Читать книгу «Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара» онлайн полностью📖 — Алесь Станкевіч — MyBook.
image
cover

Прынагоднае
Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара
Алесь Станкевіч

Редактор Леанід Спаткай

Фотограф Алесь Станкевіч

© Алесь Станкевіч, 2019

© Алесь Станкевіч, фотографии, 2019

ISBN 978-5-4496-3087-2

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Слова да кнігі
Каб не ператварыцца ў пыл

Алесь Станкевіч – чалавек неардынарны, шляхетны, духоўна адораны. Нацыянальная гісторыя і культура, літаратура і мова, грамадскія клопаты – неад’емныя складовыя яго жыцця і шматграннай дзейнасці.

Зборнік А. Станкевіча «Прынагоднае» – мастацкае люстэрка яго напружанай інтэлектуальнай працы, вынік працяглых пошукаў, назіранняў і творчых знаходак.

Кніга адкрываецца вельмі кранальным аповедам-успамінам – «Па Магілёве басанож». Аўтар прыгадвае ўласнае пасляваеннае дзяцінства, вельмі цёпла піша пра бацькоў і родных. А. Станкевіч без прыхарошвання распавядае пра жыццё ў камунальнай кватэры, тагачасную беднасць і нястачу, калі не ставала хлеба, былі перабоі з крупой і цукрам. Разам з тым, у яго памяці ўсплывае шмат светлага і маляўнічага. Ён з захапленнем згадвае забавы і гульні, цікавыя здарэнні і прыгоды, як напрыклад, вялікую паводку і велічна-дзівосны крыгаход на Дняпры, наведванне з бацькамі гарадскога свята – Дня ваенна-паветраных сіл, якое адбывалася на аэрадроме. У творы мноства цікавых назіранняў, разнастайных звестак пра Магілёў і яго ваколіцы, а таксама адметных гісторый, які выдатна перадаюць агульную атмасферу часу. Вялікае ўражанне на юнака зрабілі матчыны расповеды, а таксама ўспаміны колішніх партызан, якія часта збіраліся ў бацькоўскай кватэры.

Ва ўспамінах А. Станкевіча шмат разважанняў, важных высноў і падсумаванняў. Нельга не пагадзіцца з яго думкай, што жыццё – гэта ў значнай ступені выпрабаванне і выклік для кожнага чалавека. Вельмі карысныя яго педагагічныя парады, асабліва аб тым, як належыць ставіцца да бацькоў і сталых людзей. У творы ёсць адна цікавая дэталь, звязаная з паходжаннем аўтара. Так, А. Станкевіч вельмі шкадуе, што позна даведаўся пра ўласную прыналежнасць да шляхецкага роду «па мячу і па кудзелі», бо ў савецкі час гэта не віталася, паколькі, нібыта, «перашкаджала будаваць камунізм».

Прыватныя, на першы погляд, успаміны Алеся Станкевіча пра ўласнае дзяцінства, сталенне, набыцё жыццёвага досведу, набываюць абрысы істотнага дапаўнення, вельмі неабходнай сюжэтнай лініі ў агульнай мазаіцы сапраўднай і поўнай усенароднай гісторыі, творцамі якой з’яўляюцца людзі.

Эсэ «Пачатак прайду» адрозніваецца добрым выкладам і псіхалагізмам. А. Станкевіч выдатна перадаў душэўны стан шчаслівага бацькі.

Значную частку зборніка А. Станкевіча займаюць яго вершы ды эпіграмы. Сярод іх – каларытныя віншаванні і прысвячэнні, а таксама творы інтымнай лірыкі, патрыятычныя заклікі, вершаваныя пратэсты супраць ганьбавання мовы і культуры («Мова», «Настаўніку»).Найбольш каштоўныя ў мастацкіх адносінах вершы-прысвячэнні: «Мечыславу Грыбу», «Чыславу Сяржуку» і «Тамковічу Алесю».

Несумненную гістарычную каштоўнасць уяўляюць дакументальныя занатоўкі і навукова-публіцыстычныя творы А. Станкевіча, яго выступленні, а таксама разважанні і меркаванні па актуальных пытаннях грамадскага жыцця.

Алесь Станкевіч бясспрэчна валодае пісьменніцкімі здольнасцямі, якія варта развіваць і ўдасканаліваць, абапіраючыся найперш на класічныя традыцыі нацыянальнай літаратуры. Яго кніга «Прынагоднае» чытаецца лёгка, на адным дыханні, з захапленнем. Жадаю ёй прыемнага спаткання з дабразычлівым і спагадлівым чытачом.

Іван САВЕРЧАНКА,

доктар філалагічных навук,

прафесар

Эсэ

Па Магілёве басанож

Унуку Мікітку.


Прайшоў мой ўжо які дзень нараджэньня. Прыемная, але звыклая працэдура.

Згадалася чамусьці, што, нібы толькі некалькі дзён таму адзначылі мінулы…

Ды й увогуле, пасталеўшы, заўважаеш, што неяк мяняецца й хада часу, нібы толькі ўчора прыбралі калядную елачку, але ўжо заўтра час паклапаціцца аб новай.

А ў маленстве як доўга ж даводзілася чакаць тых Калядаў…

Відаць працуе звыклы закон са школьнай фізікі. Чым далей ад вяршыні ды бліжэй да падэшвы схілу – тым хуткасьць вышэй. І, усьведамляючы, што жыцьце пражыць яшчэ раз немажліва, шмат хто ўсёж імкнецца пражыць сваё жыцьцё яшчэ разок, ну хаця б віртуальна. На маю думку гэта і ёсьць тое, што завецца НАСТАЛЬГІЯ…

Памяць захавала пэўныя падзеі ды асобныя моманты, нават пахі ды часам вяртае нас да іх… Помніцца як татка, прыходзячы з працы, уздымаў мяне ледзь не пад столь. У яго грубых спрацаваных руках мне было ўтульна і надзейна, ад яго ж пахла бянзінам ды тытунём, ды трошку калоліся няголеныя палічкі. Дарэчы, пах бянзіну ці нейкі іншы адмысловы пах машын вабіў мяне на працягу ўсяго дзяцінства, ды й ня дзіва, татка ж рабіў шафёрам і былі ў яго карыстаньні «палутарка» – гэта грузавічок кшталту сучаснай «Газэлі», легкавік «Хорх» – гэта прабацька сучасных «Аўдзі», ды вайсковы матацыклет з люлькай «М-72», вядома ж калі-нікалі я катаўся з татам.

А яшчэ ж выразна захавала памяць пах у вясковай хаце, на радзіме продкаў у Глухскай Сялібе, калі там даставалі з печы караваі гарачага хлебу, а калі ён крыху астываў, мне даставаўся няведамы ў горадзе пачастунак – вялікі ды надзіва смачны акраец, а да яго яшчэ цэлая конаўка сырадою, як казалі, толькі з-пад кароўкі… На вёсцы я бываў ня часта, але з вялікай ахвотай, надта ж там шмат было цікавага гарадскому падшыванцу…

З таткам


Бадай шчэ ня было мне чатырох год, калі будучы у сваякоў у вёсцы Паплаўшчына, я дзівіўся, што па хаце гуляюць куры, што сабакі ня крыўдзяць катоў, што каля хаты на дрэве нейкае вялізнае збудаваньне, гэта бусьлянка і там жывуць дужа вялікія і прыгожыя птушкі – буслы. А калі па вёсцы вяртаўся з пашы статак, дзе разам былі і каровы, і козы, і авечкі, і сабакі, дык гэта быў мой першы заапарк. А як жа я напалохаўся, калі аднойчы да ганку, адкуль назіраў за дэфіладай з пашы, падыйшлі пара кашлатых невядомых мне жывёлаў ды, гледзячы на мяне, пачалі ці то раўсьці, ці мычэць, а былі то звычайныя авечкі…

Мой жа пляменьнік, нават маладзейшы за мяне на год, Лёнька Абакановіч, ускочыў адной з іх на сьпіну, учапіўся рукамі за поўсьць і, як сапраўдны вершнік, паехаў па вуліцы…


.

Блізка майго гораду Магілёву на Дняпроўскім поплаве, ля чыгуначнага мосту і зараз ёсьць вёска Палавінны Лог, жыла ў ёй з дзецьмі ды ўнукам старэйшая сястра маёй маці, мая цётачка Фруза. Да яе на госьці мы з бацькамі выпраўляліся пешкі, ідучы па Паднікольлі ўздоўж Машэкавай гары і даводзілася нам пераходзіць чыгуначны пераезд. Шлагбаум звычайна быў зачынены, дык бацькам прыходзілася пад яго нахіляцца напалам, каб прайсьці, тое ж рабіў і я, а яны ж з мяне сьмяяліся, бо я, нават падняўшы рукі не дастаў бы таго шлагбаўму… Але ж бацькі падавалі прыклад.

Па калгасах тады заробкаў не плацілі, замест грошай налічваліся «працадні», а выжываць мусілі з уласнае гаспадаркі, гэта было прыгоннае права бальшавікоў. Горад, з яго крамамі, быў побач, таму многія імкнуліся прадаць месьцічам свойскага малачка, яек, тваражку, ці якой садавіны, гародніны, вядома ж гэта адрывалася ад сябе ды свіх дзетак Але, атрымаўшы якую капейчыну, можна было нешта неабходнае набыць з адзежы, які танны абутак ці лекі. Звычайным было, што ўлетку амаль усе сяляне хадзілі басанож, а вопратка мужчынская, з большага, была спрэс жаўнерская, гімнасьцёркі, галіфэ – што засталося на сабе пасьля перамогі, кірзовыя боты на нагах былі амаль раскошай. Ды вось жанчынам было складаней, бо на сукенкі, спадніцы разжыцца тканінай было вельмі цяжка, затое шырока ў побыце былі ватоўкі – савецкае вынаходніцтва, на нагах буркі, гэта самаробныя сьцёганыя з сукна ды ваты боты, замест галёшаў – бахілы, таксама самаробныя, клеяныя з аўтамабільных камераў. «Заможныя» апраналіся у плюшавыя паўпаліто. Ужо і першы у сьвеце касьмічны карабель паляцеў, а гардэроб вяскоўцаў не мяняўся, жылі як дзесяткі год раней…

Смачным успамінам нясу скрозь усё жыцьцё адзін з пачастункаў цётачкі сваёй. Аднаго разу, каб пачаставаць нас, яна на хуткім часе з градаў выцягнула каліўца шчэ недасьпелай бульбачкі, пашкрэбла яе ды адварыла, адцэдзіла, зялёнага перья цыбулі нацерушыла зверху, да таго ж дадала жменьку духмянага кропу і ўсё гэта троху паліла алеем.…. Што ж гэта была за смаката! Калі праз чвэрць веку на цешчыным лецішчы я прапанаваў гэтую ж страву сваім сынам, яны таксама былі ў захапленьні, хаця й час быў зусім іншы, ведалі яны ўжо розныя прысмакі…


Сямья нашая складалася з чатырох асобаў, гэта бацькі – Васіль ды Ганна Станкевічы, мой брат Арнольд, старэйшы за мяне на дзесяць год, ды я, званы ў маленстве Сашкам… Усім тром старэйшым давялося добра паспытаць акупацыйнага ліха. Бацькі былі у шэрагу магілёўскіх падпольшчыкаў на працягу паўтара год, Арнольду ж было чатыры-пяць год, ён мог быць толькі неад’емным закладнікам.

Але лёс быў на іх баку і, пры пагрозе арышту, яны здолелі зысьці да партызанаў, дзе і працягвалі сваю барацьбу ўжо трохі ў іншай якасьці. Калі нарадзіўся я ішоў на Беларусі ўжо трэці мірны год, тата з маці разам працавалі ў Дзяржпартархіву ЦК КПБ, пасады былі самыя ніжэйшыя, але ж кватэру бацькі атрымалі, бо тая хацінка лупалаўская, дзе яны туліліся, ў вайну згарэла. Дом, у якім мы жылі, двухпавярховы, старажытны, стяў у самым цэнтры галоўнай магілёўскай вуліцы Першамайскай, на рагу з Камсамольскім скверам, увесь першы паверх займаў вядомы колісь Дзявяты гастраном, ды з двара колькі пакояў было да часу аддадзена пад абласны Клуб глуханемых, а вось на другім жылі, з большага, супрацоўнікі вышэйзгаданага архіву.

Кватэры былі камунальныя, але нават калі і было там «38 комнаток», дык прыбіральні не было ніводнай, вадаправоду не было таксама, была электрычнасьць, але не было разетак, што давала працу мудрагелістым «вынаходнікам», якія выраблялі т.з. жулікі, каб употай красьці дзяржаўную электраэнэргію. Ацяпленьне было пячное. На камунальнай кухні, прыкладам у нас, стялі то пяць, то сем прымусаў, керагазаў, ці газовак (керасінак па-руску), калі раптам усім трэба было гатаваць, ствараліся праблемы, але скандалаў я не памятаю. Харчаваліся па сваіх пакоях, кухня была толькі працоўным месцам гаспадынь, зрэдку і нам малым выпадаў час пагуляць на ёй, іншы раз гэта было месцам перамоваў нашых бацькоў аб жыцьці…

Калі па ваду даводзілася хадзіць у суседні двор метраў за 150, то прыбіральня была амаль побач з домам, з гарбылёў зьбітая, метрах у 30, ля маленькіх, ды ўсё ж сваіх, хлявочкаў. Відаць адпаведна полавым прыкметам былі дзьве, так бы мовіць, кабінкі аднаасобныя з дзіркамі ў падлозе, ніякага асьвятленьня вядома ж не было. Гэта амаль як у кіно, не дзеля дзяцей да шаснаццаці год. Дзецям жа, а іх у нашым доме было, прызначаліся «начныя вазы».

Даруйце вымушанае захапленьне натуралізмам, але інакш не выпадае…

Ні ў садок, ні ў ясьлі я не хадзіў, гадавалі мяне маці ды вуліца. У нашым двары ды ў суседніх дварах хапала дзятвы блізкіх па ўзросьце і старэйшых. А яшчэ тады навокал было даволі шмат пакалечаных вайною інвалідаў і бязногіх, і бязрукіх, і сьляпых, і абгарэлых, большасьць з іх не працавалі, шмат хто не меў ні жытла, ні сем'яў, хто жабраваў, хто проста сьпіваўся па-ціху, але ўсё гэта ў сукупнасьці і былі мае першыя ўрокі жыцьця. Дастатак тады быў у людзей амаль роўны, мала ў каго што-небудзь захавалася з гаспадарчых рэчаў пасьля тае разбуральнай вайны. У нашай дзьвухпакаёўцы было два вакны у двор, балкон, па адной лямпачцы зьвісала на дроце са столі, ложак бацькам ды па ложку нам з братам, было тры ці чатыры зэдлікі, два самаробных сталы, ды, бадай самае каштоўнае – швацкая машынка «Зінгер». Была яшчэ радыёкропка, галоўная, не, адзіная крыніца інфармацыі. Кампутар, тэлевізар, пральная машина, ці мікрахвалевая печка, лядоўня, куханны камбайн, тэлефон, пыласос – толькі гэты маленькі пералік, які сёньня бадай кожнай сямьі па кішэні, на той час быў не толькі недасяжны, але нават назвы былі невядомыя.

З галадухі мы не паміралі, але іншы раз апроч нішчымнай адваранай бульбы нічога і паесьці ня было, тады маці выпраўляла мяне з пустым глечыкам у гародніную крамку праз скверык, там можна было задарма ўзяць гурковага рассолу з бочкі да нашае бульбы. Было гэтак не часта, мо таму і помніцца….

На той жа час крама на першым паверсе, працуючы з рана да поўначы, прапанавала ікру чорную ды чырвоную ці ў слоіках, ці то нўпрост з бочкі, а бляшанкі з крабамі ды з вантробамі траскі нават іржа прыхоплівала, але куплялі людзі больш ліверныя каўбасы, салёную рыбу, абаранкі, і, як прысмакі, цукеркі. Ды найбольш хадавыя былі «падушачкі» з павідлам у сярэдзіне.


Дом маленства і юнацтва


Жыць над крамай было нам малым карысна, бо даволі часта былі перабоі ці то з крупамі, ці з цукрам, часьцей з хлебам.

Зьбіраліся чэргі пакупнікоў, у краме ім месца не хапала, гандаль наладжвалі тады з двара, здаралася нехта і начаваў у чаканьні, а тавару давалі лімітавана, то бок на асобу ці два боханы хлебу, ці пэўную колькасьць таго, чаго там прадавалі ў адны рукі.

А людзям, асабліва вяскоўцам, трэба было і суседскія наказы выканаць, ды й ня кожны дзень на той горад выбрацца можна было. Вось тут і працавала нашая дзіцячая біржа, мы ж, знаўцы справы, толькі стаялі ў баку, а нас то адна бабулька, то другі дзядулька на сваё падмацаваньне цягнуць, ды й не задарма, капеек нейкіх там, ці нават рубель за ходку давалі, а ў той час квіток на дзіцячы сэанс у кіно, ці порцыя марозіва каштавалі блізка таго… Такі быў наш тагачасны «бізнес».…


Улетку не тольк на вёсцы, але і ў самым цэнтры гораду мае сябры з большага гойсалі басанож. Асфальт паклалі на Першамайскай ў сярэдзіне пяцідзесятых, да таго была яна колькі вякоў, бадай, брукаваная. Наш двор уяўляў цесны транспартны праезд, гуляць там было немажліва, але па суседніх дварах было больш раздольна, ды й знаёмых я заводзіў лёгка. Гулялі мы «у вайну», у хованкі, у штандара, у пікара, у чыжыка, зараз, па – навуковаму, завецца гэта рухомымі гульнямі, нават навуковыя дысэртацыі па іх абараняюць, мы ж вучыліся адзін ад аднаго…

Увесну, калі абразалі гальлё з дрэваў па вуліцах, мы ладзілі лукі, ўзімку сьлізгаліся з гарушак ды па схілах якога раўчука. З нас нехта меў санкі, нехта «казу», гэта з жалезнага прута таўстога выгіналася прылада, на якой каталіся, стоячы на адным полазе ды адштурхваючыся вольнай нагой, падобна як на самакаце ўлетку. Але больш паважалі ўладальнікаў «рулеткі». Гэта самаробная прылада звычайна з некалькіх дошак да метру даўжынёй, зьбітых разам шырынёй да паўметра, мела ззаду па рагах па адным каньку, а наперадзе, на паваротным мацаваньні ставіўся адзін канёк, ён быў кіруемы, уладальнік, лежучы, пачынаў разгон па сьлізкай гары, а на яго колькі пасажыраў заскоквала зьверху. Ну чым табе ні бабсьлей?

Неяк аднойчы, рана выйшаўшы на вуліцу ў чаканьні кампаніі, я чамусьці згадаў, што казалі, калі лізьнеш намерзлую жалезку, то салодка будзе. Лізнуў жа я металічныя парэнчы ля вітрыны крамы. Язык мой адразу ж прымерз так, што балюча стала. Пачаў я мычэць, што тыя вясковыя авечкі. На гэты лямант прыбегла дворнічыха цётка Хвеня, якая і ўратавала мяне, паліваючы парэнчы з чайніку, але скурка з языку засталася на жалезцы…

Летам жа шчасьліўцы каталіся на ровары, ды рэдкасьцю гэта было. Але, з дапамогай бацькі ці старэйшых хлапцоў, рабіліся самакаты з дошак, а коламі ў іх былі падшыпнікі.

На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара», автора Алесь Станкевіч. Данная книга имеет возрастное ограничение 12+, относится к жанрам: «Биографии и мемуары», «Публицистика».. Книга «Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара» была издана в 2019 году. Приятного чтения!