«Гульня ўяўлення» отзывы и рецензии читателей на книгу📖автора Мікола Адам, рейтинг книги — MyBook.

Отзывы на книгу «Гульня ўяўлення»

2 
отзыва и рецензии на книгу

BoreenCantlet

Оценил книгу

МІКОЛА АДАМ "ВЯЗЕНЬ ЗАМКА АДЗІНОТЫ"

(пра апавяданне з кнігі)

Адзінае, што мяне засмуціла – няўдалая, прэсная назва апавядання. Зусім як які артыкул у раённай газеце.
А само апавяданне – смак.
І тэма – тэма выключная па нашым часе: адзінота чалавека мастацкага ў грамадстве спажыўцоў.
Ёмка і хораша. З лёгкай іранічнай усмешкай, з паглядам на самога сябе як ахвяру, але ў той жа час гэта самая ахвяра і вызначае свой ахвярны лёс.
Няма плаксівасці, няма сузірання свайго лёсу як на шлях крыжовы – ёсць філасафічная спроба разабрацца: чаму сярод людзей застаецца чалавек адзін.
Зразумела, што фармат апавядання, ды яшчэ такога кароткага – палова старонкі газетнай – не дасць аніяк адказаць з усёй глыбінёй на пытанне. Зрэшты, Мікола Адам і не імкнецца адказаць. Ён як быццам і ведае гэты адказ, яго герой ніколечкі не здзіўляецца, што застаецца адзін. І ў гэтым веданні раптам адчуваецца унутраная сіла “маленькага чалавека культуры”, які закінуты ў правінцыю нешта такое культурнае “несці ў масы”.

У апавяданні – толькі згадкі пра ўсе праблемы, а як добра акрэслены яны кароткімі штрыхамі-эпізодамі. Тут работы на добры раман...
Герой Міколы Адама асэнсоўвае сваю ролю “вязня адзіноты”. Ён бачыць і ўзнагароду за сваю ролю – такую, якую відно адно яму самому. І гэта ўзнагарода – пекная прыгажуня – вартая ўсіх яго пакутаў.

Здаецца, усё зразумела. Роля і мэта. Але апошнім сказам цалкам разбурае Мікола Адам гэтае сфарміраванае вякамі разуменне творчасці як абавязку перад грамадствам.
Божы дар раптам прадстае ў выглядзе Божае кары.

І бясконца слушна гучыць апошняе пытанне: за што?

Валеры Гапееў

28 мая 2017
LiveLib

Поделиться

traj...@tut.by

Оценил книгу

ПРОЗА, ЯКУЮ ПІСАЎ ПАЭТ
(пра кнігу Міколы Адама "Гульня ўяўлення")
Проза, якую напісалі паэты, для мяне заўсёды была асаблівай. Не стала выключэннем і чарговая кніга Міколы Адама “Гульня ўяўлення”.
І справа тут не толькі ва ўласных вершаваных радках Адама-паэта, якія ўдала ўплятаюцца ў прозу, прамаўляючыся вуснамі герояў апавяданняў. Апісанні наваколля, знешнасці і псіхалагічнага стану герояў вызначаюцца асаблівай маляўнічасцю, свежасцю нязбітых вобразаў, паэтычнасцю.
“Малады снежань толькі-толькі паспеў апрануць белае паліто і адпусціць бародку, белую з карычневымі плямамі.”
Або “Вечар у снежным катуху паступова пераходзіў у ноч. Але ноч не мянялася вопраткай з вечарам.” - так пачынаецца трыпціх “Без святла”. Ці не з’яўляюцца такія радкі паэзіяй ў прозе?
Ды і сэнс згаданага твора нечым нагадаў Алеся Разанава: ёсць у яго такія пункціры, дзе паэт разважае, што адна і тая ж з’ява (тут – адключэнне святла) для адных можа быць трагедыяй, для іншых – ратункам.
За празаічнай творчасцю Міколы Адама сачу даўно. Дзесяцігоддзя паўтара – дакладна. Таму заўважыла, што ў кнігу ўвайшлі апавяданні розных гадоў. Некаторыя з іх мела шчасце чытаць яшчэ ў часопісе “Першацвет”, а некаторыя – адносна нядаўна “У ЛіМе”.
Што новага адкрыла для сябе? Зварот аўтара да драматычных падзей пачатку дваццатага стагоддзя (апавяданне “Ішоў дождж”).
Але нават звяртаючыся да амаль стогадовай гісторыі, аўтар не здраджвае свайму стылю. Ён не апранае жанчын у целагрэйкі з хусткамі і не ставіць іх ля печы.
Вікторыя ў “Рускай рулетцы” стыльная і жаданая ў сваіх строях. Ды і зеленавокая Аксана з апавядання “Ішоў дождж” па -жаноцку прывабная, калі перад трагічнай кульмінацыяй выскоквае на ганак у адной гімнасцёрцы.
Жанчыны у прозе Міколы Адама прыгожыя, здольныя да эксперыментаў. Мужчыны - рашучыя, брутальныя. Пачуцці – палкія, хэпіэнды – рэдкія.
Хто яны, героі апавяданняў? Часцей мужчына і жанчына. Мужчына – часам пісьменнік, часам не зусім паспяховы. І як значная частка гэтай “браціі” можа заліваць уласную непаспяховасць гарэлкай або зайздросціць больш паспяховым калегам, якім шанцуе ў літаратуры і асабістым жыцці (“Добры чалавек Мазахаў”, “Макулатура”).
Жанчына… Пра апісанне знешнасці гераінь варта сказаць асобна. Я проста недаравальна блытала аўтара з лірычным героем (хаця амаль упэўнена, што пэўная доля аўтабіяграфічнасці ў апавяданнях ёсць). І ў маім усведамленні не выпісаныя героі, а аўтар кахаў усіх сваіх гераінь.
А сапраўды, як не кахаць? Танклявую, няхай сабе і фантастычную Ніко з дзьмухаўцовымі валасамі; зелёнавокую цнатлівую дзяўчынку-выдатніцу Сашу са “Спёкі”, стыльную і дзелавую, але насамрэч такую пяшчотную Вераніку з “Рыцара”, анёлападобную з нялёгкім лёсам Аляксандру – студэнтку “кулька”.
І яшчэ да гэтай блытаніны. Усё ж чытаючы фразы кшталту “Каму цяпер чытаць тоўстыя кнігі?” або “П’яны тарыф дзейнічае баспамылкова, асабліва па тых, каго мы любім.”, я пагаджалася з аўтарам, а не з лірычным героем.
Яшчэ героі? На фоне эпізадычных сяброў-сябровак і стрыжаных “браткоў” я б вылучыла адзіноту і цішыню.
Не зусім звыклым быў для мяне і зварот да фантастычных матываў. Хоць на іх ёсць намёк у назве кнігі. Скажу шчыра, фантастыкай ніколі не захаплялася. Напэўна, таму пачвара з кулямётам у кукурузе мяне не кранула. А вось момант, дзе на каруселі павольна круцяцца партрэты забітых паэтаў вельмі зачапіў.
У творах Міколы Адама, як заўсёды, шмат каханя, гарэлкі, сэксу, смерці, цыгарэт. Усё, як у жыцці. І што б ні казалі нам пра высокую маральнасць, такія творы будуць чытацца. Не пабаюся абагульнення, большасць з нас у той ці іншай ступені цікавяць дадзеныя тэмы.
У некаторых апавяданнях мне проста не хапіла працягу. У Міколы ёсць паспяховы досвед напісання буйных твораў. Многія з апавяданняў, прадстаўленых у кнізе, маглі б стаць па меншай меры аповесцю.
19 октября 2017

Поделиться