Читать книгу «Дом для адзінай» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.
image

6

Цэлы тыдзень раздумваў Міхалка, як і што мусіць растлумачыць любай дзяўчыне пра будучае жыццё. Але быў перакананы, што б ні здарылася, яны павінны быць разам, тады перамогуць усе нягоды. Калі з’явіўся ён на парозе Хрысцінінай каморы, яна ўзрадавалася, але прачытаў у яе вачах прытоенае напружанне. Напэўна, сама хвалявалася і вельмі сумнявалася, што яе чакае радаснае паведамленне.

– Як ты, Міхалачка? Змерз, пакуль дайшоў?

– Сёння не вельмі холадна, а я ішоў хутка, дык нават трохі ўгрэўся. А ты як жыла?

– Корпалася з сястрою, рыхтуемся кросны ставіць. Што ў цябе дома чуваць?

– Нічога прыемнага там няма. Сказаў бацькам, што хачу з табою пабрацца, дык маці вельмі раззлавалася, сама разумееш…

– Разумею, я нічога іншага не чакала. Шукай сабе, Міхалачка, іншую дзяўчыну, я крыўдаваць не буду. Бацькоў трэба слухацца.

– Не, Хрысцінка, я не адступлюся, пайду ўсім наперакор, будзеш ты маёю жонкай.

– Мо не варта табе рабіць такія хуткаплынныя высновы? – спытала яна. – Нельга ж варагаваць з роднымі.

– Я і не варагую, але зраблю па-свойму, толькі ты не адмаўляйся ад мяне, давай будзем разам змагацца за нашу долю.

– Любы мой, я на ўсё гатовая. Нельга нам узяць шлюб, я і без таго шлюбу буду цябе заўсёды кахаць. Не жадаюць нам людзі шчасця, няхай Бог ім даруе, а мы не маем права забіваць сваё каханне.

– Мудрая мая дзяўчынка, як я ўдзячны табе за разуменне! Каб ты ведала, як цяжка было несці гэтую навіну. Як пакутаваў цэлы тыдзень ад таго, што не магу пераламаць варункі.

– Мы зробім так, як запатрабуюць нашыя сэрцы. І ніхто нам не суддзя, толькі Бог і каханне няхай вядуць нас па жыцці, – сказала Хрысціна і прыпала да грудзей каханага.

У тую ноч, калі злосная мяцеліца гула за вокнамі і шпурляла жмені снегу ў шыбы, упершыню хлопец заначаваў у Хрысціны. Раніцай не хаваўся, а пайшоў у пакой да Куліны і сказаў усю праўду пра тое, што бацькі яму не дазваляюць ажаніцца з каханаю, таму яны вырашылі без усялякіх сватанняў і вяселляў жыць разам. Папрасіў дазволу застацца дзяўчыне ў сястры, пакуль заробяцца нейкія грошы, каб пачаць будаваць хату, бо свякруха нявестку не прыме.

– Бацькі могуць вас праклясці, – заўважыла Куліна.

– Аксіння крыўды нікому не даруе, – пацвердзіў Яўсей.

– Няхай робяць, што хочуць, я ад Хрысціны не адступлюся.

– Дай вам Бог шчасця, а я шкодзіць не буду. Сястра мая вартая добрага лёсу, але сіраціна, а ўсе свякрухі за багаццем гоняцца. Як для мяне, дык чалавек з добраю душою важней за ўсялякае багацце. З Хрысціны будзе добрая гаспадыня, усіх маіх дзяцей дапамагала гадаваць, усялякую справу рабіць умее, не пашкадуеш, што выбраў яе, Міхалка, – запэўніла Куліна.

– Дзякую на добрым слове.

Міхалка развітаўся і пашыбаваў дадому. Лёгка яму ішлося, быццам скінуў вялікі цяжар з плячэй, бо нарэшце вызначыўся з далейшым сваім жыццём, і ніхто цяпер не мог збочыць яго з абранага шляху, што б там ні было наперадзе. Толькі смерць можа разлучыць яго з Хрысцінаю. Дома хлопца сустрэла маці з папрокамі:

– Дзе ты валочышся? І не сорамна табе? Мы ўсю ноч не спалі, не ведалі, што думаць. Цяпер на свеце неспакойна, бандыты розныя па ваколіцах блукаюць.

– Цяпер я буду часта начаваць не дома.

– Чаму гэта?

– Ажаніўся я сёння.

– Як ты мог ажаніцца? Па-сабачы пад плотам, ці што? Людзі ж спачатку сватаюцца, пасля вянчаюцца ды вяселле гуляюць.

– Я таксама так збіраўся, але ж ты сказала, што Хрысціну на парог не пусціш. Вось мы і вырашылі абысціся без твайго парога, а заадно без дазволу пачаць уласнае сумеснае жыццё.

– Ганьба, вялікі грэх так рабіць! А для дзяўчыны проста недаравальна!

– Годзе табе, мама, нервавацца. Якая розніца, было ў нас вяселле ці не, абы мы шчаслівыя.

– Памыляешся! Не бачыць шчасця ні табе, ні тваім дзецям, ні ўнукам, бо ты не слухаешся і не паважаеш бацькоў, – помсліва прамовіла Аксіння. – Пракляну ўсіх!

– Ты, мама, не маіх наступнікаў праклінаеш, а сваю будучыню! Можа, якраз гэтыя дзеці будуць даглядаць цябе на старасці?

– Не будзе гэтага, не жадаю нікога ведаць і бачыць!

– Як ты думаеш, мама, ці бацькі павінны паважаць і слухаць дзяцей? Я ж чалавек, не карова і не свіння, з якою можна абыходзіцца як заўгодна. Я зрабіў свой выбар, ніхто мне не можа замяніць Хрысціну!

– А раптам расчаруешся, калі пажывеш з ёю год ці два?

– Людзям не дадзена ведаць, што іх чакае наперадзе, але я перакананы, калі адступлюся ад яе, дык ніколі сабе не дарую, не будзе мне жыцця.

– Мабыць, яна цябе нейкімі чарамі напаіла, інакш немагчыма, каб такі хлопец выбраў дзяўчыну, якая аказалася нікому не патрэбную. Колькі ёй гадоў, ці ты ведаеш? Яна ж старэйшая за нашу Гарпіну.

– А што мне яе гады, мама? Старэйшая ды разумнейшая, мудрэйшая нават.

– Як і дзе ты збіраешся жыць? За якія сродкі?

– Я з рукамі і з галавою, нешта прыдумаю.

Аксіння не вытрымала і раптам загаласіла на ўсю хату:

– Божа літасцівы! Забіў, без нажа зарэзаў, гэта ж ганьба на ўсю вёску!

Мірон быў на дварэ, пачуў крык, ускочыў у хату, спытаў ад парога:

– Што тут здарылася?

– Гэты нягоднік зганьбіў нас, спіць з Хрысцінаю, – размазваючы слёзы па твары, сказала жонка.

– Такой бяды, няхай спіць з кім хоча, – адмахнуўся Мірон.

– Ты да ўсяго абыякавы! А як дзеці пойдуць? Што тады? Калі я не хачу мець яе за нявестку, дык навошта мне яе выпладні?

Міхалка ад абурэння не палічыў патрэбным нешта адказваць маці, а ляснуў дзвярыма і выскачыў на двор. Прырода трывала зіму. Міхалка падумаў, што і яму трэба ператрываць незадаволенасць бацькоў і асуджэнне аднавяскоўцаў, блізкай і далёкай радні. Усе будуць супраць, ніхто не зычыць ім шчасця. А якая справа Міхалку да чужых думак і размоў? У адным толькі згаджаўся з маці, што трэба будзе недзе жыць, не туліцца ж у Хрысцінінай каморцы. Дзе ўзяць грошы, каб пабудаваць хату? У насельніцтва на руках сустракаліся нямецкія маркі, украінскія карбованцы, «керанкі», «царскія» рублі, апошнім сяляне давяралі найбольш. І паспрабуй разбярыся з гэтымі фінансамі. Пачаўся новы 1920 год, невядома, што ён прынясе, вайну ці мір, новую нечыю акупацыю ці хоць нейкае адноснае вызваленне, бо тэрыторыю Беларусі рвалі на кавалкі Польшча, Літва, Расія і Украіна, якраз у межах апошняй апынуліся Рэчыцкі уезд і Міхалкава вёска. Што б там ні было, калі не здарыцца вайна, трэба зарабіць на драўніну. Будучая хата ўжо стаяла ў яго перад вачамі, прыгожая, светлая, аздобленая аканіцамі, за хатаю хлеў, гумно, насупраць – павець і склеп.

7

Як толькі Дубровічы справіліся з сяўбою, Міхалка наняўся ў суседнюю вёску капаць калодзежы. Памочнікам узяў Аляксея. Цяжкая ім выпала работа, вада залягала вельмі глыбока, напакутаваліся хлопцы, пакуль дакапаліся да яе ды паставілі драўляныя зрубы. Пайшло на гэта цэлае лета з перапынкамі на касавіцу і жніво, бо тут ужо нельга было адмовіць у дапамозе бацькам. Трохі зарабіў Міхалка, але тых грошай было недастаткова, каб купіць драўніну. Заплацілі яму «царскімі» рублямі, быў усцешаны і тым. Праўда, маці хацела прыбраць сабе тыя грошы, але Міхалка адказаў, што мае свае патрэбы, таму аддаў ёй толькі Аляксееву долю. Восенню хацеў падацца ў Гомель ці Рэчыцу на заробкі да якога гаспадара, але аказалася, што Хрысціна чакае дзіця, вырашыў застацца з ёю, тым больш хапала малацьбы дома. Маці ўвесь час незадаволена бурчала, але Міхалка стараўся не звяртаць на яе ўвагі. Чым больш спрачаешся, тым больш вінаваты.

Хрысціна хадзіла на апошніх месяцах цяжарнасці, але з-за таго, што была занадта худая, дык і не вельмі выпіраўся жывот. У лістападзе нарадзіла дзяўчынку, здарылася гэта ўначы з чацвярга на пятніцу, так што пра гэтую навіну бацька дзіцяці даведаўся толькі ў суботу ўвечары, калі прыйшоў, як звычайна, каб пабыць з жонкаю да раніцы панядзелка. Ён узрадаваўся, узіраўся ў тварык немаўляці, смяяўся і казаў, што дзяўчынка падобная на яго, нават такая ж рыжанькая.

– Як жа мы назавём нашу прыгажуню? – спытала Хрысціна.

– Не ведаю, трэба прыдумаць нейкае незвычайнае імя.

– Навошта незвычайнае, не трэба, каб вылучалася дзяўчынка сярод равесніц. Яшчэ дражніцца будуць. Людзі заўсёды знойдуць прычыну, каб абгаварыць ды папляткарыць. Ішла я неяк міма нашых баб, што сядзелі на лаўцы, і чую, што кажуць у спіну: «Паглядзіце, з яйкам пайшла».

– Ты пакрыўдзілася? – спагадліва спытаў Міхалка.

– Чаго крыўдаваць? У мяне ўжо не яйка, а дзіцятка, – Хрысціна шчасліва ўсміхнулася.

– І я рады, што ўсё ў цябе добра абышлося. Трэба нам неяк узбіцца на сваю хату, хачу, каб ты была ў ёй гаспадыняю.

Хрысціна прыхінулася галавою да ягоных грудзей, сцішылася ад адчування абароненасці і еднасці, толькі спытала:

– Калі тое будзе?

– Калі будзем жывыя і здаровыя, дык усё ў нас будзе.

Паведамленне пра тое, што Хрысціна нарадзіла дачку, страшэнна раззлавала Аксінню. Яна бэсціла сына, ягоную нявенчаную жонку і немаўля, казала, што гэтая падзея зняславіла іхнюю сям’ю, што ніколі не прыме нявестку, не пагодзіцца называць дзіця ўнучкаю.

– Не трэба мне такой радні! – крычала яна. – Скажы ты, Мірон, сваё мужчынскае слова, – патрабавала яна ад мужа.

А той толькі пасміхнуўся сабе ў бараду і адказаў:

– Аксіння, зразумей, што дзіця назад не запхнеш, нарадзілася і няхай жыве. Калі Бог даў яму жыццё, дык для нечага гэта яму спатрэбілася. А таму, думаю, не нам з табою вырашаць, каму нараджацца і жыць на свеце.

– Заўсёды ты гатовы ўсялякі ўчынак Міхалкі апраўдаць!

– А што ён такога дрэннага зрабіў? Дзіця змайстраваў? Дык усе людзі гэтым займаюцца. Вырас наш хлопец, дзякаваць Богу!

– Не магу! Не магу трываць, што мне рабі-і-іць, куды падзецца ад ганьбы-ы-ы? Што людзі скажуць? – Аксіння сарвала з галавы хустку і загаласіла.

Матчын лямант рваў душу Міхалку, таму палічыў за лепшае сысці з хаты. Паплёўся на гару, дзе стаялі голыя дрэвы, галінкі бездапаможна хісталіся ад ветру, які сёння дзьмуў з усходу і здаваўся непрыемна пранізлівым. Зямля чакала зіму, каб акрыцца снегам і не выглядаць такой беднай і знядоленай, а снег пазніўся, хмары нізка апускаліся, здавалася, ператвараліся ў туман. Аглядаючы гару, заўважыў, што нехта выкапаў яму з чырвонаю глебаю, сцяміў, што і сам можа тут накапаць гліны для росчыны, калі будзе класці печ. Міжвольна ўвесь час думаў пра хату, якая пакуль яшчэ існавала толькі ў ягоных марах.

8

Хрысціна прапанавала назваць дачку Капіталіную, такое імя насіла яе бабуля, якая пражыла шмат гадоў, была добраю і спагадліваю, нават чытаць умела.

– Нейкае вельмі рэдкае імя і доўгае, – заўважыў Міхалка.

– Можна будзе зваць дзяўчынку Капаю, а яшчэ лепш Калінаю, Калінкаю…

– Бадай, Калінка гучыць прыгожа, – пагадзіўся ён, схіляючыся на дачкою і злёгку кранаючы яе пяшчотную шчочку.

– Што ў цябе дома чуваць? – спытала Хрысціна.

– Нічога асаблівага, не звяртай увагі. У нас з табой сваё жыццё. Пражывём яго, як палічым патрэбным. Летам мне зноў давядзецца наймацца на нейкую працу, каб зарабіць грошай на хату, прабач, што вымушаны буду сноўдацца недзе па чужых вёсках, але іншага выйсця няма.

– Не турбуйся, калі што спатрэбіцца, мне сястра дапаможа. Ды і сама ўжо маю вялікі вопыт па выхаванні пляменнікаў.

– Добра хоць тое, што быццам войны скончыліся, хоць Саветы са сваімі харчразвёрсткамі людзям спакою не даюць, але ў нас з табою пакуль браць няма чаго.

– Калі ж мы дажывём да ўласнай гаспадаркі? Вельмі ж я стамілася ад жыцця ў сям’і сястры, хоць Куліна і добра да мяне ставіцца.

Міхалка абняў яе за плечы, пацалаваў і суцешыў:

– Абавязкова дажывём, не сумнявайся, трэба толькі трохі пачакаць.

– Яўсей быў у воласці і чуў там, што з вясны беднякам будуць зямлю наразаць. А ў нас наогул нічога няма, пайду і я, трохі счакаўшы, у воласць прасіць які пляц пад хату.

– Атрымаць надзел зямлі было б добра, не хочацца да бацькоў звяртацца. Трэба спрабаваць жыць самастойна.

– Я таксама лічу, бо мне няма на каго разлічваць.

– Не бядуй, Хрысцінка, усё будзе добры. Немцы адкаціліся, палякі адышлі, нейкі Булак-Балаховіч аб’явіўся, дык і таго прагналі. Можа, нарэшце пачнецца мірнае жыццё. Гэта ж пяць гадоў бясконцай калатнечы. Б’юцца за ўладу і зямлю, а не думаюць, што чалавеку няшмат трэба, абы сабе на хлеб зарабіў, а як памрэ – наогул двума квадратнымі метрамі абыходзіцца.

Міхалка абняў жонку прытуліў да сябе, такую жаданую і ласкавую, сказаў:

– Пабуду з вамі колькі дзён, хоць дома заўсёды праца кіпіць. Бацька кошыкі пляце, маці кросны паставіла, малой Тані пасаг рыхтуе.

– А я лайдачу.

– Ты чалавека гадуеш, будзе табе памочніца, як падрасце.

Хрысціна, не адкладаючы, пасля Каляд сабралася ў воласць і вярнулася задаволеная, паказала паперу, згодна з якой ёй выдзелілі трыццаць сотак зямлі.

– Малавата, – пачухрыў патыліцу Міхалка, – але гэтай зямлі хопіць, каб хату збудаваць і бульбу пасадзіць.

– Каб атрымаць больш, трэба ўступаць у арцель, – патлумачыла Хрысціна. – А які з мяне арцельшчык з малым дзіцем?

– Не трэба спяшацца, тая арцель сёння ёсць, а заўтра няма. У цябе дзіця, а мне трэба на заробкі выпраўляцца. Дзе выдзелілі нам зямлю?

– Каля Архіпа, будзем мець багатага суседа, – задаволена адказала Хрысціна.

– У Чаплічах, на самы краю вёскі! Выдатна, люблю, каб было вольна, – радасна адказаў Міхалка. – Над Дняпром – улюбёныя мае мясціны. Да агарода яшчэ і падгор’е, быццам, даецца ў прыдачу.

– Бачыш, Бог нам спрыяе!

– Як цябе ў воласці прынялі?

– Расказала ім, што я сірата, тулюся ў сястры, а муж з бацькамі жыве, няма дзе нам галавы прыхінуць, хочам сваю хату збудаваць. Яны ўзбадзёрыліся і кажуць, маўляў, беднякам мы даём зямлю ў першую чаргу. Так справа і вырашылася.

– Малайчына ты ў мяне, ведаеш, што трэба начальству сказаць. Я, мабыць, не сабраўся б з думкамі. Паклала добры пачатак, цяпер мне трэба пастарацца, каб здзейсніць нашу мару.

Як толькі знайшоў Міхалка вольную часіну, змайстраваў з дзвюх тычак «казу», якою мераюць плошчу, узяў некалькі вешак і пайшоў глядзець свой пляц. Радасць панавала ў душы, што тут ён будзе самастойным гаспадаром. Забіў першую вешку каля Архіпавага плота, яна лёгка ўвайшла ў зямлю, яшчэ не надта замерзлую, ледзь прыцярушаную снегам. Прайшоўся з «казою» ўдоўж поля, пасля – упоперак, затым – зноў удоўж. Ставіў вешкі і адразу прыкідваў, дзе будзе стаяць хата, гумно, хлеў, павець, дзе закладзе садок, пасадзіць бульбу, трохі пшаніцы на першы абыходак, ячменю на крупы. Пляц можна было засеяць ужо вясной, а гэта асабліва радавала, што ягоная сямейка будзе мець уласную бульбу. Міхалку ўбачыў Архіп, выйшаў на крываватых нагах, абутых у валёнкі, павітаўся і спытаў:

– Зямлю атрымаў?

– Так.

– Добра вам, цяперашнім лайдакам, зямлю за так даюць, а мне за кожную пядзю плаціць давялося, – незадаволена прабурчаў у бараду будучы сусед.

– Што зробіш, дзядзька Архіп, калі такі закон выйшаў, зямлю цяпер нельга купіць, бо яна дзяржаўная. Атрымаў трыццаць сотак, будуй хату, жыві як здолееш.

– Хачу нагадаць табе, Міхалка, што тут, па маім агародзе, якраз праходзіць мяжа паміж двума паветамі, каб не атрымалася так, што не той табе надзел далі.

– Дзякую за падказку.

– Памагай Бог, будзь здаровы, – адказаў Архіп і патупаў да свайго двара.

Міхалка адчуў, што сусед не надта задаволены з’яўленнем у недалёкім часе тут новай сядзібы. Можа, меў намер далучыць да свайго агарода гэтыя соткі? «Чаму я павінен прыслухоўвацца да чужых жаданняў і пачуццяў? Я не ўкраў гэтую зямлю і ні ў кога не забраў. Мне яе далі, буду карыстацца», – падумаў ён, выйшаў на гару, паўзіраўся ўдалячынь, дзе за Дняпром туманіўся далягляд, усё было размытае і няпэўнае.

1
...
...
8