Читать книгу «Жыцця імгненні трапяткія» онлайн полностью📖 — Виктора Правдина — MyBook.
image
cover

Виктор Правдин
Жыцця імгненні трапяткія

Жыцця імгненні трапяткія

Віктар Праўдзін

Жыцця імгненні трапяткія Віктар Праўдзін

АПАВЯДАННi

Па-чалавечы

Я чую, як мацi шоргае нагамi, тупае каля кватэры, абтрасаючы з гумовiкаў смецце i вулiчную гразь, потым павольна i незадаволена рыпяць дзверы, i яна стомлена ўздыхае, калi пераступае высакаваты парог, счасаны пасярэдзiне абцасамi, i цяжка, дзвюма рукамi, ставiць вядро з вадой на нiзкi ўчарнелы ад часу зэдлiк, што тулiцца каля печы. Цераз край вядра на падлогу пралiлiся празрыста-блiскучыя лужынкi, i ў iх з акна адразу нырнуў, быццам звалiўся з неба, веснi ярка-залацісты агеньчык-промень. I ў той жа момант пасвятлела ў пакоi. Я нават вочы прыжмурыў, назiраючы за патрывожанымi скразняком серабрыстымi iскрыстымi пылiнкамi, што мiтуслiва вiхурылiся ў паветры. Яны здаюцца жывымi i адчайна вясёлымi, бо сёння з самай ранiцы гаспадараць у двух пакоях нашай кватэры на другiм паверсе старога графскага дома. Я шырэй адхiнуў фiранку, i промень iмклiва слізгануў за стол, высвецiў белую, як малако, павуцiну. Ведаю, што павуцiнне мяккае, калi ж дакрануцца пальцамi – лiпучае, а яшчэ ў iм жыве чорны павучок. Ён сонца не любiць, паспешліва ад яго хаваецца, але больш за ўсё павучок чамусьцi не любiць, калi я кiдаю на павуцiнне крошкi хлебнага мякiшу, i тады нiколi са свайго сховiшча не паказваецца. Затое ён заўсёды жвава выкульваецца з расколiны ў сцяне, калi ў дрыготкае плецiва трапляецца муха. Канешне, паблізу ягонага жытла мухi не лётаюць, iх для павучка лаўлю я, i толькi тады, калi ў кватэры нiкога няма, бо мая руплiвая мацi будзе сварыцца – нi павукоў, нi павуцiння яна не церпіць i, калi прыбiрае, заўсёды шаруе венiкам не толькi па падлозе, але i па кутках, i нават па высокай столi. А мне павучка шкада. Калi выбiраць, дык лепш ён, чым надакучлiвыя мухi, якiя i ў кубак з малаком спiкiруюць, i ў талерку з супам запаўзуць, i, што горш за ўсё, – ранiцай, на самым досвiтку, разбудзяць. Адно кепска: мой павучок нейкi малы, нiяк не дачакаюся, калi ён вырасце i пераловiць абрыдлых мух. Мо паспрабаваць прыкармiць кавалачкамi катлет, як Мiшкавага Дымка? Яшчэ ўзiмку Дымок быў шчанюком, па лесвiцы на другi паверх ускараскацца не мог, а цяпер не дагнаць.

Да лужынкi на падлозе, спадмануты зыркiм святлом, з печы скокнуў маленькi шэры коцік. Яго так i клiчуць: Шэры. Ён усю ранiцу гуляў з тоўстай калматай шпагацiнай, прывязанай да квадратнага цвiка з блiскучай пляшкай. На шпагацiне месцамi засталася ўсохлая залацiстая луска леташняй цыбулi, i коцік усю ранiцу цiкуе за ёй. Некалi я таксама, ухапiўшыся рукамi i падцiснуўшы ногi, калыхаўся на гэтай шпагацiне, але тое было даўно, калi шыбы ў хаце былi прыгожа размаляваныя Дзедам Марозам. Пра дзядулю-мастака мне расказаў бацька, толькi мацi не дазваляла доўга сядзець каля акна i разглядваць тыя дзiўныя малюнкi: яна ўвесь час баiцца, каб я не прастудзіўся. Дый не хочацца мне на печ, i шпагацiна абрыдзела, цяпер самае цiкавае – за акном, на двары… Але што ж мой маленькі гарэзлівы коцік?

Наляцеўшы на халодную калодзежную ваду, Шэры ад нечаканасцi жаласна мяўкнуў, сеў на заднiя лапкі i затрос пярэднiмi: спярша адной, потым другой. «Так табе i трэба, здраднiк!» – пераможна выдыхнуў я. Са мной гарэзнік гуляць адмовiўся, на шпагацiну прамяняў нiтку з прывязаным да аднаго канца кавалкам плёнкi з бацькавага фотаапарата. Цягнеш гэтую прынаду, а яна па-сапраўднаму, як тая мышка, шкрабецца па падлозе. Шэры спярша спакусiўся, выпусцiў кiпцюры i ўкусiў плёнку, але нешта не ўпадабаў, бо адразу скокнуў на печ i больш не паказаўся. Плёнка, канешне, не прападзе. Увечары, калi печ зацепляць, кiну плёнку на прыпечак i дачакаюся, калi ўгрэецца ды пшыкне факелам. Шкада, што сябры Мiшка з Цiмкам гэтага не ўбачаць.

– Віця, сынок, нашых там не вiдаць? – пытаецца мацi i, падсунуўшы табурэтку бліжэй да печы, садзiцца i пачынае пальцамi выкалупваць сухую глiну памiж цаглiнамi.

– Не-а, – адказваю я i ледзь не прылiпаю лбом i носам да халоднага аконнага шкла.

Нашы – гэта бацька i старэйшы брат, а ў мяне адказнае заданне: дачакацца, калi яны прыедуць на абед, i сказаць мацi, каб выцягвала чыгункi з печы. Мне зусiм не хочацца з паўдня тырчаць у акне. Лепш бы, як той казаў, лiчыць варон, чым зноў убачыць, як бацька падхопiць на рукi i здыме з трактара брата, якi абавязкова ўгледзiць мяне i пакажа язык цi, яшчэ горш, з-за бацькавай спiны торкне дулю. Да слёз крыўдна чуць кожны дзень, што ты яшчэ малы i трэба падрасцi, каб ездзiць з бацькам на трактары. Мне ж здаецца: я вырас i ўжо, стоячы на печы, галавой да столi дастаю…

А на двары якраз пад вокнамi цвiце бэз, i нават на другiм паверсе чуваць ягоны прыемны пах. Учора суседка Танька зламала пахучую гронку, шукала ў ёй кветачкі спарышы i высмоктвала. Казала, калi трапiцца пяць пялёсткаў i iх высмактаць, будзеш шчаслiвы. Я знайшоў разоў дзесяць па пяць, старанна высмактаў, нейкiя нават пражаваў, але шчаслiвым не стаў: сёння бацька зноў узяў з сабой брата, а не мяне.

Абыходзячы гразкаватую лужыну, да свайго хлява пратэпаў сусед з першага паверха дзядзька Мiша i праз некалькi хвiлiн выйшаў з зацiснутым пад пахай вялiкiм белым гусаком. Гусак вырываецца i, цiкуючы за вольнай дзядзькавай рукой, каб ушчыпнуць, круцiць доўгай шыяй. Гэта яму ўдаецца, але толькi адзiн раз. Мне дзядзьку шкада, бо ведаю, якi брыдкi i злосны гэты гусак, нiкога не прапусцiць, на кожнага шыпiць. Сусед злаўчыўся, ухапiў гусакову галаву i зацiснуў у далонi чырвоную дзюбу. Вось бы дзядзька Мiша гэтаксама зацiснуў яшчэ i дзюбу ў пеўня цёткi Моры, якi ўжо два разы мяне даганяў, збіваў на зямлю i балюча дзюбаў у галаву. Бацька прасiў Мору прадаць пеўня цi памяняць, але не пагадзiлася цётка, сказала, што яе певень добра курэй топча. Дзiўная гэтая цётка, курэй не шкадуе. Ды што казаць. Каб яе самую певень патаптаў, ды хоць бы адзiн раз дзюбнуў – адразу б з яго суп зварыла.

Гусак пад пахай у дзядзькi Мiшы не здаецца, лупiць крыламi, тузаецца, шкрабе паветра лапамi, вырываецца, ды так моцна, што з дзядзькавай галавы нават фуражка зляцела. Гэтая валтузня суседу надакучыла i, вiдавочна, раззлавала, бо ў наступнае iмгненне ён паставiў гусака на зямлю каля плота, а сам усеўся на неслуха, зацiснуўшы крылы памiж ног. Цяпер абедзве рукi ў дзядзькi Мiшы вольныя, i ён пачынае накручваць гусакову шыю вакол штакецiны. Раз, другi – шыя доўгая. Мне зверху вiдаць, як сусед тузае да сябе гусака i адначасова ўцiскае птушку ў дол. З-пад калена выбiлася белае крыло i часта часта ляпае па зямлi, ажно старое лiсце i пясок разлятаюцца ва ўсе бакi. Нават мне бачна: гусак ужо просiцца ў свайго мучыцеля i хоча, каб яго адпусцiлi. А расчырванелы ад напругi дзядзька не разумее, што птушцы балiць, ён насядае на гусака i з нейкiм, як мне здалося, шаленствам цягне, тузае птушцы галаву, ажно плот ходарам ходзiць. Цяпер мне шкада гусака. Зразумела, што пасля гэткай лупцоўкi ён ужо не будзе нi да кога чапляцца i шыпець.

– Зiнка, што з табой? – я не чуў, як увайшла ў пакой, але пазнаю за спiнай голас цёткi Марыi. – Няўжо пачынаецца?.. Цi не занадта рана ты раскапусцiлася? Сёння толькi аўторак, першая квадра месяца…

– Нешта цяжка мне сёння, – адказвае мацi. – Вядро вады ледзь прынесла…

Галасы ўсiх суседак я пазнаю з першага слова. Кабеты аднолькава шумна крычаць ранiцай на свiней, яшчэ больш дастаецца курам, якiя, вырваўшыся з седалаў, адразу лятуць на грады. Суседкі, бывае, сварацца адна на адну, i ўсё праз тых жа курэй, якiя, хоць i пазначаны фарбай (у нашых нясушак спiны выпэцканы зялёным), але агарод, як іх гаспадынi, на свой i чужы не дзеляць. Жанчыны крычаць на п’яных мужоў, а хутка будуць крычаць і на нас, дзятву, калi мы гэтаксама, як i куры, сiганём праз плот у грады, ледзь на iх нешта вырасце. Я не люблю пустога крыку, але вельмi люблю слухаць галасiстых суседак, калi яны спяваюць, асаблiва калi збiраюцца разам на нейкае свята.

– Ведаю, што рана, – пасля невялiкай паўзы стомлена працягвае мацi, – Віцю лягчэй насiла… Печ вось, быццам магнiтам, прыцягвае, здаецца, усю глiну з’ела б…

– Хлопец, напэўна, – уздыхае цётка Марыя, – але не ўгадаеш. Калі я Пецькам хадзіла – мяне на салодкае цягнула. Думала, дзяўчынка будзе. Халвы хацелася, ды гэтак моцна, што ноччу прачнуся i пах яе чую. Купляла трошкi, але ж не столькi, колькi хацелася. Глiна не халва, плацiць не трэба… Глiны ў нас, дзякаваць Богу, ёсць…

Я больш не магу глядзець на дзядзьку Мiшу, якi ўсё яшчэ мучыць гусака, i заплюшчваю вочы. Чую за спiнай таропкiя крокi. Цёплая далонь цёткi Марыi кладзецца мне на галаву.

– А што, Віця, гэткае цiкавае за акном убачыў? – пытаецца суседка.

Яна схiляецца, i я чую на спiне дотык яе мяккага цела, чую, як стукае яе сэрца, а ў нос мне, здаецца, шыбанула халвой, якую я таксама вельмi люблю. Халвой ды яшчэ сырадоем.

– Бяжы, Віця, на двор, пагуляй, – кажа мацi. – Толькi каб нi да ракi, нi да ручая не падыходзiў. Чакай бацьку з братам насупраць нашых акон, каб я цябе бачыла.

– Не хачу на двор! – крычу я, не расплюшчваючы вочы.

Цяпер я не тое што не хачу – я выходзiць на двор баюся, пакуль там дзядзька Мiша здзекуецца з гусака. Я добра ведаю: як толькi сусед мяне ўбачыць, адразу папросiць нешта цi патрымаць, цi расказаць… А мне шкада гусака, i ад гэтай шкадобы па шчоках цякуць пякучыя слёзы.

– Што ж гэта Мiшка вытварае? – убачыўшы суседа верхам на гусаку, абурана гаворыць цётка Марыя. – Што ён за нелюдзь?.. Не можа па чалавечы гусаку галаву адсекчы… А ты, Зiнка, сюды не падыходзь, табе нельга на гэтую брыдоту глядзець…

2008 г.

Цукеркi ад бацькi

Машына скрыгатнула тармазамi i спынiлася сярод дарогi ля вялiкай дажджавой лужыны. Двое дзяцей стаялi басанож у жаўтаватай вадзе i тонкiмi дубчыкамi падпiхвалi папяровыя караблiкi, якiя здалёк вылучалiся сваёй белай чысцiнёй. Хлопчык i дзяўчынка заўзята боўталi ў вадзе худзенькiмi нагамi. Хвалi беглi ад iх ва ўсе бакi i былi для маленькiх караблiкаў «штармавымi». Яны бездапаможна гойдалiся на вадзе, i калi адзiн з iх, цi два, цi ўсе тры затапляла, вясёлы гучны смех успуджваў невялiчкую чараду вераб’ёў, якiя ўладкавалiся непадалёку на бярозцы. Вераб’i весела цвiркалi, трапяталi крыламi, узляталi, але абранага месца не пакiдалi, бо нiякай небяспекi сабе не бачылi. Гульня так захапiла дзяцей, што яны нават не пачулi, як пад’ехала машына. I дождж, вiдаць, таксама не быў iм перашкодай. Iх адзенне было мокрае, i сонца, якое выглянула з-за хмары, блiшчала ў валасах, на тварах, руках вадзянымi кроплямi.

Антон Качан хацеў пасiгналiць ды пераехаць лужыну, але ў апошнi момант перадумаў. Ён дакрануўся рукой да жончынага пляча.

– Звядзi з дарогi, – кiўнуў ён на дзяцей, – ды заадно папытайся, дзе дом нумар чатырнаццаць… Толькi хутчэй, мы i так познiмся…

Тэрэза з дакорам паглядзела на мужа. Мясiць гразкую дарогу моднымi блiскучымi басаножкамi ёй не хацелася.

– А можа, аб’едзеш? – нясмела спытала яна.

– Можна i аб’ехаць, – i, разглядаючы новыя чатырохпавярховыя будынкi, незадаволена буркнуў: – На ўсёй вулiцы нiводзiн дом не пранумараваны… Адгадай тут, у якiм твая сяброўка спраўляе ўваходзiны.

Ён адчынiў дзверцы i, вылазячы з машыны, прымiрэнча прамовiў:

– Ну добра, сам папытаюся. Толькi ты свае басаножкi ўсё ж запэцкаеш… Глянь, што робiцца ў дварах. Да пад’езда хiба толькi трактарам можна пад’ехаць.

Тэрэза i сама заўважыла, што ад дарогi да кожнага дома цягнуцца сцяжынкi, вымашчаныя дзе дошкамi, а дзе i цэглай. Пасля дажджу i гэтыя пераходы апынулiся ў вадзе. «Прыйдзецца, як гэтым замурзаным дзецям, скiдаць абутак i шыбаваць напрасткi па гразi», – падумала яна i мiжволi адчула, як холад працяў ногi, быццам яны ўжо цяпер стаяць у вадзе.

Антон падышоў да хлопчыка i дзяўчынкi.

– А што, капiтаны, – весела гукнуў ён, – можа, i майму «крэйсеру» пад назвай «Жыгулi» дазволiце пераплыць ваш акiян?

Дзецi разам азiрнулiся. Ад нечаканасцi Антон скалануўся. На твары так i застыла, бы прыклеiлася, усмешка. Вочы акруглiлiся, пашырэлi i цi то са спалохам, цi то з затоенай радасцю паўзiралiся ў загарэлыя твары хлопчыка i дзяўчынкi. На бацьку глядзелi родныя дзецi!

Старэйшая, Аленка, а ёй не так даўно споўнiлася восем гадоў, была вельмi падобная на Антона. Гэткiя, як i ў яго, шэрыя вочы, шырокiя чорныя бровы, а капрызна сцятыя вусны рабiлi яе твар занадта сур’ёзным для дзiцяцi. Яна моўчкi глядзела на бацьку, i па радасным агеньчыку ў вачах было вiдаць, што пазнала яго, але разгубiлася i не ведае, як сябе паводзiць. Яе вусны варухнулiся, цела выструнiлася, напружылася, i збоку здавалася, што дзяўчынка вось-вось з радасным крыкам кiнецца да бацькi…

Менавiта цяпер, калi яна ўбачыла яго, супярэчлiвыя пачуццi ахiнулi яе маленькую душу. Яна ўспомнiла, як доўга плакала, калi мацi сказала, што бацька iх пакiнуў i жыць з iмi больш не будзе. «За што кiдаюць бацькi сваiх дзяцей?» – часта пыталася яна ў сябе, але адказу не знаходзiла. Пасля доўгiх роздумаў усё ж вырашыла, што кiдаюць непаслухмяных ды непрыгожых, i з гэтага часу, калi зазiрала ў люстэрка, шукала ў сабе заганаў, недахопаў… Аленка стрымала першае жаданне – не кiнулася да бацькi i, толькi зрабiўшы некалькi крокаў да яго, спынiлася i са стоеным нецярпеннем чакала. Востры халадок жалю да сябе i брата мiжволi падступiў да сэрца.

Антон адчуў гэты халадок дзiцячай душы i цяжка, роспачна ўздыхнуў. А насустрач яму, уздымаючы слупы вадзяных пырскаў, у якiх гуляла вясёлка, бег сын – Васiлёк.

– Та-та?! Та-тач-ка?! – усхвалявана закрычаў малы. – Ты вярнуўся да нас?! – шчаслiвая дзiцячая ўсмешка ззяла на яго твары; кiрпаты вяснушкаваты нос свяцiўся радасцю, вочы акруглiлiся i нябесным блакiтам глядзелi ў самую глыбiню Антонавай душы.

I ў Качана, якi апошнi час успамiнаў дзяцей толькi ў днi, калi атрымлiваў зарплату i шкадаваў грошай, вылiчаных на алiменты, нешта абарвалася ўсярэдзiне. Невядомае дагэтуль пачуццё кiнула яго насустрач сыну, i, прыцяўшы дыханне, Антон падхапiў на рукi худзенькае цельца. З затоенай асалодай i невыразным пачуццём палёгкi ён прыцiснуў малога да сябе i на ўсю моц сваiх лёгкiх удыхаў з маленства забыты пах вады, сонца, дзяцiнства, якiм веяла ад хлопчыка.

Цераз плячо бацькi Васiлёк убачыў сястру, якая заклала рукi за спiну i панура стаяла, боўтаючы адной нагой у вадзе. Яна з затоеным смуткам цi папрокам паглядала на iх, унiкаючы позiркаў брата.

– Аленка, ты што, не пазнала? – здзiўлена запытаўся Васiлёк. – Гэта ж наш татка!.. – і з дзiцячай непасрэднасцю дадаў: – Бяжы дахаты i паклiч мамку… Татка ж вярнуўся!

Сэнс апошнiх сынавых слоў не адразу дайшоў да Качана. А калi ён зразумеў, аб чым просiць Васiлёк сястру, кроў шыбанула ў скронi. У адно iмгненне сышлiся да пераносся кусцiстыя чорныя бровы. Шэрыя вочы зноў пазiралi з затоенай падазронасцю, а заўчасныя маршчыны ды капрызна сцятыя вусны састарылi твар. Пачуццi, якiя мiжволi вырвалiся з-пад кантролю i расчулiлi Качана, знiклi за маскай жорсткасцi i дзелавiтасцi. Ён апусцiў сына на зямлю i з цвёрдасцю ў голасе папытаўся ў Аленкi:

– Што вы тут робiце, на гэтай вулiцы?

Дзяўчынка не чакала нiякiх пытанняў ад бацькi i таму, пачуўшы яго голас, здрыганулася. Мокрыя светлыя пасмачкi яе валасоў тырчма, быццам ледзяшы, звiсалi на плечы, прылiплi да лба.

– Жывём, тата, – паспрабавала ўсмiхнуцца дачка.

– Ага, вунь у тым доме, што за зламаным трактарам, – махнуўшы рукой некуды за спiну бацькi, дадаў Васiлёк.

Антон азiрнуўся. Свежы вецер сцебануў па твары, раскудлацiў валасы, у якiя ўжо закралася павуцiннем сiвiзна.

Ён убачыў Тэрэзу, якая шпарка iшла да iх. Правай рукой яна прыцiскала да сябе чырвоную сумку, а левай раз-пораз адкiдала за вуха кудзеркi светлых валасоў, якiя ўвесь час падалi на вочы.

Убачыўшы, як хлопчык павiс на шыi ў мужа, яна здагадалася, што гэта Антонавы дзецi ад першай жонкi.

– Добры дзень, Аленка! – з перайгранай зычлiвасцю павiталася жанчына i спынiлася каля мужа. – Добры дзень, Вася! – кiўнула яна хлопчыку.

Яе твар расчырванеўся, зеленаватыя вочы з цiкаўнасцю i затоенай узбуджанасцю ўзiралiся ў дзяцей.

Аленка не адказала на прывiтанне, а толькi з непрыязню, нават варожасцю паглядзела, зразумеўшы, кiм даводзiцца гэтая расфранчаная цётка iх бацьку.

– Здрасце, – азваўся Васiлёк i насцярожлiва зiрнуў на незнаёмку.

Некалькi хвiлiн стаялi моўчкi. Сонечнае святло, адбiўшыся ад вады, трапяталася на тварах. Дарослыя i Аленка адчулi сябе неяк няёмка, i толькi Васiлёк ззяў радасцю.

Тэрэза павярнулася да мужа i адразу пляснула ў далонi, ад чаго сумка ледзь не звалiлася на зямлю.

– Ты паглядзi на сябе! – з весялосцю ў голасе ўскрыкнула яна. – I ў гэткiм выглядзе ты збiраешся сесцi за святочны стол?

Белая кашуля ў Качана была запэцкана граззю, якая, вiдаць, засталася ад брудных ног i шортаў сына.

Жанчына, задаволеная тым, што знайшла сабе занятак, пачала выцiраць белай хусцiнкай гразкiя плямы.

– Дарэмна гэта, – адсунуў жончыну руку Качан, – трэба змянiць кашулю.

– Дык паехалi, – адразу ўсхапiлася Тэрэза. – Паехалi, Антоша, памяняеш, – замiтусiлася яна, вiнавата зазiраючы мужу ў вочы.

– А як жа ўваходзiны, твая сяброўка?.. Вось i дзяцей сустрэў!..

– Нiчога, Антоша, не здарыцца, калi сёння мы i не пабудзем на ўваходзiнах, – паспяшалася адказаць яна. – Потым калi-небудзь… на машыне нядоўга пад’ехаць…

Аленка ў гэты момант, задзiрлiва пазiраючы на Тэрэзу, прашлёпала напрасткi цераз лужыну да брата i стала побач, узяўшы яго за руку.

– I да дзяцей мы яшчэ прыедзем, – працягвала Тэрэза i, звярнуўшыся да хлопчыка, з усмешкай папыталася: – Праўда, Вася?..

Ён, не адводзячы шчаслiвага позiрку ад бацькi, згодна кiўнуў галавой.

А Тэрэза спяшалася. Ёй здалося, што муж пасля сустрэчы са сваiмi дзецьмi iначай, не па-бацькоўску, пачне адносiцца да яе сына, дзевяцiгадовага Андрэя. Памiж iмi адносiны нарэшце наладзiлiся, i сын прызнаў Антона за бацьку. У Аленцы з Васiльком Тэрэза ўбачыла яўную перашкоду, якая ў адно iмгненне можа разбурыць сям’ю, парушыць яе лад. Ёй шкада было мужавых дзяцей, але невыразны страх за сябе, за лёс Андрэя ўзрушылi спакой. Захацелася зараз жа апынуцца ў сваёй хаце, у звычных умовах займацца якой-небудзь кухоннай справай, абы толькi не бачыць гэтых дзiцячых вачэй, не адчуваць сябе вiнаватай…

– Паехалi, Антоша, – напружана варухнулiся вусны Тэрэзы, i яна пацiху пацягнула мужа за рукаў кашулi.

Васiлёк убачыў гэта i, спяшаючыся, загаварыў, быццам хацеў затрымаць бацьку:

– Татка, а я восенню ў школу пайду, у першы клас…

– Малайчына, Васька! – раскудлацiў яму чупрыну Качан. – Вялiкi ўжо вырас… Вучыся добра ды старэйшых слухай…

– А мамку ён не слухае, – умяшалася ў размову Аленка.

– А вось i слухаю, – крыўдлiва азваўся брат. – А ты нагаворшчыца.

– А чаму тады спiш з машынай? – не здавалася сястра. – Мамка кажа, каб не клаў у ложак машыну, а ты ўсё роўна спiш з ёю.

Васiлёк, нешта мармычучы сам сабе пад нос, апусцiў долу галаву i ўтаропiў позiрк на свае запэцканыя ногi.

Антон паглядзеў на бялявыя, даўно не стрыжаныя сынавы валасы i зазначыў, што яны ў Васiлька таксама, як i ў яго, непаслухмяна вiхурацца на самай макушцы. «Раней не заўважаў», – падумаў Качан, а ўслых даравальна прагаварыў:

– Не трэба, дачка, не сварыся, – ён правёў жорсткай далонню па Аленчыным плячы. – Няхай Васька спiць з машынай, калi падабаецца.

– Падабаецца, татка, – адразу павесялеў хлопец. – Машына прыгожая, гоншчыцкая… Ты мне яе падарыў ужо даўно… У ёй i шафёр сядзiць у чырвоным шлеме.

Ён iрвануў руку, якую трымала сястра, i, вызвалiўшы яе, задаволена, з гонарам дадаў:

– Я, як вырасту зусiм вялiкi, таксама шафёрам буду…

– Антоша, паехалi, – зноў пацягнула за кашулю Качана жонка.

Ён згодна кiўнуў галавой.

– Ну, дзецi, да пабачэння, – паспрабаваў усмiхнуцца бацька. – Я яшчэ прыеду…

Ён пацiснуў Аленцы i Васiльку рукi i порсткай хадой напрасткi пайшоў да машыны. За iм, крыху збоку, спяшалася Тэрэза. Раптам яна спынiлася, адкрыла сумку i, нешта шукаючы, пакорпалася ў ёй. Заклапочаны твар жанчыны неўзабаве прасвятлiўся, i яна вярнулася.

– Гэта вам ад бацькi, – сказала яна, усунула ў рукi дзецям па некалькi цукерак ды дзве рублёвыя паперкi i з выглядам чалавека, якi выканаў свой абавязак, пайшла да машыны.

«Жыгулi» паварочвалiся на дарозе, калi Аленка горка прамовiла:

– Не, не прыедзе больш бацька!

– Як гэта не прыедзе? – са спалохам паглядзеў на яе брат.

...
6

На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Жыцця імгненні трапяткія», автора Виктора Правдина. Данная книга имеет возрастное ограничение 16+, относится к жанру «Современная зарубежная литература». Произведение затрагивает такие темы, как «библиотека современной прозы», «сборник рассказов». Книга «Жыцця імгненні трапяткія» была написана в 2026 и издана в 2026 году. Приятного чтения!