выпрашу спелае лета.

Генадзь Пашкоў

 
Нямала дроў я наламаў,
На ўсю зіму, напэўна, хопіць,
Хоць і замучыўся дарма,
Набыў затое добры вопыт.
Сабакам сена накасіў,
Пакуль агораў скрозь газоны,
Зусім застаўся я без сіл,
Але ж надыхаўся азонам.
Гадую новую траву
І сад, паверце, маю добры.
Цяпер ламаю галаву,
Якую б мне прынадзіць кобру,
Каб цеплакроўная была
Ды грэла мне душу і цела,
Усё, што трэба, каб магла,
Чаго не трэба – не хацела б.
 

Наталенне

Замясіўшы крута змрок

з ліўнем і азонам,

спеліць лета кіслы сок…

Генадзь Пашкоў

 
Лета – дзіўная пара,
запасешся сокам,
часам мала і вядра,
поўнага, як вока.
Што да восені,
яна – дбайная кабета,
выпівае ўсё да дна,
што нацэдзіш летам.
Як заявіцца зіма
ды з марозам звонкім,
выйсця ўжо тады няма —
варым самагонку.
Да вясны так-сяк дажыць,
А ўжо там раздолле:
І дажджы, і капяжы —
Наталяйся ўволю!
 

Абяцанне

Мая мілая берасцейка,

Крыху ўвагі!

З Мінска накіроўваецца

Цыклон кахання.

І цягнуцца ён будзе

Дзень цэлы —

Усе дваццаць чатыры гадзіны.

Алесь Дубоўскі

 
Цыклонам да цябе прыйду,
Каб даказаць сваё каханне.
Лепш не чакай, бо, на бяду,
Яшчэ забуду пра спатканне.
Твой Брэст нікуды не ўцячэ,
А ў Мінску ёсць дзе разгуляцца.
Сумую без тваіх вачэй,
Таму не думаю спяшацца.
Праверыць прагну зноў і зноў
Маё вялікае каханне,
З’яўлюсь мо праз пяць гадоў,
Аднойчы позна на змярканні.
Такую радасць прынясу,
Якой ты век яшчэ не знала,
Каб ухваліць тваю красу
Званком з трывожнага вакзала.
І міма горада прайду —
Адпрэчу новую сустрэчу.
А думкі здрадліва вядуць
У Брэст мяне так недарэчна.
 

Госцi

А хто за клямку зноў бярэцца?

Даволі смутку, гаспадар!..

Казімір Камейша

 
Такая выпала прыгода,
Што госці безупынна ходзяць.
Заявіцца знячэўку лета
І просіць: «Пачастуй!» – пры гэтым.
Вясна галодная прыпрэцца,
І скажа: «Дай хоць чым сагрэцца!»
Прыкоціць восень, як гарбуз,
І прывядзе дзясятак муз.
Такіх не ўпоіш і не ўкорміш,
Хоць лезь ад іх хавацца ў комін!
З зімой я проста на нажах,
Мароз і холод – проста жах!
За клямку нехта зноў бярэцца,
Ажно да пятак скача сэрца
Ад хвалявання і ад стомы,
Прыкінуся, што я не дома,
Што з’ехаў некуды ад іх,
Скажу ім зараз гэта ўслых.
Няхай чакаюць і шукаюць,
Мо з голаду не паўміраюць.
 

Неўразумеласць

Што патрэбна табе —

Я прыму, зразумею.

Але толькі чаму

Пры сустрэчы нямею?

Анастасія Швядко

 
Што патрэбна табе,
Ты не кажаш ніколі,
Толькі пальцы мае
Зноў сціскаеш да болю,
Толькі ліжаш мой твар,
Як сабака суседаў.
Я зрабіла б усё,
Каб магла тое ведаць.
Што патрэбна табе,
Я спазнаць не ўмею,
Са здзіўленнем гляджу
І ад смеху нямею.
 

Граматыка цела

О, колькі вершаў пра каханне

Сплялі з Адамавых часоў:

А сэрца дзеяслоў рахманы

Баіцца гучных галасоў.

Таццяна Ляшук

 
Ах, сэрца – асцярожны орган,
Баіцца крыўды і маны.
І дзеясловам першародным
Яго няўзнак не пракляні.
Мозг – больш устойлівы назоўнік,
Чаўпе сваё, не перайнач.
Усмешкай горкаю няўлоўна
Ператварае смех у плач.
А печань – гэта ёсць прыметнік,
Вядома ўсім да аднаго.
Сагрэе светла і прыветна,
Як печ, па літасці багоў.
Нос, рукі, ногі тут дарэчы
Згадаць, як вельмі прыпячэ.
Абняць, панюхаць і адпрэчыць
Займеннікам ці чым яшчэ.
О, колькі вершаў пра каханне
Сплялі з Адамавых часоў.
І гэта ўжо наканаванне
Для неакрэплых галасоў.
 

Вернасць

Спявай, мая салоўка, для мяне,

Спявай, пакуль не звяжа плод шыпшына.

О, лета, ты жыццё ў хуткім сне,

У гэтым сне сумленне саграшыла.

Таццяна Ляшук

 
Спявай, мая салоўка, для мяне,
Пакуль твой салавей пабег да іншай,
Мы зробім выгляд, нібыта ў сне
Спатканне наша нечакана выйшла.
Калі твой гіцаль вернецца, тады
Яго пагладзіш добра супраць поўсці.
Ляці хутчэй, каханая, сюды,
З табою мы як след яму адпомсцім.
Як кажуць, што сабе ні варажы,
Але ў мяшку не прыхаваеш шыла.
Каханая, нікому не кажу,
Што ў сне са мной аднойчы саграшыла.
О, лета, як імкліва ты бяжыш,
Ужо паўстала восень на парозе.
Пара і ў вырай. Невыносна жыць,
Бо ёсць каханню нашаму пагроза.
Ты з салаўём зноў у далёкі край
Скіруешся, я застануся дома.
І ты мяне пасля не забывай,
Цябе я буду памятаць, вядома!
 

Спасцiжэнне

Якім багам пад сілу ажывіць

Дыханне грэтых сэрцам гукаў?

Маўчаць прарокі і шаманы

І ў правадах камп’ютарных навука.

Віктар Ярац

 
Якім багам я толькі ні маліўся,
Але не шанцавала мне ні ў чым.
Ані падказкі! Мудрацы звяліся
З-за невядомых покуль што прычын.
Да ведзьмакоў хадзіў і да шаманаў
Ды раіўся, як мне пражыць жыццё.
Адказвалі: «Харчуйся кашай маннай
І будзеш адчуваць сябе дзіцём».
Я не паверыў, як магчыма гэта,
Калі на свеце віскі ёсць і ром?
Калі закускі мора, цыгарэтак —
Навалам усяго вакол суздром.
Хадзіў да экстрасэнсаў задавастых,
Што скрозь бетон, як лазеры, глядзяць.
Яны сказалі, што не той я масці,
І маё месца між дурных бадзяг.
Я зразумеў: камп’ютарнай навукай
Атручаны цяперашні наш час.
Дыханне грэтых сэрцам гукаў
У правадоў на стомленых плячах.
 

На сувязi

Аднойчы зразумееш ты,

Што наша сувязь непазбежна.

Я не пішу табе лісты…

Аляксандра Жалязнова

 
Аднойчы зразумееш ты,
Што я на сувязі заўсёды.
Я не пішу табе лісты,
А па начах складаю оды.
Раманы іншы раз пішу,
Хоць ты не здатны ў тое верыць,
Пацешыла сваю душу
Вагонам беленькай паперы.
Аднойчы зразумееш ты,
Што наша сувязь непазбежна.
Я не пішу табе лісты,
Бо мора творчасці бязмежна.
Шукай мяне між іншых муз,
Высокіх, велічных, нядрэмных,
Але пакуль ты мне не муж,
Дык не чакай лістоў дарэмна.
 

Зона антыкахання

Не раўнуй мяне да адзіноты,

Я цяпер хіба што і жыву.

Анатоль Зэкаў

 
Собіла мне выбавіцца з хаты,
Нібыта сарваўся з ланцуга!
Зараз кожны дзень – няйначай свята.
І бывай, мінулая туга!
Што я, бедны, чуў і бачыў дома?
Жонка, цешча, звады, мітусня…
Тут жа – поўня і азону зона!
Ды які без зоны Зэкаў я?
Не раўнуй мяне да адзіноты,
Не тлумі дарэмна галаву!
Як забыў пра секс – з плячэй турботы,
Я цяпер хіба што і жыву.
 

Дзень у Парыжы

Парыжскі дзень іскрыцца ў сонцы,

І зімы тут – не нашы зімы.

А мне хай снег ідзе бясконца,

Каб толькі снег той – на Радзіме.

Анатоль Зэкаў

 
Ледзь у Парыжы дзень пражыў,
Усё не так, як маю дома.
Дзе нашы доўгія дажджы?
Душа смуткуе падсвядома.
Дзе нашы гурбы да платоў,
Дзе нашы перуны, маланкі?
Я ўжо дамоў ляцець гатоў,
Няма ратунку мне ад ранку.
Спакой мой беларускі знік —
Сніў усю ноч былыя сцежкі!
Падайце зараз жа цягнік,
Інакш пайду дадому пешкі!
 

Выйсце

Сярод асвежанай дубровы

Былыя раны варушу

І чую: дух зямлі здаровы

Пераліваецца ў душу.

Віктар Гардзей

 
Пераліваць дарма з пустога,
З парожняга тым больш дарма.
А жонка толькі гляне строга
І скажа: «Выпіўкі няма!»
Чаму няма, калі заўчора
Я толькі атрымаў аванс?
Як перажыць такое гора,
Сябры, не кажучы пры нас?
Пайду да бара, быццам хворы,
Там спачывае добры люд,
Паклічуць мо і ў раз каторы
У шклянку нечага нальюць.
За стол усядуся дубовы,
Былыя раны варушу
І адчуваю: дух здаровы
Пераліваецца ў душу.
 

Там i тут

Там, у лесе, ля чаромхі белай,

Жыць, напэўна, мне лягчэй было б.

Віктар Гардзей

 
Там, у лесе, – хораша і пуста,
Тут – трамваі, сумятня аўто,
Там на градах песціцца капуста,
Тут і не ўсміхнецца аніхто.
Там – лагода шчасця да дасвецця,
Сонца – ад зары і да зары.
Тут ліхтар, які даўно не свеціць,
А засвеціць – тут жа і згарыць.
Там звяры паміж сабою ладзяць,
Тут суседзі нібыта ваўкі.
Не жадае жыць ніхто па праўдзе,
Ім жыццё такое не з рукі.
Эх, паехаць бы ў лясы навечна,
Плюнуць бы на мітуслівы свет,
Толькі будзе сумна й там, канечне,
Бо ніяк не ўключыш інтэрнэт.
 

Упартасць

Закрычу – можа, з воўчае пушчы

Адгукнецца казуля ці лось?

Віктар Гардзей

 
Адзінота вакол, адзінота,
Не магу яе болей трываць,
Хоць бы гук, хоць бы нейкая нота,
Хоць бы што прашаптала трава!
Хоць бы вецер завыў нечакана,
Хоць бы лісце апала з дубоў,
Покуль час мне імгненні чаканіць,
Прагну стрэчы, каханне, з табой.
Ці глухі я, ці мо невідушчы?
Можа, псоту наслаў сваю хтось?
Закрычу – можа, з воўчае пушчы
Адгукнецца казуля ці лось?
Я каханне з надзеяй чакаю,
Спадзяюся, палаю, гару,
Жыць упарта ў самоце звыкаю,
Ды насустрач яму не пайду!
 

Перакананне

Быў калісьці і я маладзей:

Зашчымела ў душы, зашчымела.

Віктар Гардзей

 
Быў калісьці і я малады,
Нібы гай зелянеў, ачмурэлы,
Толькі ўсё разышлося, як дым,
Адгалёкала і адшумела.
Хто не верыць, на фота зірні,
Маю, бачыш, вось чубчык шыкоўны!
Ні маршчынкі нідзе, ні маны
У вачах маіх, радасці поўных.
Быў ды сплыў, як казаў мой сусед,
Толькі я яму зроду не верыў.
І пра старасць мне хлусяць усе,
Нават пашпарт – пустая папера!
Я душою заўжды малады
І зялёны, як гай сярод лета.
Гэта плёткі пустыя і дым:
Быццам песня мая даўно спета.
Вось кульбачку вазьму ў руку,
Зноў падамся, дзе весела людзям,
Не адмовяць ні ў чым дзіваку,
Зразумеюць і не асудзяць.
 

На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Жанаты халасцяк», автора Зінаіда Дудзюк. Данная книга имеет возрастное ограничение 16+, относится к жанрам: «Современная зарубежная литература», «Юмор и сатира». Произведение затрагивает такие темы, как «смешные истории», «юмористический сборник». Книга «Жанаты халасцяк» была написана в 2025 и издана в 2025 году. Приятного чтения!